На экскурсіі для фіналістаў конкурса

З больш чым паўтары тысячы ўдзельнікаў конкурсу, арганізатарам якога з’яўляецца Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, пасля школьнага, раённага тураў і прайшоўшага ў фармаце анлайн абласнога тура, у выніковым туры ў намінацыях “паэзія” і “проза”  пераможцамі  знакавага творчага спаборніцтва сталі дзесяць лепшых чытальнікаў рэгіёну. Аднак чацвёрты тур хутчэй нагадваў вялікае літаратурнае свята, чым спаборніцтва – такая незвычайная атмасфера была створана ў актавай зале абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна.

Уладзімір Гаўрыловіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, нават назваў гэтую надзвычай цікавую падзею вялікай сцэнічнай чытальніцкай прэм’ерай таленавітых палешукоў. І мёў рацыю, бо свята сапраўды атрымалася запамінальным для ўсіх – пісьменнікаў, дзяцей, настаўнікаў, гледачоў.

Пранікнёна, хвалююча даносілі да ўсіх выбраныя пераможцамі конкурсу паэтычныя радкі Анатоля Грачанікава і Соф’і Шах Ляшкова Ксенія (11 клас Акцябрскай раённай гімназіі), Ігнатовіч Лізавета (9 клас СШ №12 г. Мазыра), Ангеліна Трацэўская (9 клас Шчадрынскай СШ Жлобінскага раёна), Ніканаў Арцём (9 “Б” клас Капаткевіцкай СШ Петрыкаўскага раёна). Невялічкімі празаічнымі спектаклямі па творах Васіля Ткачова, Уладзіміра Гаўрыловіча, Міхася Слівы, Ганны Атрошчанкі парадавалі Адзінец Вікторыя (8 клас Акцябрскай раённай гімназіі), Ангеліна Саскевіч (7 клас Азяранскай СШ Жыткавіцкага раёна), Валерыя Альхімёнак (9 клас СШ №1 г. Калінкавічы), Віталь Блошкін (Крупецкая СШ Добрушскага раёна). Напрыклад, Ангеліна Саскевіч з Азяран, што пад Туравам, стварыла праўдападобны вобраз тураўскай і кіеўскай княгіні Алісавы-Гертруды з рамана Уладзіміра Гаўрыловіча “Па веры вашай…” А Гран-пры конкурсу журы прысудзіла юнай жлобінчанцы са Шчадрынскай школы Ангеліне Трацэўскай, якая кранула практычна ўсіх прысутных майстэрскім выкананнем паэтычнага твора “Экскурсія” Анатоля Грачанікава.

Лаўрэацкія дыпломы, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў, альманахі “Літаратурная Гомельшчына” падрыхтавалі пераможцам арганізатары. Але, бадай, самым лепшым падарункам для іх сталі сустрэчы з пісьменнікамі, чые творы дзеці абралі для чытання. А яшчэ шмат добрых уражанняў ад конкурсу павезлі дадому і настаўнікі лаўрэатаў – іх працу таксама адзначыла кіраўніцтва аддзялення па выніках цікавага чытальніцкага свята.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час падвядзення вынікаў конкурсу

Яндекс.Метрика