Выдатная падзея адбылася на Гомельшчыне – выйшлі з друку адразу два нумары літаратурнага альманаха “Літара” (Мазыр, “Калор”, 2019). Гэта літаратурна-мастацкі, краязнаўча-асветніцкі праект старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча. Новыя выданні будуць папаўняць серыю “Літаратурная Гомельшчына”, заснаваную пісьменнікам яшчэ ў 2007 годзе.

У альманаху будуць друкавацца творы на трох мовах: беларускай, украінскай і рускай. Першы нумар адкрываецца паэтычным аўтографам гамяльчаніна Міхася Болсуна:

      Не дай сабе права забыць той куток,

      Дзе зведаў пяшчоту матулі,

      Дзе першы зрабіў у жыцці сваім крок,

      І голас твой людзі пачулі.

      Не дай сабе права забыць карані,

      Выток і працяг радаводу,

      Памерлых і тых, хто згарэў у агні

      За нашу з табою свабоду…

    Як можна зразумець са зместа верша, выданне прысвечана Году малой радзімы, захаванню багатых народных традыцый на Гомельшчыне. Большасць твораў зборніка адрасавана маленькім чытачам, падлеткам і моладзі, для сямейнага чытання.

Дзяцінству прысвяцілі свае вершы паэты Яўген Калашнікаў, Валерый Ветошкін, Уладзімір Шпадарук, Галіна Рагавая, Алена Матвіенка, Алег Ананьеў, Аляксандр Атрушкевіч, Людміла Яськова і іншыя. З празаічнымі творамі выступілі вядомыя не толькі на Гомельшчыне пісьменнікі Уладзімір Гаўрыловіч, Васіль Ткачоў, Анатоль Караленка, Ганна Атрошчанка,  Вольга Раўчанка, Аляксандр Джад і многія іншыя.

У альманаху ёсць таксама раздзелы “Час і лёс”, “Прырода і чалавек”, “Народная творчасць”. У апошнім, напрыклад, расказваецца пра знакаміты на Лоеўшчыне фальклорны гурт “Лугавы”, які адзначыў сваё 30-годдзе. Ёсць і матэрыял пра народны абрад “Тураўскі карагод”, які захаваўся толькі ў прыпяцкай вёсцы Пагост. Як этнічная адметнасць мясцовых жыхароў, ён у 2004 годзе першым у Беларусі ўзяты пад ахову дзяржавы як аб’ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Знамянальнай даце ў жыцці братніх славянскіх народаў – 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвечаны другі выпуск альманаха “Літара”.

Тэматычна прадстаўлены творы сучасных беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў. Паэтычную падборку адкрываюць выдатныя  творы сучасных беларускіх паэтаў, ураджэнцаў Гомельшчыны Міколы Мятліцкага і Анатоля Зэкава.

Творчасць расіян прадстаўлена ў альманаху вершамі Васіля Дварцова (г.Масква), Алега Саранскіх (г.Рыльск Курскай вобласці), Уладзіміра Сарочкіна (г.Бранск), Людмілы Ашэка (г.Бранск), Наталлі Мішынай (г.Бранск), Леаніда Севера (Няклінаўскі раён Растоўскай вобласці), Вольгі Сафронавай (г.Таганрог), паэмай Мікалая Зіноўева “Дзед мой” (Краснадарскі край), прозай Святланы Макаравай-Грыцэнка (г.Краснадар), Аляксандра Мартыноўскага (г.Краснадар).

Подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, слаўнай Перамозе прысвяцілі свае творы і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія жывуць і працуюць ва Ўкраіне —  паэт Анатоль Міроненка (г.Глухаў Сумской вобласці) і празаік  і паэт Лілія Бандарэвіч-Чарненка (г.Прылукі Чарнігаўскай вобласці). Што адметна, у альманаху змешчаны творы Ліліі Бандарэвіч-Чарненка, напісаныя  на ўкраінскай і беларускай мовах (!).

Шырока прадстаўлена творчасць сучасных беларускіх пісьменнікаў – паэтаў Ізяслава Катлярова, Соф’і Шах, Тамары Кручэнкі, Міхася Болсуна, Ніны Шкляравай, Уладзіслава Шышыгіна, Аляксандра Каляды, Уладзіміра Шпадарука, празаікаў Уладзіміра Гаўрыловіча, Валянціны Кадзетавай-Арэставай, Раісы Дзейкун, Алега Ананьева, Аляксандра Атрушкевіча, Івана Лосікава, Аляксандра Джада, Аляксея Сазанчука і многіх іншых аўтараў.  Ёсць у альманаху і публіцыстычны раздзел. Чырвонай стужкай ва ўсіх творах літаратараў Гомельшчыны праходзіць тэма 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А лейтматыў усяго чарговага нумара “Літары” – адна Перамога, агульны Подзвіг дзеля міру.

     Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика