Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы працоўнага калектыва гарадской бібліятэчнай сістэмы г. Гомеля арганізавала творчую сустрэчу з удзельнікамі IV Міжнародага маладзёжнага фестываля-конкурса паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы” і прэзентавала вынікі іх працы ў сумесным расійска-беларускім праекце.

…Як адзначылі вядучыя свята, маладыя паэтэсы Ала Бялькова і Стася Кацюргіна, душэўнае святло Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” загарэлася 14 гадоў таму, і яно прабілася далёка за межы Беларусі. Па волі лёсу святло гэта дасягула Масквы і Санкт-Пецярбурга, Кіева і Сум, Бранска і Краснадара, але найбольш адгукнулася ў душах пісьменнікаў Растоўшчыны. Наталіўшыся шчырасцю і дабрынёй Гомельскай зямлі ў час “Славянскіх літаратурных дажынак”, Леанід Север, цяпер ён член Саюзаў пісьменнікаў Беларусі  і Расіі, заручыўшыся падтрымкай Савета Гомельскага  абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, “уманціраваў” у існуючы ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці фестываль народных культур “Берагі дружбы” яшчэ адну падзею — творчы маладзёжны конкурс паэзіі і перакладаў. Закіпела сумесная праца, якую з беларускага боку падтрымаў і ўзначаліў Уладзімір Гаўрыловіч. Праз некалькі гадоў да беларуска-расійскага праекта, галоўнай задачай якога сталі, у ліку іншага, развіццё культурных міжнацыянальных сувязяў, далучыўся і украінскі бок. За прайшоўшыя чатыры гады ва ўнікальным праекце паўдзельнічала звыш 400 маладых аўтараў і членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны. Ад Беларусі кожны год — каля 20 маладых аўтараў і 20 пісьменнікаў-метадыстаў (прадстаўляюць Саюз пісьменнікаў Беларусі).

І вось на “Свяце Добрых Слоў” маладыя творцы і літаратары-гамяльчане (Святаслаў Крупенька, Уладзімір Чараухін, Дар’я Дарошка, Долбікава Лідзія, Вольга Раўчанка, Стася Кацюргіна, Ала Бялькова, Ганна Атрошчанка, Вікторыя Танасенка, Галіна Рагавая, Галіна Гузянкова, Юрый Кісялёў, Генадзь Говар, Ніна Шклярава, Вольга Баранава і многія іншыя) прэзентавалі свае напрацоўкі ў перакладах твораў расійскіх і украінскіх аўтараў, дзяліліся з чытачамі самымі яркімі ўражаннямі ад сумеснай працы. Цёплыя паэтычна-музычныя віншаванні падрыхтавалі ўдзельнікі праекта Сяргей Старыкаў і Дзмітрый Нілаў, а таксама гомельскі кампазітар Ала Навумава…

Дарэчы, упершыню сёлета ў межах фестывалю “Берагі дружбы” адбыўся семінар перакладчыкаў. Ад беларускага боку ў ім удзельнічалі Сяргей Прывалаў і Дзмітрый Нілаў, якія па выніках семінару атрымалі пасведчанне перакладчыкаў.

       На паэтычнай урачыстасці было нямала і сюрпрызаў. Так,  Ніне Шкляравай быў уручаны тыраж кнігі, выдадзенай нядаўна ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці ў межах праекта “Берагі дружбы” (пераклады яе вершаў зрабіў вядомы расійскі паэт Уладзімір Сарочкін, які літаральна парадніўся з Гомельшчынай і нашымі літаратарамі, дзякуючы Славянскім літаратурным дажынкам).

Цёплыя словы ўдзянасці ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі і арганізатараў “Берагоў дружбы” удзельнікам, фіналістам і лаўрэатам фестывалю выказаў кіраўнік праекта па Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Ён назваў “Берагі дружбы” унікальным мосцікам безмытнага праходжання ў душу славянскіх народаў і падкрэсліў, што “… падобнай аб’ядноўваючай справы на прасторах СНД і краін Прыбалтыкі проста не існуе”.

 Акрамя гэтага, Уладзімір Гаўрыловіч паведаміў пра афіцыйны зварот, які ён агучыў на пленарным пасяджэнні  Пленума Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы 3 кастрычніка ў г. Магілёве, у адрас Грамадскай Палаты Саюзнай дзяржавы аб унясенні двух міжнародных фестываляў (“Славянскія літаратурныя дажынкі” і “Берагі дружбы”) у лік праектаў, ажыццяўляемых у межах  і пры фінансавай падтрымцы Саюзай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Вельмі вялікай радасцю завяршылася гэтая сустрэча і прэзентацыя – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч агучыў вельмі добрую вестку з Расіі: маладзёжны фестываль паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы” толькі што атрымаў грант Прэзідэнта Расіі, які будзе накіраваны на развіццё і правядзенне фестывалю ў 2020 годзе. Больш таго, гэты ўнікальны фэст прадстаўлены на конкурсе Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі у галіне грамадзянскай актыўнасці “Мой праект- маёй краіне” і ўвайшоў у Шор-ліст у намінацыі  МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ. УМАЦАВАННЕ МІЖНАЦЫЯНАЛЬНАЙ І МІЖРЭЛІГІЙНАЙ ЗГОДЫ.

Творчая сустрэча завяршылася паэтычна-музычнымі нумарамі, якімі парадавалі гомельскія літаратары і музыкі, і перадачай бібліятэчкі кніг з праекта “Берагі дружбы” у фонд гарадской бібліятэкі.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика