Кірмашамі, народным гуляннем, ушанаваннем лепшых працаўнікоў ды шматлікімі святочнымі канцэртнымі праграмамі хораша адзначыў днямі палескі раённы цэнтр Жыткавічы свае 523-ія ўгодкі. Прыехалі на сваю малую Радзіму і вядомыя землякі. Ды не з пустымі рукамі.
Цёпла павіншаваў жыткаўчан заслужаны дзеяч культуры, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы вядомы беларускі літаратар сустрэўся з работнікамі адукацыі і культуры горада, супрацоўнікамі кніжніцы, шчыра павіншаваў землякоў не толькі са святам старажытнага раённага цэнтра, але і з прафесійнымі святамі – Днём настаўніка ды Днём работнікаў культуры. Гэтаксама Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў землякам за сумесную плённую працу па папулярызацыі кнігі і чытання пры правядзенні ХVIII Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя Дажынкі” і V Рэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”, якія толькі што прайшлі на Гомельшчыне і хораша завяршыліся ў Турава-Жыткавіцкім краі 9 верасня. А ў якасці падарунка чытачам цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы пісьменнік перадаў звыш паўсотні мастацкіх кніг.
У падрыхтаванай літаратарам для жыткаўчан бібліятэчцы – як уласныя празаічныя, драматургічныя і публіцыстычныя творы, так і новыя выданні калег па пяру з Беларусі і Расіі, літаратурныя альманахі і альбомы.
– На гэтай зямлі прайшлі самыя важныя дзесяцігоддзі майго жыцця і творчасці, – адзначыў заслужаны дзеяч культуры, гутарачы ў раённай бібліятэцы з землякамі. – Тут я нарадзіўся, вырас, вучыўся, працаваў, адсюль пайшоў у войска і вярнуўся на настаўніцкую працу ў родную Вятчынскую сярэднюю школу, затым узначаліў Бялёўскую дзесяцігодку, тут стварыў сям’ю, больш 15 гадоў кіраваў раённай газетай… Менавіта тут напісаны не толькі першыя апавяданні, але і пакладзена аснова будучым раманам, падзеі ў якіх разгортваюцца ў Беларусі і за яе межамі, але мастацкія героі назаўсёды застаюцца беларусамі-палешукамі, для якіх паняцце радзімы – не проста слова, а жыццёвая аснова.
Дарэчы, пісьменнік амаль штогод радуе сваіх палескіх чытачоў такімі каштоўнымі падарункамі. За што супрацоўнікі раённай бібліятэкі ад імя ўсіх гараджан і жыхароў раёна цёпла яму падзякавалі і запрасілі на новыя творчыя сустрэчы.
Прэс-служба ГАА ГА «СПБ»
На здымку: у час перадачы кніжнай бібліятэчкі жыткавіцкім чытачам.