ЛЮБЛЮ СВАЮ ЦУДОЎНУЮ ЗЯМЛЮ
Мая зямля – зямля маіх бацькоў,
Маіх дзядоў і прадзедаў руплівых.
Яна зіхціць у золаце вякоў
І ў прыгажосці землякоў шчаслівых.
Люблю сваю цудоўную зямлю,
Што між Дняпром з Бярэзінай квітнее.
Яна – радзіма мне і жураўлю,
Яго пяром радок мой прамянее.
Упэўнены, што ўсё маё адтуль,
Ад каранёў малой маёй радзімы.
Жыцця ланцуг бясконцы наш пакуль,
У полі жыта і штодня радзіны!
НАША ГОМЕЛЬШЧЫНА
Бурштыннасць Сожа, Прыпяці, Дняпра
У аздобе вербалозаў серабра
Над Гомельшчынай сонечнай зіхціць.
Бурштыннасць Сожа, Прыпяці, Дняпра
Наўкола пушчы, нівы ды палі.
Камбайны ў жыце, нібы караблі.
У небе сінім вальсуе бусел…
Наўкола пушчы, нівы ды палі.
Цудоўны парк у кіпені лістоты…
Палац зайздросны… Праз вякі пашана
Дайшла да нас і дойдзе да ўнукаў.
Цудоўны парк у кіпені лістоты…
Радзіму нашу, Божа, барані!
Славянскі нашы моцны карані –
Братэрства і суладдзя дух.
Радзіму нашу, Божа, барані!
ТАВАРНАЯ, 40
Жлобін. Чыгунка. Таварная, 40.
Тут нарадіўся, тут і падрос.
Што ні вандроўка – Таварная, 40
За аканіцай вагоннай наўскос…
Жлобін, як штурман, кірункі фіксуе –
Гомель ці Каўнас, Мінск ці Бабруйск…
Жлобіна погляд заўсёды са мною,
Хоць барадою сівою зарос.
Жлобін. Чыгунка. Таварная, 40 –
Ростань шчымлівая назаўжды…
Колы на стыках у рытме грукочуць,
Ткуць настальгію былыя гады…
УСПАМІН ДЗЯЦІНСТВА
Пара!.. Да Мормаля далёка…
Цягнік не будзе там чакаць…
Хутка апоўдзень – сама спёка,
Не час успаміны паглыбляць…
…Але арэлі зарыпелі
І ліпа вохкаць пачала…
Гады знікалі… Птушкі пелі…
Растала сталасці імжа…
Жаўрук-званочак захліпаўся,
Дзед пад павеццю лапці плёў
І ў вусы думкам усміхаўся…
Жытнёвы водар плыў з палёў…
На вожках гушкала калыска,
Падлога чыстая, парог…
Абрус бялюткі… На ім міска –
У ёй смятана і тварог…
З патэльні зіркае яешня,
Глядзіць на пухкія бліны,
Цыбуля побач і канечне
На скварках дранікі… Яны.
Хлеб самапечаны на лаве,
У сотах мёд, быццам бурштын…
Усе пахі, нібыта наяве,
Шлакочуць нос праз часу тын…
…Старыя яблыні здзічэлі –
Ні хаты, ні гаспадара…
І толькі ржавыя арэлі
Рыпяць на ліпе… Сум. Пара!..
СОНЕЧНЫ ГОМЕЛЬ
Строма Гомеля – вечны курган,
Жаватворны, адвечны, прыгожы.
Памяць сэрца – стагоддзяў арган
З туманамі плыве па-над Сожам.
Ледзьве чутны радзімічаў спеў
Рэхам светлым над поймай блукае,
Верасовага мёду павеў
Аднадумцаў упарта шукае.
У далягляды ўглядаецца Рысь,
Гомель ведае праведны гонар.
У люстрах Сожа блакітная высь
І лагоднага Сонца карона.
ПАГОДКI МЫ
У Жлобiне, вясной, у сакавiк
Я нарадзiўся. Ў маi Перамога.
Пагодкi мы. Мой першы чаравiк
Трымала Жлобiна дарога.
Шляхi жыцця ляглi у далячынь.
Па тых шляхах прайшоў ужо нямала.
Але заўжды Дняпра сiвога плынь
Мае ўспамiны светлыя люляла.
Мне Лёс наканаваў вяртанне ў Жлобiн,
Умацаваць у ланцугу жыцця звяно.
Праз паўстагоддзе распалiць бацькоўскi комiн
I песню спець, што ў сэрцы ўжо даўно.
Лёг на крыло, бы журавель сiвы,
Агледзеў зверху родныя прасторы,
Дняпроўскiя затоны, паплавы…
Вось ён з маленства любы горад!
На правым беразе Дняпра,
Сярод лясоў, бы зубр лагодны,
У промнях сонечных святла
Зiхцiць сталёвы Жлобiн родны…
БЕЛІЦА
У неабсяжным Сусвеце,
На Блакітнай Планеце,
Ля затокі пад Гомелем
Я малюю пейзаж…
…Восень фарбай вясёлкавай
Упрыгожыла Беліцу,
І туман… Бы нявеста,
У празрыстай фаце.
Адлюстрована Шапарам
І маімі ўяўленнямі
На эцюдзе, на восеньскім,
Будзе цешыць душу…
ДОБРЫ ДОБРУШ
Добра рушыць нам сцяжынай,
Добра рушыць бальшаком.
Добруш сцеле канюшынай –
Любата блукаць пяшком…
Вандраваць цудоўна разам,
На машыне, цягніком…
Добруш стрэне нас абразам,
Цёплым хлебам з ручніком…
Добра руш! – шапоча ціха
Іпуць пасмай чаратоў.
Па-над Добрушам бусліха
Бачыць тузін гарадоў…
Добра руш! Дабра ў дарозе!
Добры шлях, госць і зямляк! –
Добруш ззяе на парозе,
На памежжы, як маяк.
РАЗУМЕННЕ СПАЗНАНАЕ ЗГОДЫ
Гэты верш я пяю пра зямлю,
Што паэтам мяне нарадзіла.
Дзякуй шчыры таму жураўлю,
Што мне пёра пакінуў ад крыла!
Гэты верш я пяю пра народ,
Пра народ шматпакутны, цярплівы.
Войны, голад, балота,чарот…
І пагляд на ікону шчымлівы…
Там, у Боскіх вачах, любата –
Вера там і любоў, і надзея…
Адпаўзала з душы гарката
І сціхала чаргова завея.
Сваю мяккасць народ мой набыў
Не як шчодры дарунак прыроды –
Падсвядома ў глыбінях адкрыў
Разуменне спазнанае згоды.
Спачуваннем высокіх нябёс
Мяккасць тая адбілася ў мове.
Яе ў крылах анёл нам прынёс –
Чуваць пёркі ў трапечучым слове…
Гэты верш я пяю пра зямлю…
Гэты верш я пяю пра народ…
