Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1.1.1948 г. у вёсцы Гута Рагачоўскага раёна.
Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна. Пасля заканчэння Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна (1966) працаваў у раённых газетах (г.Івацэвічы, г.п. Карма). У 1967 г. прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1973). Служыў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі. З 1980 года жыве і працуе ў Гомелі: карэспандэнт шматтыражкі «Сельмашавец», стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда», у 1989-2005 г.г. старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза Беларускіх пісьменнікаў.
З 1989 г. член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. Цяпер член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Удзельнічаў у рабоце ІХ з’езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992).
Член Саюза тэатральных дзеячаў (2006).
Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры за кнігу прозы «Снукер (2011)», лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі за ўклад у развіццё дзіцячай літаратуры (2012), абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна (2000) і літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага за кнігу п’ес «Последний» (2013), а таксама лаўрэат расійскай прэміі імя Баяна (2002).
Лаўрэат прэміі Саюза беларускіх журналістаў і міжнароднай прэміі «Дружба» за лепшы публіцыстычны твор ( нарыс «Сонцам хлеб на стале»). Пераможца літаратурнага конкурсу часопіса «Вясёлка» на лепшае апавяданне. П’еса «Стары і дарога» адзначана першай прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе ў 1985 г. Прымаў удзел ва ўсесаюзных нарадах драматургаў у Піцундзе, Рузе і Дубултах.
Першае апавяданне надрукаваў у 1966 г. ( часопіс «Вясёлка»). Выдадзены кнігі для дзяцей «Хітры Данік» ( 1975), «Партрэт салдата» (1984), «Вятрак — птушка вольная» (2003), «Незвычайны дыктант» (2004), для дарослых – «Дзень у горадзе» ( 1985), «Мой рай зямны» (1997), «Тратнік» ( 2002), «Снукер» (2009), «Дом коммуны» (2010), «Под городом Горьким » (2011), «Так і жывём, брат» (2013), «Варона» (2013), кніга публіцыстыкі «Пахвалі пражыты дзень» ( 1988), кнігі гумару «Смех на прызбе» (1995), «Карасі на пяску» (1977), «Крутыя хлопцы» (2001), «Булочка» (2011), а таксама зборнікі п’ес «Сівы бусел» ( 1996), «Непаразуменні» (1997), «Кто-то ходит за окном…» (2003), «Жыла-была Ёлачка» (2013) і «Последний» (2013). Выдаў кнігу нарысаў «Вячыстыя лясы Гомельшчыны» (2005).
Аўтар п’ес «Сівы бусел» (пастаўлена ў 1985), «Вокны» (1985), «Прыгоды з Канапухіным» (1988), «Кветкі-ягадкі» («Курорт для зяця») (1990), «Усміхаўся месяц белай вішні» (1996), «Шкірдзюкі займаюць абарону» ( 1996), «Перапалох» ( 2004), «Нехта ходзіць за акном…» (2006), «Блиндаж» (2009), Последний» (2013), “Без Егора будет горе» (2013), «Букет для внука» (сумесна з Ю.Вута) (2013); п’ес-казак «Два мяхі цукерак» (2005), «Вушасцік» (2006), «Непаслухмяная запалка» (2005), «Дзе жыве Некукарэка» (2007), «Чарадзейны рукзачок» (2010), «Як воўк мамай быў» (2011), «Некалючык» (2012), «Заяц-гром» (2012); тэлеп’ес «Добрае стаўленне да сабакі» ( 1996) і «Следчы экперымент» ( 1999).
У народных тэатрах краіны пастаўлены спектаклі па п’есах «Лесвіца», «Кветкі і тайнае каханне Макізара», «Дублёр», «Жаночы вулей», «Курорт для зяця» і «Банкамат».
Аўтар радыёпспектакляў «Стары і дарога» і «Ігнатаў рубеж».
Пераклаў на беларускую мову п’есы «Маскоўскі хор» Л. Петрушэўскай (1989 ) , С.Злотнікава «Сцэны каля фантана» (1990) і казку Л.Усцінава «Старамодныя цуды» (2003). Усе гэтыя п’есы пастаўлены ў НАДТ імя Я.Коласа.
Укладальнік і рэдактар шматлікіх калектыўных літаратурна-мастацкіх зборнікаў, у тым ліку «Настрой», «Вуліца Настаўніцкая», «Магістраль», «Пад небам Палесся» і іншых.
Творы пісьменніка перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы.
Асобныя апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2007) і Ганаровай граматай Гомельскага аблвыканкама (1998).
Узнагароджаны знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру»(2012).
Жыве ў Гомелі.
- Калашников Евгений Михайлович
- Живет-поживает на Гомельщине писательская братия