Уладзімір Гаўрыловіч – вядомы сучасны пісьменнік, які ўпэўнена прадаўжае слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў – таксама палешукоў, народных пісьменнікаў Беларусі, трох Іванаў – Шамякіна, Мележа, Навуменкі. У сваіх творах – прозе, публіцыстыцы, драматургіі, – праявіў вялікі талент, уменне ствараць яркія, запамінальныя вобразы, праўдзіва адлюстроўваць жыццё, як сучаснае, так і мінулае.

Яшчэ адно яскравае сведчанне гэтаму – выхад у свет новай кнігі пад назвай  “Па веры вашай…” (Мінск, Выдавецкі дом “Звязда”, 2022). Жанр яе пазначаны як раман-версія. Сапраўды, пісьменнік даў тут сваё бачанне гісторыі роднага краю, у прыватнасці Тураўскага Палесся. Адметна, што ў рамане цесна знітаваны сучаснасць і падзеі далёкай гісторыі (X – XI стагоддзі), а таксама Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў, удзельнікамі і ахвярамі якой былі многія героі твора.

Калі ж гаварыць пра адлюстраванне сучаснасці, то трэба адзначыць, што аўтар узнімае самыя надзённыя пытанні, якія зараз хвалююць усіх беларусаў: умацаванне нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту, гістарычная памяць народа, адказнасць за свае ўчынкі і шчасце тых, хто з табою побач, шанаванне памяці свайго роду.

Уражвае, якое ў аўтара цудоўнае веданне гісторыі сваёй Радзімы! А таксама і Польшчы, і Кіеўскай Русі. Твор настолькі займальны, што немагчыма адарвацца, калі пачаў чытаць! Сюжэт з інтрыгай,  нават дэтэктыўны. І тут аўтар паказаў сябе наватарам!

Яшчэ хочацца адзначыць і такі важны момант у тврчасці гэтага сапраўднага мастака слова: нават чытаючы старонкі з адлюстраваннем падзей далёкай мінуўшчыны – тысячагадовай даўнасці – перажываеш за герояў як за жывых людзей, нашых сучаснікаў. Чытаеш – і бачыш герояў і падзеі. Пісаў сапраўдны мастак – і расказвае, і паказвае. І – праўда! А яшчэ можна павучыцца іншым пісьменнікам: ні аднаго лішняга слова!

Перакананы: творы Гаўрыловіча вызначаюцца надзвычайнай актуальнасцю, вучаць дабру і справядлівасці, міласэрнасці, патрыятызму, праўдзіва адлюстроўваюць не толькі наша слаўнае мінулае, але і сучаснасць, узнімаюць надзённыя праблемы, якія нам трэба вырашаць сумесна. І неадкладна.

Акрамя таго, творы гэтага пісьменніка спрыяюць выхаванню прыгожай душы, што, па словах Міхася Пазнякова, з’яўляецца галоўнай  задачай  для сапраўднай  літаратуры ва ўсе часы.

 Уладзімір Гаўрыловіч паспяхова, дастойна, творча працягвае і развівае лепшыя традыцыі класікаў нашай літаратуры.

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика