Ідзе па зямлі сакавік. Вясна. Усё ў чаканні аднаўленя. Святло, радасць, рыхтуемся да 8-га сакавіка, свята, каханых, дарагіх жанчын… Свята нашых сястрычак, матуль. О колькі шчырых, яркіх, адметных вершаў і песен прысвечана ім, асабліва матулям – не злічыць! Вядома, найперш класікаў, якіх ведаем са школы, дый і проста цудоўных майстроў роднага слова, юных…  І калі ўвогуле браць нашу паэзію, то асабіста для мяне сярод мноства творцаў, што стварылі незабыўны вобраз сваёй маці і МАЦІ наогул,  імя Анатоля Грачанікава выдзяляецца па праву – чытаю пра яго матулю Дамнікію Нічыпараўну і ў многім бачу сваю – Любоў Астапаўну. І яшчэ, чытаю перад гэтым вершам “Мама” яго верш “Калі давяраецца маці сын…”, адрасаваны Рыгору Барадуліну, уяўляю маці Рыгора Іванавіча Куліну Андрэеўну, якой ён прысвяціў столькі твораў.

    Так, паэты пішуць пра сваіх і нашых матуль. І калі што датычыць А. Грачанікава, перш чым чытаць яго верш “Маці”, раю тым, хто не знаёмы з гэтым творам, пачаць з ужо прыгаданага “Калі давяраецца маці сын…”  І хай у яго кнізе паэзіі “Я вас люблю…”  ён у канцы, а “Маці” у пачатку —  яны знітаваны. І разглядаць іх паасобку не хочацца: між імі існуе тая непарыўная духоўная сувязь, якая і павінна быць між творамі  аднаго сапраўды адметнага майстра слова, які надзвычай чуйна ўспрымае ўсе перапетыі жыцця. І калі пра жыццё, гэтыя два вершы, як і яно само,  не падуладны часу – ад часу іх не адняць. І не важна хто ты – прасцяк або знакамітасць, з нейкіх прычын занядбаны абставінамі, ці ўладар, такія творы не могуць не ўсхваляваць.  Вядома, калі пры ўсіх жыццёвых, часам надта жорсткіх, акалічнасцях не схібіў са  шляху праведнага, у які выпраўляла маці, не агрубеў душой, якую яна падаравала  табе,  не скарыўся злу і не страціў чалавечнасць з ўсімі тымі паняццямі, з чаго яна складаецца. І калі нягледзячы ні на што, змог застацца такім чыстым і зычлівым, якім яна выпраўляла цябе ў жыццё, між вамі будзе найвышэйшаы давер і тая найвышэйшая роднасная сувязь, звыш якой не бывае нічога на гэтым свеце.  Дык жа прачытаем разам два вершы, пачаўшы з гэта: “Калі давяраецца маці сын…”

    Але, паўтараю, звернуты канкрэтна да Рыгора Барадуліна, да вялікага нашага паэта, якога Анатоль Грачанікаў па праву называе словалюбам, любамірам, сынам “роднай зямлі // І неба”. А таксама  паэтам,  які “Бачыць усё // На экране душы” і які “Голас нябёсаў // Чуе”. А гэта,  безумоўна, было, ёсць і будзе прысутна неўміручай творчасці Рыгора Іванавіча. І ўрэшце ў фінале Анатоль Грачанікаў, кажучы, што паэт чуйна ўспрымаючы жыццё ва ўсіх яго праявах, разумеючы як мала хто глыбока той свет,  які “Трывогі множыць”, не трацячы веру даводзіць, што “Пераможа дабро, // На свеце // Дабро пераможа!”. І,  гледзячы як жураўліны клін, што плыве ў вырай “…заварочвае // Зноў на Айчыну” прыходзіць да адной вельмі важнай высновы жыцця. А менавіта: “Калі давяраецца // Маці сын,  // Верыць маці // Такому сыну”. І далей акцэнт на давер.  На той давер паміж маці і сынам ці сынам і маці, урэшце сынам і яго Айчынай,  без  якога нельга ўявіць сапраўдных сыноў сваіх матуль і сваёй Айчыны. 

        Увогуле, калі зыходзіць з працытаванага верша А.Грачанікава ды задумацца пра тое, што ён кажа пра ўжо вызначаны ім давер, дык варта даверыцца і нашай літаратуры, яе лепшым узорам. Такой, да слова, як і ў гэтых двух паэтаў, якія любілі сваіх матуль, любілі і шанавалі Айчыну, – для вялікіх творцаў майці  і Айчына заўсёды побач. І калі яны пішуць пра гэта, у іх творах вымалёўваецца мноства жыццёвых акалічнасцей, адна з якіх – давер… Але калі сын не давяраецца маці? То  чаму?.. Што між імі?.. Навошта?.. І што ў жыцці без даверу?..  Адказ на гэта таксама ў літаратуры —чалавечая трагедыя, трагедыя сына і маці!.. Ёсць такое ў рэальным жыцці? Вядома, ёсць, было, але не хочацца, каб паўтаралася зноў і зноў. Бо без даверу чалавеку невыносна – любому: і прасцяку, і ўсім астатнім. А маці, напэўна, найперш…

  Далей — неймаверна шчымлівы, балючы, падобны на адкрыты нерв верш “Мама”. Балючы, але разам з тым такі неабходны ў нашай кранальнай, шчырай, зычлівай, чалавекалюбівай паэзіі, і вельмі блізкі многім з нас, сынам. Гэты верш пра давер гаворыць на тым узроўні ўспрыняцці чалавечай існасці, які  мы называем генетычным.  Глядзіце, як узнікае гэты давер, праз якое сыноўняе прызнанне любасці да маці праходзіць паэт, што яго асабістае ў еднасці з матуляй становіцца быццам нашым, сыноўскім і мацярынскім уласным.   Цытую: “Я ніколі не прысвячаў маці свае песні, // Бо яна была маёй самаю лепшаю песняй, // Перад якою нямеюць іншыя…” Прыпынімся і задумаемся над тым, што ён сказаў нам… Несумненна, перад вачыма вобраз сваёй маці… І думкі пра сваё маленства, з таго імгнення, як помніш сябе найперш побач з  маці… І яе першыя словы, і радасць, і часам журботнасць,  калі хто крыўдзіў цябе… І той міг, калі яна  “лячыла” ад гэтага сваё ласкай… І яе клопаты пра цябе падлетка, юнака, дарослага… І думкі пра МАЦІ  наогул:  пачатак жыцця, усяго існага ў свеце людзей, які потым у пару тваёй чалавечай сталасці чамусьці  становіцца не такім, як бачыўся ў маленстве.  І ўсведамленне свайго месца ў  часе нас, сыноў… Вось толькі ці ўсе мы сыны і сваёй маці,і сваёй Айчыны…  Але зноў  вяртаюся да верша “Мама”. “Калі памірае маці, // Галасіць пачынаюць: // — Даруй мне, мамачка! // І жалобна шмыгаюць носам, // Атрымаўшы адпушчэнне грахоў”.  Хвіліначку!  Шкадаванне сябе? Чалавекі або чалавечкі?..  Але “Мая маці // Ніколі і нічога  мне не даравала. //  Я ў вачах яе заўсёды чытаў // Перажытае і перадуманае мною. // Вычытваў нават тое, // Што сам ад сябе хаваў // У глыбінях памяці сваёй”.

  Зноў спынімся і ўявім, які быў давер між сынам і маці, на якім ўзроўні духоўнасці, на якой непарыўнай сувязі – маці-дзіця. (Усе мы дзеці для сваіх матуль, колькі б гадоў нам не было і кім бы мы ні былі). Уявім і тое, што яна,  ні ў чым не папракаючы сына, як потым ён зразумеў, пры гэтым  “Адкладвала на саім сэрцы // Усё новыя і новыя зарубкі” ад усяго таго балючага, што выпадала на яго лёс.  І ўрэшце аднойчы, калі яму стала невыносна цяжка, калі, здавалася, не мог вытрымаць боль,  “І ёй стала балюча і цяжка, // І хворае сэрца яе не вытрымала…” Так, яна засланіла яго сабою. “І зразумеў я гэта позна, // Вельмі позна…”— так заканчваецца верш.

   Дык вось, Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў (1938—1991) — дзіця вайны. Яго малая радзіма – вёска Шарпілаўка Гомельскага раёна. У вайну ў яго як і ў многіх і многіх дзяцей на нашай зямлі,  фашысты бралі кроў для сваіх салдат, пакідаючы хлопчыкаў і дзяўчынак паміраць – чытайце “Крывавую баладу” паэта. Выжыў, уратавала мама, увабрала ў сябе ўвесь боль сыночка, як і іншых дзяцей… Выжыў. Потым усё жыццё ўбірала ў сябе сынава, тое, чым жыў. Болю нямала было. Але заўсёды вучыла быць добрым да іншых. Верш выклікае безліч асацыяцый з уласнага. І з майго дзяцінства  таксама. І мая маці, які і маці паэта, перажыла вайну, якая скалечыла яе дзіця… І мая маці ўсё жыццё ўбірала ў сябе ўсё наша, сваіх дзяцей, як і ўсе нашы мамы… Спакутаваныя, знясіленыя сэрцы многіх з іх не вытрымалі, спыніліся дачасна. А тыя, хто вытрымаў, у новым жыцці, у першыя пасляваенныя гады такім няпростым, нягледзячы ні на што,  казалі сваім дзецям і дзецям іншых людзей: “Пачынайце дзень з дабра. Вітайце людзей, нікога не крыўдзіце, і ім і вам будзе добра”. І ў гэтым быў давер да ўсіх і ўсяго… Вось такі просты і мудры запавет жыцця. Ён  добрымі людзьмі, найперш нашымі матулямі, перадаецца сваім дзецям. Але ці ўберажом яго, ці перададзім далей?..  Паэты ж, як незабыўны Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў,  ствараючы такія вершы, як напрыклад яго “Калі давяраецца маці сын… “ і “Маці”, якраз і заклікаюць да даверу і дабра, як адной сутнасці ўсіх нашых матуль. Дабра і ім, сваім і чужым, якія завуцца адным іменем – МАМА!..

Роздум пісьменніка  Уладзіміра Саламахі надрукаваны ў “СГ”, №26 ад 6.03.2021 г.

Яндекс.Метрика