102 гады назад у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельшчыны нарадзіўся Іван Шамякін

У рамане “Глыбокая плынь наш зямляк пісаў пра пачатак акупацыі роднага краю фашыстамі. Урыўкі з гэтага твора пісьменнік друкаваў у 1947 годзе ў газеце “Гомельская праўда”: “У мірны час людзі не заўважалі імклівай плыні часу. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. І людзі часам скардзіліся: “Як мала часу!Які кароткі наш век!” Цяпер жа ва ўсіх час быў лішні. Цягнуўся ён страшэнна марудна, надакучліва, і кожнаму хацелася як-небудзь скараціць яго…”

”Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце”, “Снежныя зімы, “Вазьму твой боль”,“Зеніт” — у гэтых сваіх эпічных  творах пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай,  звяртаецца да ваеннай тэмы. Перажытае асабіста ў баях пад Мурманскам, пры вызваленні Польшчы, бітве на Одэры стала асновай сюжэтаў яго мастацкіх твораў і дакументальных замалёвак-дзённікаў.

У 1945-1948 годзе  Іван Пятровіч настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка тагачаснага Церахоўскага раёна, завочна вучыўся у Гомельскім педагагічным інстытуце імя В. Чкалава. У 1950 годзе скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ.

У вёсцы Церуха Гомельскага раёна доўгі час была дача пісьменніка, дзе ён адпачываў душою. Вельмі любіў і Качча, раку Сож. “Каля Сожа нейкая асаблівая атмасфера, можа, толькі там жыву маленствам” — пісаў Іван Пятровіч  у дзённіках.

“Атланты і карыятыды”, “Петраград-Брэст”, “Злая зорка”, “Слаўся, Марыя!”, Пошукі прытулку”, “Губернатар” — гэтыя і іншыя творы Героя Сацыялістычнай Працы Івана Шамякіна, лаурэата дзяржпрэмій СССР і БССР, прэміі Саюзнай Дзяржавы ў галіне літаратуры сёння з’яўляюцца цудоўным прыкладам тытанічнай стваральнай працы  на ніве роднага слова напрацягу больш чым 60 гадоў. 130 кніг агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экзэмпляраў, ды якіх чалавечных, духоўных твораў! Годны прыклад для пакаленняў  літаратараў.

Цудоўна, што ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы створаны музей літаратуры Гомельшчыны, дзе  асаблівая ўвага чатыром народным пісьменнікам, прадстаўлены творы з аўтографамі, фота, асабістыя рэчы і Івана Пятровіча Шамякіна. Мінулагодні,  XXIX Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы, пацвердзіў, як любяць і шануюць класіка на малой радзіме.

Тамара Кручэнка

Яндекс.Метрика