Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі” на працягу лютага-сакавіка праводзіць дабрачынную праваслаўную акцыю “Падорым дзецям сустрэчу з кнігай!”. Акцыя праводзіцца па блаславенні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана.
Падзея прымеркавана да Дня праваслаўнай кнігі: гэтае свята адзначаюць усе праваслаўныя епархіі штогод 14 сакавіка, пачынаючы з 2011 года.
Нагадаем: 14 сакавіка (1 сакавіка па старым стылі) 1564 года ураджэнцамі беларускіх зямель дыяканам Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам выдадзена першая друкаваная кніга ў Маскоўскім царстве — «Апостал». Традыцыйна ў лютым-сакавіку на базе ўстаноў адукацыі, бібліятэк, храмаў і нядзельных школ Гомеля і рэгіёна пройдуць сустрэчы з праваслаўнымі пісьменнікамі, семінары, кніжныя выставы, краязнаўчыя ўрокі, конкурсы чытальнікаў, квэсты.
Па ініцыятыве маладых аўтараў Гомельшчыны – членаў Абласнога літаб’яднання “Слова” пры ГАА “СПБ”, падтрыманай дэпутатам Беларускага Парламента Уладзімірам Гаўрыловічам, сабраныя ў час акцыі кнігі для дзяцей і юнацтва з аўтографамі аўтараў будуць перададзены для папаўнення бібліятэчкі гематалагічнага аддзялення для дзяцей Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.
Дарэчы, сёлета гэтая ўстанова адзначае сваё 20-годдзе. Цэнтр з’яўляецца галаўной арганізацыяй па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву, якое пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС, і па навуковым забеспячэнні Дзяржаўнай праграмы Рэспублікі Беларусь па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА «СПБ».