У Дзень беларускага пісьменства ўрачыстасці з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання праходзілі не толькі ў старажытным Полацку, але і ў рэгіёнах. Вялікае запамінальнае свята падрыхтавала Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, раённае аб’яднанне прафсаюзаў у садружнасці з сістэмай культуры раёна і мясцовымі уладамі, запрасіўшы ў раённую бібліятэку ў вёску Бярозкі літаратараў з Расіі, Украіны і Беларусі.
Прынамсі, падзея адбывалася ў межах Дэкады сучаснай беларускай літатаруры ў Гомельскай вобласці, прымеркаванай да юбілею беларускага кнігадрукавання, што праходзіць у Гомелі з 30 жніўня па 9 верасня. У госці да вяскоўцаў прыехалі вядучыя мастакі слова рэгіёну, маладыя чарнігаўскія літаратары і прадстаўнічая дэлегацыя дырэкцыі Міжнароднага фестываля моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы” з Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці. Вясковыя аматары мастацкага чытання сустракалі пісьменнікаў хлебам-соллю, прывітальнай песняй і захапляльнай танцавальнай кампазіцыяй.
Распачала сустрэчу старшыня Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікторыя Ладуцька, якая павіншавала прысутных з Днём беларускага пісьменства і перадала рэй Уладзіміру Гаўрыловічу, старшыні абласнога аддзялення СПБ.
Кіраўнік пісьменніцкай сям’і Гомельшчыны шчыра падзякаваў вяскоўцам, якія, нягледзячы на нядзельны дзень, прыйшлі на вечарыну, падзяліўся ўражаннямі ад наведвання старажытнага Полацка, які пісьменнікі вобласці наведалі 2 верасня, распавёў пра творчыя праекты аддзялення, у тым ліку – з расійскім бокам.
Творчая вечарына мела тэматычную скіраванасць славянскага яднання і міру. Так, дырэктар Міжнароднага фестывалю моладзевай паэзіі і перакладаў, член Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі Леанід Север, звяртаючыся да гледачоў, распавёў пра станаўленне растоўскага літаратурнага фестывалю, які, дарэчы, каранёва распачынаўся на беларускай зямлі і на працягу 6 гадоў нясе слова міру і дружбы, што прыцягвае ўжо тысячы людзей. За гэты перыяд выдадзена больш паўсотні цікавых кніг сталых і маладых аўтараў, пры чым прэзентацыі ладзіліся як у Расіі, так і на Гомельшчыне, у Мінску. Цікава тое, як перакананы расійскі аўтар і славянскі падзвіжнік, што такім чынам нашы народы становяцца бліжэй духоўна, як і павінна быць, як было на працягу стагоддзяў. Прычым, у межах праекта беларусы перакладаюць творы расійскіх калег на сваю родную мову, а расіяне з беларускай на рускую. І ў гэты творчы працэс уключаецца ўсё больш людзей, якія дасканала ў выніку авалодваюць роднымі мовамі, як з беларускага, так і з расійскага боку. Цікавасць да праекта стала праяўляць і ўкраінская творчая моладзь. Унікальная з’ява для пастсавецкай прасторы!
Цікавая сустрэча ў Гомельскім раёне яшчэ і з таго пункту погляду, што менавіта дзякуючы творчым кантактам паэтаў тры гады таму гэты раён і Няклінаўскі раён Растоўскай вобласці сталі пабрацімамі. А сёлета на Растоўшчыне расчыніць перад чытачамі дзверы бібліятэка імя ўраджэнца Гомельшчыны, народнага паэта Беларусі Івана Мележа. Што ж, сапраўды плённае і дзейснае супрацоўніцтва на ўзроўні літаратурным і культурным. А цяпер яно будзе наладжана і на прафсаюзным узроўні, як адзначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікторыя Ладуцька, уручаючы ўзнагароды расійскім творцам і кіраўніцтву раёна-пабраціма. Дзеля гэтага прымаюцца канкрэтныя захады, і такое супрацоўніцтва можа быць карысным і плённым. Спадзяецца на развіццё творчых кантактаў з мастакамі слова Расіі і Украіны і старшыня Улукаўскага сельвыканкама Жанна Бізня. Не выключана, што такія культурна-асветніцкія дзеі на тэрыторыі буйнога сельсавета будуць штогоднімі.
На вечарыне “Славянскае поле” выступілі як прафесійныя паэты, так і пачынаючыя аўтары. Так, гомельская моладзь хораша заяўляе пра сябе ў літаратуры. Напрыклад, са сваімі паэтычнымі спробамі хораша выступіў малады паэт Фёдар Бусел, які напярэдадні атрымаў Гран-пры Форума маладых літаратараў, што перад Днём белпісьменства адбыўся ў Гомелі ўпершыню, і выдадзеную Гомельскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі яго аўтарскую кніжку “Дождж”. Ад цікавага маладога паэта не адступае і ўкраінка Кацярына Бабарык з Чарнігава, якая атрымала спецыяльны прыз гомельскага форуму. Трэба было чуць у яе выкананні аўтарскую песню аб сваёй Радзіме!
Дарэчы, ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі чытачам раённай бібліятэкі была падорана вялікая бібліятэчка кніг, а сумеснае свята, арганізаванае пісьменнікамі, прафсаюзамі і мясцовымі культработнікамі ў Дзень беларускага пісьменства завяршылася песнямі мясцовага мастацкага калектыву, вершаванымі радкамі ў гонар дружбы і добрасуседства. Гэта было вельмі прыгожа, нават сімвалічна, што ў нацыянальнае беларускае свята разам гучалі беларуская, руская і ўкраінскія мовы.
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення СПБ










