
Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч – беларускі празаік і публіцыст. Нарадзіўся 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Закончыў філалагічны факультэт, аддзяленне журналістыкі факультэта грамадскіх прафесій Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Вятчынскай сярэдняй школы, дырэктарам Бялёўскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №2 г. Жыткавічы. З 1997 года ўзначаліў калектыў жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе”. У снежні 2005 года абраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Выдатнік друку Беларусі.
Член творчых аб’яднанняў – Беларускага саюза журналістаў (1998) і Саюза пісьменнікаў Беларусі (2000). Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1998), літаратурнага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі і газеты “Звязда”(2000), абласнога літаратурнага конкурсу імя асветніка Кірылы Тураўскага (2007). Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы твор у галіне прозы за кнігу “Плата за каханне” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2007). Лаўрэат расійскай літаратурнай прэміі памяці паэта Мікалая Мельнікава (2009, Масква). Лаўрэат абласных публіцыстычных конкурсаў (2009-2010 гады).
Уладзімір Гаўрыловіч – аўтар кніг: “Споднія яблыкі” (Мазыр, 1999), “Дзе над горадам лунаюць буслы” (Мазыр, 2000), “Забранае шчасце” (Мінск: Вытворча-выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Дом прэсы”, 2001), “Глыбокія карані” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2001), “На варце – днём і ноччу” ( Мазыр, КПУП “Калор”, 2001), “На мяжы” ( Мазыр, КПУП “Калор”, 2003), “Плата за каханне” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2007), “Крокі па роднай зямлі” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2005), “Адкрый сваё сэрца” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2006), “Запах черемухи” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2007), “Запрашэнне. Eingeladen! Приглашение. (Ааргау, Швейцарыя, 2007), “Вяртанне” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2008). У 2010 годзе выйшлі з друку два тамы выбраных твораў: раманы, аповесці, апавяданні, п’есы (Мазыр, КПУП “Калор”, 640 стар.) У 2013 годзе ў выдавецтве «Харвест» (Мінск)выйшла з друку кніга прозы «Цяпло маладзіка» (раман, аповесці, п’есы), а ў 2014 годзе ў выдавецтве «Звязда» новая кніга прозы «Анёлак мой, Анёлак». У 2013 годзе аўтару ўручана абласная літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага (заснавана Гомельскім аблвыканкамам) і выдадзена кніга «Скажы, што кахаеш…».
Пісьменніка цікавіць гісторыя роднага краю, краязнаўства. У сваіх мастацкіх творах ён звяртаецца да падзей мінулых дзесяцігоддзяў. Так, падзеі вядомага рамана Уладзіміра Гаўрыловіча “Забранае шчасце” адбываюцца на жыткавіцкім Палессі, каля балотнага Князь-возера, у 30-ыя гады ХХ стагоддзя – час карэнных грамадскіх перамен. Як лічыць аўтар, у гэтага часу была свая неаспрэчная праўда, якая вяла да трагічнай, непазбежнай гібелі адных, хто быў не згодны з ломкай жыцця ці не паспеў да яе прыстасавацца, і да неўміручай, не менш страшнай, маральнай пагібелі другіх, хто інакшага выбару, як падпарадкавацца не бачыў.
Уладзімір Гаўрыловіч – ініцыятар правядзення ў Гомелі і вобласці міжнародных свят “Славянскія літаратурныя дажынкі”
Творы празаіка займальныя, арыгінальныя, напісаныя з пазіцыі сучаснасці. Піша ў розных жанрах – надрукаваў два раманы, некалькі аповесцяў, апавяданняў. Аўтар двух гістарычных п’ес, якія пастаўлены на школьных сцэнах Гомельшчыны. Рэдагаваў калектыўны зборнік аўтараў Жыткавіцкага краю “Натхненне
(Мазыр, КПУП “Калор”, 2004), пісьменнікаў Гомельшчыны “Натхненне. Вдохновение” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2007), укладальнік-рэдактар пяці альманахаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” “Літаратурная Гомельшчына”, рэдактар многіх аўтарскіх прац і кніг.
Узнагароджаны трыма дзяржаўнымі медалямі (за педагагічную, грамадскую і творчую дзейнасць), граматамі Міністэрства інфармацыі Беларусі, а таксама рэспубліканскіх і абласных структур адукацыі і культуры.
Друкуецца ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, “Беларуская думка”, іншых выданнях, а таксама ў перыядычным друку Расіі, Украіны. Асобныя творы перакладзены на рускую і ўкраінскую, нямецкую і англійскую мовы.
18 снежня 2014 года кіраўніцтвам беларускай дзяржавы ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
