
Па запрашэнні Міністэрства адукацыі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч выступіў у Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Тут на працягу пяці дзён праходзілі інтэлектуальныя спаборніцтвы — заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Звяртаючыся да 110 юных мовазнаўцаў і іх настаўнікаў, парламентарый і пісьменнік адзначыў, што родная мова з’яўляецца фундаментам беларускай нацыі, яна дадзена нам у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў.
Уладзімір Гаўрыловіч пахваліў старшакласнікаў з усёй Беларусі за тое, што яны шануюць наша сапраўднае нацыянальнае багацце, і на алімпіядзе паказалі трывалыя веды, а таксама цёпла падзякаваў за сапраўды падзвіжніцкую працу настаўнікаў-моваведаў.
Лепшыя вучні атрымалі ўзнагароды і кнігі з аўтографам пісьменніка, новыя творы пісьменнікаў Гомельшчыны.
Прэс-служба ГАА ГА “СПБ”