Юбілеі класікаў беларускай літаратуры – ураджэнцаў Гомельшчыны шырока адзначаюць на Гомельшчыне. У значных падзеях самы актыўны ўдзел прымае пісьменніцкая арганізацыя рэгіёна.

   2020 год – юбілейны для дваіх знакамітых ураджэнцаў Гомельскай вобласці – народных пісьменнікаў Беларусі Івана Навуменкі і Андрэя Макаёнка.  Так, 16 лютага  лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, акадэміку Івану Якаўлевічу Навуменку споўнілася б толькі 95 гадоў. Да гэтай значнай падзеі ў творчай лабараторыі Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны з удзелам кіраўніцтва і пісьменнікаў абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” у абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна была прымеркавана творчая вечарына “Ён быў сынам сваёй эпохі”. Гэтаксама ў бібліятэках практычна ўсіх устаноў адукацыі і культуры вобласці на працягу бягучага года прайшлі творчыя імпрэзы, выставы кніг пісьменніка-земляка. А ў час шматлікіх творчых сустрэч, выступленняў пісьменнікаў ў розных аўдыторыях яны адзначалі значную ролю свайго земляка, народнага пісьменніка Беларусі ў станаўленні і развіцці беларускай літаратуры, дзяліліся ўласнымі ўспамінамі аб сустрэчах з Іванам Якаўлевічам. Сярод знакавых падзей, прымеркаваных да юбілею, – правядзенне ў анлайн-фармаце абласной універсальнай бібліятэкай імя У.І. Леніна сумесна з навукоўцамі дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны міжнародных навуковых чытанняў “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры”, прысвечаныя 95-годдзю са дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Івана Навуменкі.

А ўжо 12 лістапада Беларусь будзе святкаваць 100-годдзе яшчэ аднаго слаўнага сына Гомельшчыны, народнага пісьменніка Беларусі, драматурга Андрэя Ягоравіча  Макаёнка. Варта адзначыць, што літаратурныя падзеі, творчыя мерапрыемствы ў яго гонар дастаткова шырока ладзіліся і ладзяцца як на малой радзіме літаратара, так і ва ўсёй вобласці, нямала з іх адбылося і па ініцыятыве абласной пісьменніцкай арганізацыі. Асабліва шмат творчых акцый было праведзена, у тым ліку і з удзелам мясцовых творцаў, у створанай  у 2016 годзе ў абласной бібліятэцы мемарыяльнай зале Андрэя Макаёнка, супрацоўнікі аддзела краязнаўства правялі тут дзясяткі цікавых экскурсій для сучаснікаў пісьменніка. Значнае гучанне ў рэгіёне набыла і арганізаваная абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі з 31 жніўня па 10 верасня Дэкада сучаснай беларускай літаратуры, прысвечаная багатай літаратурнай спадчыне і памяці А.Я. Макаёнка. Яна стартавала творчымі справаздачамі літаратараў на чале са старшынёй аддзялення СПБ Уладзіміра Гаўрыловічам ва ўстановах адукацыі і культуры як вобласці, прадоўжылася нават у сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства – Бялынічах. Напярэдадні ж юбілейнага дня нараджэння Андрэя Ягорававіча з удзелам пісьменнікаў і навукоўцаў у абласной бібліятэцы ў анлайн-фармаце пройдзе навуковая канферэнцыя, прысвечаная таленавітаму творцу і земляку. У гонар класіка ў абласным цэнтры таксама будзе праведзены ўрачысты сход, на якім, акрамя калег па пяру, плануюць прыняць удзел родныя і блізкія знакамітага земляка. А завершыцца вечар памяці незвычайным выступленнем народнага аматарскага тэатра “Грачы” (працуе з 1999 года пры абласной бібліятэцы): самадзейныя артысты (усе супрацоўнікі бібліятэкі)  ўпершыню прадставяць на суд гледачоў прэм’еру спектакля па матывах драматычных твораў А.Я. Макаёнка.

Шырока на Гомельшчыне адзначаць і яшчэ два юбілеі сваіх выбітных землякоў – Івана Шамякіна і Івана Мележа. Напрыклад, абласная пісьменніцкая арганізацыя ўжо аб’явіла аб правядзенні літаратурных конкурсаў.

– Першы з іх – абласны літаратурны конкурс эсэ і замалёвак “Сям’я – аснова кахання і шчасця”, прысвечаны 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, – адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч. – Мы не проста так назвалі гэты конкурс. Як вядома, Іван Шамякін быў моцным сем’янінам. З будучай жонкай пазнаёміўся ў 5 класе, у 19 гадоў пажаніліся. У шчаслівым шлюбе пражылі 58 гадоў. Ні вайна, ні жыццёвыя выпрабаванні не змаглі разлучыць закаханых. Гэта прыклад сапраўднай беларускай сям’і, якая і павінна заставацца самай галоўнай каштоўнасцю ў дзяржаве. Тэрмін правядзення: 15 кастрычніка  2020 года – 15 студзеня 2021 года, удзел у конкурсе могуць прыняць усе жадаючыя з 14 гадоў.

А назву другога конкурсу, па словах кіраўніка аддзялення СПБ, дала адна з першых кніг аўтара. Абласное аддзяленне аб’явіла аб правядзенні літаратурнага конкурсу кароткіх апавяданняў  “Белыя вішні і яблыні”, які прысвечаны 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Тэрмін правядзення конкурсу апавяданняў:  1 лістапада 2020 года – 20 студзеня 2021 года, даслаць на конкурс свае празаічныя творы могуць усе жадаючыя з  14 гадоў.

Вядома, што ў юбілейныя даты нараджэння класікаў беларускай літаратуры ў Гомелі і іх на малой радзіме прыйдуць урачыстыя сходы, творчыя сустрэчы калег па пяру і канцэрты. А ў верасні 2021 года пісьменнікі вобласці запланавалі традыцыйную для рэгіёна Дэкаду сучаснай літаратуры  ў гонар Шамякіна і Мележа, пад час якой гомельскія творцы, як падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч, будуць даносіць да юнага і дарослага чытача, што мы, беларусы, павінны добра ведаць сваю гісторыю, культуру, мастацтва, і, зразумела, чытаць творы класікаў і сучаснікаў, бо ў гэтым – аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, пра яе культуру, маральнасць і духоўнасць.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика