ДА 120-ГОДДЗЯ МІХАСЯ ЛЫНЬКОВА

У Рагачове прайшла творчая вечарына, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры — народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

       Міхась Лынькоў — адна з самых выдатных творчых і арганізатарска-кіруючых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу пачынаючы з сярэдзіны 20-х гадоў. Ён — сын сваёй эпохі з усімі яе перамогамі, ілюзіямі, памылкамі.

Юным чытачам пра жыццёвы і творчы шлях распавёў член Савета абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, празаік Міхась Сліва. Літаратар, у прыватнасці, адзначыў, што

творы Міхася Лынькова даўно і па справядлівасці сталі адметнаю старонкаю беларускай літаратуры, адной з найярчэйшых з’яў нашай культуры. Так, раман «Векапомныя дні» М. Лынькова, як і аповесць І. Шамякіна «Глыбокая плынь» (1949), раман I. Мележа «Мінскі напрамак» (1952) не толькі склалі важнае звяно ў развіцці беларускай прозы на тэму вайны. Яны накрэслілі ўжо яе новы рубеж. Але, каб гэты рубеж быў дасягнуты і заваяваны, спатрэбіліся важныя змены ў грамадскім жыцці сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя.
Галоўны вынік творчай працы пісьменніка — кнігі: «Векапомныя дні», «Гой», «На чырвоных лядах», «Пра смелага ваяку Мiшку i яго слаўных таварышаў», «Андрэй Лятун», «Астап», «Сустрэчы», «Ядвісін дуб», «Міколка–паровоз” — выпрабаваны часам, яны прынясуць шмат станоўчых эмоцый і сучаснаму чытачу, перакананы Міхась Сліва.

        “ВОЖЫК – ГЭТА ЦІКАВА!”

У рамках Года літаратуры для дзяцей і юнацтва, які праходзіць на Гомельшчыне у 2019-2020 гадах, у Рагачове адбылася сустрэча юных чытачоў часопіса “Вожык” з  пастаянным аўтарам гэтага выдання Міхасём Слівай.

Літаратар распавёў пра літаратурна-сатырычнае выданне, якое выкрывае мастацкім словам недахопы сучаснага жыцця, расказаў і пра сваю творчасць. Міхась Сліва добра вядомы рэспубліканскаму чытачу, які пісьменнік-гумарыст, выдаў шмат кніг гумару і сатыры.  

     ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ І НЕ ТОЛЬКІ…

Піша свае мастацкія творы вядомы гомельскі паэт Яўген Калашнікаў. Днямі ён, у рамках Года літаратуры для дзяцей і юнацтва, выступіў перад вучнямі пачатковых класаў у сярэдняй школы №52 г. Гомеля.

Пісьменнік пазнаёміў школьнікаў з новымі кнігамі і творамі, а вучні з задавальненнем дэкламавалі вершы паэта. Сустрэча прайшла цікава і змястоўна. Юныя чытачы і іх настаўнікі запрасілі Яўгена Калашнікава яшчэ наведаць іхнюю школу – тут заўсёды рады сапраўдным пісьменнікам.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика