3 красавіка па ініцыятыве члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча, пры падтрымцы Бранскай і Гомельскай абласных бібліятэк, рэгіянальных аддзяленняў пісьменніцкіх арганізацый адбыўся міжнародны тэлемост, які аб’яднаў дзеячаў культуры, пісьменнікаў, работнікаў бібліятэк Мінска, Бранска і Гомеля, а таксама чытачоў – ураджэнцаў Беларусі і Расіі, якія пражываюць у суседніх абласцях дзвюх дзяржаў. Мерапрыемства было прысвечана Дню яднання народаў Беларусі і Расіі і знакавай блізкай падзеі ў жыцці Саюзнай Дзяржавы – 80-годдзю Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

– Дзень яднання двух брацкіх народаў сімвалізуе згуртаванасць, у аснове якой ляжаць шматвяковыя традыцыі дружбы і духоўныя сувязі. Нашы дзяды разам перамаглі ў самай страшнай і кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя. Амаль тры дзесяцігоддзі мы будуем Саюзную дзяржаву, і менавіта братэрскі саюз дазваляе пашыраць эканамічныя сувязі нашых дзяржаў, умацоўваць гуманітарнае і культурнае супрацоўніцтва, – падкрэсліў парламентарый, звяртаючыся да ўдзельнікаў тэлемоста.
Як адзначыў далей Уладзімір Гаўрыловіч, значныя поспехі, мноства сумесных праектаў і новыя гарызонты дэманструюць работнікі культуры прымежных Гомельскай і Бранскай абласцей. Так, у адной звязцы ўзаемадзейнічаюць абедзьве абласныя бібліятэкі і аддзяленні Саюзаў пісьменнікаў дзвюх краін. Толькі за апошнія гады выпушчаныя сумесныя літаратурныя зборнікі, праведзены шэраг акцый і ажыццёўлены шматлікія праекты. Назапашаны вялікі вопыт правядзення мерапрыемстваў па папулярызацыі патрыятычнай кнігі і чытання сярод насельніцтва і знаёмства чытачоў з лепшымі ўзорамі літаратуры брацкіх народаў. І гэтая праца будзе працягвацца надалей.
У прыватнасці, парламентарый і пісьменнік абвясціў аб правядзенні IV Міжнароднага літаратурнага конкурсу паэтычных перакладаў » Беларусь – Расія. Сожскія Берагі дружбы » імя Л.Ю. Севера ў рамках Міжнароднага фестывалю-свята «славянскія літаратурныя Дажынкі-2025», які ладзіцца для моладзі Саюзнай дзяржавы. Сёлета конкурс прысвячаецца 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і памяці таленавітага рускага паэта, ураджэнца Бранска Уладзіміра Яўгенавіча Сарочкіна, а таксама ўраджэнца Добрушчыны, паэта-франтавіка Паўла Кузьміча Пранузы. Абодва гэтыя таленавітыя прадстаўнікі Беларусі і Расіі рабілі ўсё магчымае, каб народы Беларусі і Расіі заўсёды былі разам.
Сардэчна прывітала ўсіх удзельнікаў міжнароднага тэлемоста дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна Таццяна Забіяка. Таццяна Анатольеўна распавяла пра творчую шматгадовую садружнасць з бранскімі калегамі, адзначыла, што сумесныя шматлікія праекты, накіраваныя на ўзбагачэнне духоўнасці прыносяць карысць чытачам абедзьвух дзяржаў. У прыватнасці, бібліятэчны народны тэатр “Грачы” у маі плануе паказаць прэм’еру “Пікавай дамы” у Бранску. У сваю чаргу Ганна Бессакірная, загадчыца аддзела Брянскай обласной навуковай універсальнай бібліятэкі імя Ф.І.Цютчава, таксама адначыла шматграннасць культурнага і бібліятэчнага супрацоўніцтва суседніх асветніцкіх устаноў, у тым ліку, творчых, падкрэсліла, што на бранскай зямлі гамяльчан чакаюць як самых родных, блізкіх людзей.
Затым слова ўзялі творцы. Старшыня Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Ірына Пенюкова падзялілася ўражаннямі ад нядаўняга пісьменніцкага з’езда ў Маскве, пацвердзіла імкненне працягваць развіваць і мацаваць кантакты пісьменнікаў Браншчыны і Гомельшчыны, клапаціцца пра творчую моладзь.
Свае новыя творы і пераклады на беларускую мову рускіх паэтаў агучылі Тамара Кручэнка, Лідзія Долбікава, Наталля Шэметкова, Ала Бялькова (г. Гомель), а з бранскага боку выступілі паэты Ірына Пенюкова, Наталля Шастакова, Ларыса Семянішчанкова, а таксама члены аматарскага бранскага літаратурнага аб’яднання. Расійскія творцы чыталі свае вершы і свае пераклады класікаў беларускай літаратуры на рускай мове.
Пісьменнікі дзвюх краін таксама дамовіліся аб супрацоўніцтве і творчым ўзаемаабмене ў бягучым годзе. У прыватнасці, творы суседзяў будуць надрукаваны ў расійскім “Літаратурным Бранску” і ў міжнародным альманаху “Літара” (Гомель), літаратары – народныя дыпламаты прымуць удзел у знакавых культурных падзеях, якія адбудуцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі, у перакладных праектах і конкурсах.
– У тэлемосце бяруць удзел і беларусы, якія пастаянна пражываюць у Расіі. Для членаў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа парламенцкай рабочай групай па справах беларусаў замежжа аб’яўлены медыяконкурс «Мы-разам!» па наступных намінацыях: любімы верш, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, і любімая песня — Беларусы Расіі могуць даслаць у Мінск запіс беларускай песні, якую спяваюць у сям’і, — паведаміў, завяршаючы знакавую міжнародную сустрэчу Уладзімір Гаўрыловіч.
Дар’я ЖЫРОЎСКАЯ.

На здымках: у час міжнароднага тэлемоста.

Яндекс.Метрика