ЗВАРОТ ДА ЧЫТАЧОЎ СТАРШЫНІ ГОМЕЛЬСКАГА АБЛАСНОГА АДДЗЯЛЕННЯ ГА “САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ” УЛАДЗІМІРА ГАЎРЫЛОВІЧА З НАГОДЫ 100-ГОДДЗЯ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ ІВАНА МЕЛЕЖА

Дарагія сябры!

Сёння з Вамі мы згадваем светлае імя Івана Паўлавіча Мележа…

У свой час Алесь Адамовіч напісаў такія радкі: “Ён быццам пасланы быў у жыццё, у свет той зямлёй, дзе нарадзіўся, каб расказаць людзям, што гэта за край такі паляшуцкі (а шырэй-беларускі) і што за людзі яны, тыя палешукі, тыя беларусы. Пасля Купалы і Коласа, пасля Гарэцкага і Чорнага і многіх іншых расказаць усяму свету, хто мы, беларусы, адкуль і куды ідзём, што нясём чалавецтву. Паведаць па-свойму, па-мележаўску…”

Усё, што здарыцца ў жыцці Івана Мележа пачыналася сапраўды тут: у Глінішчах, тады глухім, забытым Богам краі, “сярод вялізнага мора балот і лясоў”.  Ён рос, выхоўваўся ў сям’і звычайнай, сялянскай, што жыла з мазаля і ў сваім лёсе ні ў чым не давала сабе палёгкі. І вынес адсюль свае галоўныя жыццёвыя ўрокі: ні ў чым і самаму не даваць гэтай палёгкі, не скарацца перад нягодамі і гэтак, як продкі, прыцягваць да сябе людзей дабрынёй,  нястомнасцю і выключнай працаздольнасцю.

Свае непаўторныя ўрокі яму даравала прырода: пастушком яшчэ ўвабрала яго душа хараство наваколлля, а памяць на ўсё жыццё запамятала сцяжынкі і травы, дарогі і сенажаці, па якіх хадзілі калісьці лёгкія і хуткія яго дзіцячыя ногі. У той час асабліва вялікім было жаданне набываць веды, адкрываць новае, нязведанае. І пачаліся школьныя ўрокі: чатыры гады ў родных Глінішчах, і тры гады хадзіў атрымліваць іх у суседніх Алексічах.   Распазнаваць свет і з’явы хутка навучылі яго звычайныя вясковыя настаўнікі. А яшчэ – любімыя кнігі, асабліва мастацкія творы, якіх было насамрэч нямнога, але яны “былі самым дарагім скарбам”. Не выпадкова хутка гэтыя атрыманыя падлеткам урокі паклікалі яго ў свет уласнай творчасці.  А тут патрэбна мець вялікае шчасце, каб твой талент заўважылі, падтрымалі не раўнадушныя да творчасці людзі.

Самы сапраўдны ўрок натхнення сямікласніку Івану Мележу даў яго настаўнік літаратуры Міхась Іванавіч Пакроўскі. Прачытаўшы сшытак з вершамі пачаткоўца, ён, бязмежна ўлюбёны ў літаратуру, параіў свайму вучню не кідаць вершаскладання, пісаць больш адказна і сур’ёзна. Ды яшчэ і зразумець, што творчасць – не толькі талент, але і цяжкая праца.

Ці мог Пакроўскі ведаць, што ў будучым атрымаецца з гэтага хлапчука?  Але ён, як педагог, спадзяваўся, нават быў перакананы, што занятак творчасцю Івану не перашкодзіць: дзякуючы магчымасці выказаць паэтычным радком свае думкі і пачуцці, вырасце нераўнадушны, з грамадзянскім неспакоем, з жаданнем быць карысным краіне і людзям, сумленны чалавек. А ці так ужо гэта і мала?

Так, пазакласны ўрок педагога-земляка, яго словы падтрымкі сыгралі вялікую ролю ў станаўленні будучага пісьменніка. Як і ўсё, чым багата Палессе: традыцыі, багатая культура, песні…

«Песня, запіша ў сваіх дзённіках Мележ, які пройдзе праз выпрабаванні страшнай вайны, калі на яго вачах гінулі сябры і невядома, што з табой будзе заўтра, “… не заміне, не абцяжарыць у паходзе, не трэба яе сцерагчы, яе ніхто не ўкрадзе, яна не згубіцца. Песня – нямногая радасць на вайне”.

І Вялікая Айчынная, адабраўшая ў 20-гадовага юнака здароўе, таксама прынесла свае суровыя ўрокі… Ды і ўсё далейшае жыццё было ўрокам-іспытам для самабытнага таленту, які, нягледзячы на страты і на выпрабаванні, імкнуўся пісаць.

Вельмі спадзяваліся бацькі, каб з іх Івана, як спрадвеку казалі ў палескіх вёсках, “выраслі людзі”. І стаў сын Палесся Чалавекам з вялікай літары, які мастацкім словам праўдзіва, глыбока расказаў усяму свету пра свой народ, пра свой край, пра сваіх людзей.

Праз створаныя мастацкія творы і дабрыню чалавечых паступкаў, дзе б ні працаваў за сваё такое кароткае жыццё, ён – Чалавек, Грамадзянін, Пісьменнік – годна аддзячыў за ўсе папярэднія атрыманыя ім жыццёвыя ўрокі ў сям’і, ад землякоў-глінішчанцаў, настаўнікаў, хайнічан, роднага Палесся. І да апошняга  дыхання прызнаны літаратар цяпер дзяліўся сваім вопытам з новымі пакаленнямі.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч у свой час падкрэсліў: “Працаваў у літаратуры ён (Мележ) сур’ёзна, добрасумленна, самаахвярна, думаў аб жыцці і літаратуры маштабна, глыбока, мудра, з дзяржаўным размахам, з сапраўдным грамадзянскім неспакоем і заклапочанасцю”. 

Іван Паўлавіч Мележ…

Біяграфію і творчую спадчыну гэтага чалавека, без якога нельга ўявіць нашай роднай літаратуры (а менавіта без раманаў “Мінскі напрамак”, “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”, іншых мастацкіх палотнаў з іх шырокім, бязмежным светам чалавечых пачуццяў, эпахальным паказам падзей і лёсаў…), мы, беларусы, павінны ведаць, як ніхто ў свеце. І ганарыцца геніяльным талентам. Новым пакаленням абавязкова завяшчаць адкрываць і цаніць створанае ім.  Бо даў гэты Чалавек усім нам, кожнаму паасобку і ўсёй беларускай нацыі, у прыватнасці, вялікі і вельмі важны ўрок – любіць сваю краіну, дбаць пра сваю земельку-маці,  быць сапраўднымі гаспадарамі на ёй.

Ад імя пісьменніцкай сям’і Гомельшчыны – паслядоўнікаў у мастацкай творчасці, шлю нізкі паклон найперш зямлі палескай, хойніцкай, якая ўзгадавала выдатнага творцу!

З нагоды 100-годдзя майстра слова віншую ўсіх чытачоў, калег і прыхільнікаў творчасці класіка беларускай літаратуры.  І заклікаю па-межаўску берагчы і шанаваць найвялікшы скарб народа – мастацкую літаратуру, родную мову і нашу глыбінную культуру.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика