Мне было вельмі прыемна атрымаць у падарунак кнігу вядомага беларускага празаіка, публіцыста, літаратуразнаўца Уладзіміра Саламахі пад назвай «Усё адтуль, дзе Радзіма». Чытала гэты зборнік літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі і адчувала побач годнага суразмоўніка, які не толькі параіць, на якіх аўтараў звярнуць увагу, што пачытаць, але і дапаможа далучыцца да іх біяграфій, крыніц і карэнняў, што натхнілі на літаратурную творчасць.
Народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, радзімазнаўца Алесь Карлюкевіч, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Казімір Камейша, Янка Сіпакоў, Зіновій Прыгодзіч, Алена Стэльмах, Алесь Казека… Гэта далёка не поўны пералік нашых суайчыннікаў-сучаснікаў, чые творы аналізуе Уладзімір Саламаха. Паглыбіцца ў творчую лабараторыю кожнага пісьменніка, прадстаўленага ў кнізе, аўтару дапамаглі шматгадовыя стасункі з гэтымі людзьмі, сумесныя сустрэчы з чытачамі і вандроўкі па роднай зямлі. Падзяляю думку Уладзіміра Пятровіча:
«…сапраўдныя пісьменнікі, гаворачы пра сваё, заўсёды выходзяць на наша агульнае. Як, скажам, наш вялікі Іван Мележ… Мудрыя, зычлівыя, памяркоўныя, працалюбівыя беларусы — гэтую адметнасць нашага народа адзначаюць у свеце…» Так, нашы продкі заставаліся людзьмі ў любых сітуацыях.
Уразіла, што ў гэтым зборніку Уладзімір Саламаха, нібыта кнігу, раскрывае перад чытачом сваю душу: дзеліцца ўласнымі поглядамі, меркаваннямі пра пройдзеныя яго землякамі, усім беларускім народам выпрабаванні ў розныя часы. Пісьменнік, ураджэнец Кіраўскага раёна Магілёўшчыны шмат працаваў як аўтар, рэдактар, укладальнік многіх рэспубліканскіх дакументальных і літаратурных выданняў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, яе ўдзельнікаў — франтавікоў, партызан, дзяцей вайны, вязняў нацысцкіх канцлагераў. Уладзімір Пятровіч цытуе радкі з кнігі Міколы Маляўкі «Сланечнік», адзначанай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як найлепшая кніга паэзіі 2019 года: «Не дай мне Бог бяспамятным застацца, // Забыць дарогі ўсе і назвы станцый. // За памяццю іду я — след у след, // Каб дарагіх людзей пачуць, убачыць: // Мінулае — той запаветны свет, // Дзе за дабро яшчэ не позна
дзячыць».
Пра вайну сёння пішуць ужо тыя пісьменнікі, якія самі яе не перажылі, але чулі ў свой час скупыя аповеды бацькоў. Пагаджаюся з аўтарам, што «асэнсаванне патрабуе грамадзянскай сталасці, якая даецца з жыццёвым вопытам, і тут патрэбна ва ўсім дакладнасць — і фактычная, і, калі хочаце, псіхалагічная».
Уладзімір Саламаха робіць уласныя высновы, якія падзяляю і я як чытач яго кнігі, грамадзянка Беларусі. Сапраўды, «спробы нашых „зычліўцаў“ сказіць, ачарніць, забраць ад нас ратныя справы продкаў — марныя. Бо ў нас ёсць агульнанародная памяць. А яе перамагчы немагчыма».
Гэтая думка праходзіць чырвонай ніткай і праз творчасць вядомага празаіка, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніка Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзіміра Гаўрыловіча.
У раманах «Па веры вашай», «Не сварыся з нябёсамі», а таксама аповесцях «Святая Параскева», «Пад покрывам нябёсаў» і іншых чытачы, як і ў творчасці яго даўняга сябра, літаратурнага настаўніка Уладзіміра Саламахі, адкрываюць для сябе пазнакі-арыенціры ў жыцці.
Уладзімір Саламаха адзначае асноўныя напрацоўкі і пісьменнікаў Гомельшчыны, якіх ужо няма з намі. Справядліва называе артыкул пра Васіля Ткачова «Даследчык беларускага характару», падкрэсліваючы, што па творах Васіля Юр’евіча, асабліва па яго п’есах, можна вывучаць беларусаў.
Сапраўдны пісьменнік-грамадзянін Ізяслаў Катляроў, з якім Уладзімір Пятровіч пазнаёміўся яшчэ ў маладосці, ніколі не ўяўляў сябе, сваёй творчасці без роднай Беларусі. Колькі зроблена ім па ўвекавечанні народнага подзвігу! А пра ўласна перажытае падлеткам Ізяслаў Катляроў пранікнёна напісаў у аповесці «Побег из детства». Яе нельга чытаць, не суадносячы з лёсам самога Ізяслава Рыгоравіча, які стаў сведкам гібелі сваіх сяброў-равеснікаў, які 9 мая 1945 (!) страціў маці. Так, менавіта «ў гэтым асэнсаванні свайго і чужога галоўны герой Лёшка вельмі рана прыходзіць да недзіцячага разумення свайго чалавечага прызначэння — дапамагаць іншым, нават рызыкуючы сабой».
А муза, жонка паэта Ізяслава Катлярова — Соф’я Шах… Яе радкамі і назваў свой зборнік Уладзімір Саламаха, як бы зазначаючы адзінкавасць, рэліктавасць такога санетнага таленту ў нашай краіне. Соф’я Мікалаеўна — аўтар кнігі «Дыядэмная споведзь», адзіная ў Беларусі паэтэса — аўтар вянкоў санетаў. Не можа не крануць сэрца такое прызнанне творцы: «Дазволь тваёй заступніцаю быць, мая ты яснаціхая Радзіма».
Фармулюючы асноўныя матывы лірыкі нашага слыннага паэта-земляка Міхася Болсуна, ганаровага грамадзяніна Чачэрскага раёна, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Уладзімір Саламаха жыццёва-праўдзіва акцэнтуе: «Уся паэтычная творчасць Міхася Болсуна напоўнена жыццём. З усімі яго адценнямі, дзе мяжуюцца трывога і радасць, але заўсёды — з імкненнем да дабрыні». І з лёсаў такіх творцаў, з радкоў іх вершаў, бы з пазлаў, складваецца яркая, непаўторная ў свеце наша Радзіма — Беларусь, яе гераічны працалюбівы народ.
Тамара КРУЧЭНКА