У Магілёўскім абласным драматычным тэатры 25 студзеня адбылася прэм’ера народнай камедыі “Без Ягора будзе гора”  Васіля Ткачова. Падзея была прымеркаваная да 70-годдзя беларускага драматурга,  ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

 

Так, сёння Васіль Ткачоў – вядомы празаік і драматург, аўтар 25 кніг  для дзяцей і дарослых, 70 п’ес, якія  не сыходзяць з падмосткаў айчынных і тэатраў Украіны, Расіі і іншых краін СНД. Так сталася, што ў 1984 годзе па п’се маладога пачынаючага пісьменніка “Шэры бусел” зрабіў на магілёўскай сцэне свой дэбютны спектакль малады рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Дольнікаў. І праз 33 гады маскоўскі рэжысёр з беларускімі каранямі зноў звярнуўся да творчасці гомельскага пісьменніка – паставіў на магілёўскай сцэне (якой 130 гадоў; некалі гэты тэатр –шыкоўны помнік архітэктуры наведваў цар Мікалай ІІ) народную камедыю “Без Ягора будзе гора”. Дарэчы, гэта адна з самых яркіх п’ес драматурга пра лёс адзінокіх старых людзей, якія засталіся дажываць свой век у вёсцы Шкірдзюкі…

 

Трэба адразу сказаць, што народная камедыя (так вызначаны жанр пастаноўкі, якая ўключае ў сабе жанрава і вадэвіль, і драму, і лубок, і камедыю…) была вельмі цёпла сустрэта гледачамі.  А гэта сведчанне, што сцэнічны твор будзе доўга жыць. Самыя сапраўдныя  выбухі смеху ў зале, якія перамяжоўваліся з непрыхаваным болем за няпросты лёс вёскі і яе жыхароў,  разуменне таго,  што мы страчваем у хуткаплынным жыцці нешта важнае, галоўнае, што называецца дабрынёю і людскасцю, усё гэта не пакінула ніводнага гледача раўнадушным. А вольных месцаў на прэм’еры не было – гэта вельмі добры знак.

Па завяршэнні ж спектакля адбылося ўшанаванне творцы.

Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, які спецыяльна прыехаў у Магілёў, каб падтрымаць калегу, адначыў на ўрачыстасці, што  творы Васіля Ткачова  вызначаюцца навізной тэматыкі, шматграннасцю ўзнятых праблем, вясковымі і грамадскімі матывамі, якія хвалююць людзей, а таму яны добра сустракаюцца гледачамі і чытачамі.  Пісьменніку-юбіляру ён уручыў шматлікія ўзнагароды: грамату Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскага аддзялення СПБ, а таксама памятны знак “Ганаровы настаўнік творчай моладзі” Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў СНД. Добрыя словы кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі адрасаваў і рэжысёру-пастаноўшчыку Аляксандру Дольнікаву і выканаўцам галоўных роляў- акцёрам, якія вельмі прафесійна працавалі на сцэне.

Гэтаксама цёплыя віншаванні з юбілеем і прэм’ерай Ткачову адрасавалі прадстаўнікі адміністрацыі і трупы Магілёўскага драмтэатра, Бабруйскага драмтэатра, кіраўнікі Гомельскага дзяржаўна тэатра лялек. А вось землякі Васіля Юр’евіча, якія прыехалі з Журавіч і Гуты, Хатоўні Рагачоўскага раёна,  падаравалі яму таксама некалькі радасных хвілін ды запрасілі часцей прыязджаць на маленькую радзіму, дзе яго любяць і чакаюць. Нагадаем, што нядаўна Ткачоў стаў ганаровым грамадзянінам Рагачоўскага раёна.

І літаратар абяцаў. Абяцаў жыць і працаваць з яшчэ большым імпэтам, дарыць людзям радасць сустрэч са сваімі героямі. А задумак у драматурга яшчэ вельмі і вельмі многа, галоўнае – каб здароўе не падводзіла.

Няхай гэтак і будзе, шаноўны Васіль Юр’евіч!

Уладзімір Мікалаеў, Дзяніс Іваноў.

Прэс-служба Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

P.S. Дарэчы, у гарадской бібліятэцы імя Герцэна 30 студзеня адбудзецца творчы вечар пісьменніка-юбіляра. Запрашаем!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика