Выдатна выступіла дэлегацыя Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на XXXI Дні беларускага пісьменства ў гасцінных Івацэвічах Брэсцкай вобласці.




Літаратары Гомельшчыны на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным дзеячам культуры краіны Уладзімірам Гаўрыловічам прадставілі на тэматычнай пляцоўцы “Слова пісьменніка” літаратурна-музычны спектакль “Мы з краю Палескага, нашчадкі святога Кірылы”.
Жыхары Івацэвічаў і госці сталіцы Дня беларускага пісьменства пачулі пра традыцыі пісьменства на Гомельшчыне, пра шматгранную дзейнасць абласной пісьменніцкай арганізацыі па папулярызацыі кнігі і чытання.
Гэтаксама былі прэзентаваны новыя выданні абласнога аддзялення СПБ: “Літаратурная Гомельшчына-2024”, “Літара”, а таксама зборнік перакладаў каўказскіх паэтаў на беларускую мову “Мір Каўказу”.
Са сваімі паэтычнымі і празаічнымі творамі, прысвечанымі 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, запамінальна выступілі лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Тамара Кручэнка, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Наталля Шастакова, а таксама пераможцы шэрагу творчых конкурсаў краіны і рэгіёна Таццяна Маісеева ды Людміла Яськова.
З цікавымі канцэртнымі нумарамі – патрыятычнымі песнямі на словы гомельскіх паэтаў выступіў член Абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні СПБ, музыка і выканаўца, лаўрэат многіх конкурсаў Віктар Задарожны.
– Сапраўды прыгожай зараз выглядае сталіца ХХХI Дня беларускага пісьменства: тут адноўлены кіламетры дарог, адноўлены фасады дзясяткаў дамоў, з’явілася новае медабсталяванне для жыхароў раёна, шмат новых арт-аб’ектаў… Гэтыя змены былі б немагчымымі, калі б у краіне не было міру, калі б для стваральнай працы людзей не было створана ўмоў нашай дзяржавай. Зразумела, тады б такой шырокай фінансавай падтрымкі на гэтыя, вельмі важныя мэты не было б, — канстатаваў на свяце дэпутат парламента Уладзімір Гаўрыловіч.
– Важна, каб усё зробленае зберагалася і памнажалася. Уся гэтая прыгажосць пасля галоўнага культурнага мерапрыемства краіны застанецца вам, паважаныя жыхары. Любіце, працягвайце аздабляць свой родны горад, дасягайце новых эканамічных поспехаў і творчых вышынь, как вамі ганарылася ўся краіна,
– падкрэсліў у сваім звароце да месцічаў парламентарый.
Гэтаксама як беларускі пісьменнік У.Гаўрыловіч прэзентаваў чытачам райцэнтра свае новыя раманы “Па веры вашай…” і “Любі бліжняга свайго…”, запрасіў іх на асветніцкія восеньскія форумы на Гомельскае Палессе, якія ён арганізоўвае пра падтрымцы сваіх землякоў і ўладаў з 4 па 8 верасня.
Цёплае слова пісьменнікаў запала ў сэрцы месцічаў. Літаратараў Гомельшчыны жыхары Івацэвічаў цёпла падзякавалі за выдатнае лірычна-музычнае свята жыхары Івацэвічаў, адзначыўшы прама са сцэны: “Мы даўно не чулі і не бачылі такога пранікнёнага, рознатэматычнага свята-канцэрта, які нам падрыхтавалі вы, дарагія палешукі!”
У час працы творцаў у Івацэвічах адбыліся іх творчыя сустрэчы з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом, народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч і народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком. Сёння творчыя сустрэчы парламентарыя і яго калег па пяры працягнуцца.
Дар’я ЖЫРОЎСКАЯ, прэс-служба ГАА АА «СПБ»