Да 80-годдзя ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны прысвяціў прэзентацыю сваёй кнігі  «Сэрца сваё не падманеш…» вядомы беларускі празаік Уладзімір Гаўрыловіч. Сустрэча пісьменніка з чытачамі адбылася ў рамках прайшоўшага ў горадзе над Сожам фестывалю кнігі “#ЧытайГомель”.

Кніга прозы “Сэрца сваё не падманеш…”  выйшла ў сакавіку бягучага года ў дзяржаўным выдавецтве “Беларусь”. Як адзначыў напачатку прэзентацыі пісьменнік, з вядучым выдавецтвам краіны ён супрацоўнічаў ўпершыню.

– Але і таго часу, калі вялася праца па падрыхтоўцы кнігі, было дастаткова, каб зразумець, што ў “Беларусі” працуюць не толькі прафесіяналы, але і шчырыя, камунікабельныя людзі, якія любяць сваю справу, – падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч. Ён выказаў падзяку за супрацоўніцтва, павіншаваў калектыў старэйшага выдавецтва краіны са слаўным 100-годдзем.

Далей аўтар коратка спыніўся на сюжэтнай аснове трох раманаў, якія, дарэчы, пісаліся цягам 20 гадоў і маюць пад сабой рэальную аснову.

Прынамсі, шырокаму чытачу першы і трэці раманы, змешчаныя ў новай кнізе, былі і раней знаёмы, яны выходзілі асобнікамі, а вось другі раман з трылогіі друкаваўся толькі ў часопісным варыянце. Таму цалкам трылогія на рэспубліканскім узроўні апублікавана ўпершыню.

У першым рамане “Забранае шчасце” падзеі разготваюцца на Палессі, у родных мясцінах пісьменніка (Жыткаўшчына – заўв.аўтара), пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Героі твора кахаюць і церпяць ад калектывізацыі, праходзяць праз раскулачванне і высяленне. Галоўны герой, Рыгор Расевіч,  з багатых, а пасля раскулачаных хутаранцаў, збег з турмы і некалькі гадоў хаваецца ад арышту ў балотным лесе, а мясцовыя людзі яму дапамагаюць выжыць. Знайсці ўцекача даручана міліцынеру Коршаку і старшыні сельсавета Мірончыку. Рыгорава каханая, Верка, з якой хлопцу не дазволіў ажаніцца яго бацька, бо дзяўчына бедная, бацькі яе памерлі, вымушана пайсці замуж за Ігната, Рыгорава сябра. Верка нарадзіла сына. Ігнат не здагадваецца, што росціць не сваё дзіця. Рыгор, вырашыўшы здацца ўладам, расказвае сябру пра сваё даўняе каханне да Веркі і прызнаецца, што той гадуе яго сына. Ён паведамляе Ігнату пра золата, якое засталося ад яго багацея-бацькі, і сыходзіць. Назаўсёды. Характарныя вобразы следчых, начальніка міліцыі, вяскоўцаў… І цяжкія выпрабаванні, праз якія прайшлі людзі. 

Падзеі  ў другім рамане “Сэрца сваё не падманеш…”  пачынаюцца з 1939 года і разгортваюцца ў час Вялікай Айчыннай вайны.  Ігнат становіцца старшынёй калгаса. Верка – першая трактарыстка калгаса. Коршак, які арыштоўваў некалі яго сябра Рыгора Расевіча, стаў начальнікам міліцыі, ажаніўся, мае гадавалую дачку. Пачынаецца вайна.  Вораг наступае. Перад акупацыяй Коршак пакідае сваю сям’ю ў Бечыне, у далёкай вёсцы, дзе яго жонку не ведаюць, у сям’і старшыні калгаса Ігната і яго жонкі Веркі. Прыдумана легенда: нібыта гэта жонка Ігнатавага брата, з Мазыра… Партызанскія дзеянні на Палессі. Знішчэнне паліцэйскага гарнізона на Каляды. Героі – хто на фронце, хто ў палоне, хто ідзе на службу ў паліцыю. Пра Расевічаў усе забыліся, акрамя Веркі, напамінанне пра былога каханка – сын Ваня. На яе руках яшчэ двое маленькіх дзетак. Ігнат эвакуіруе гаспадарку, трапляе пад бамбёжку, атрымлівае цяжкое раненне. Пасля трапляе ў палон, у канцлагер. Мясцовыя бандыты, ворагі савецкай улады, распраўляюцца з яго бацькамі за незгаворлівасць іх сына пры эвакуацыі калгаса – у агні хутарской хаты згараюць не толькі старыя, але і дзеці Веркі і Ігната.  Цудам застаўся жывы старэйшы, Ванька. Верка ў роспачы, ледзьве не памірае ад гэтых страт… Жонка Коршака падтрымлівае яе.  Ачуняўшы, праз некаторы час Верка даведваецца, што муж у канцлагеры. Яна ўспамінае пра золата, пакінутае былым каханкам Рыгорам, накіроўваецца ў Гомель і выкупляе за царскія манеты мужа і яшчэ некалькі камуністаў з канцлагера.  Ігнат і Коршак цяпер у партызанах. Жыццё ў страху ў акупацыі. Час здраднікаў і змагароў. Вайна раздзяліла былых сяброў. Галерэя цікавых вобразаў і імклівых, часам страшных падзей. Але і тут ёсць месца каханню, а галоўнае – вернасці краіне і справядлівасці…

Падзеі ў трэцім рамане “Палешукі” разгортваюцца ў сённяшнія дні. Сын Веркі і Рыгора Іван (ён лічыць за бацьку Ігната, які загінуў перад самым вызваленнем у партызанах) – вядомы і аўтарытэтны ў Беларусі кіраўнік эканамічна моцнага калгаса (па-сутнасці, сучаснай аграгаспадаркі, але з ранейшай формай уласнасці – калектыўнай).  Іван Ігнатавіч толькі што узнагароджаны прэзідэнтам ордэнам. Але ў яго зацяжны канфлікт з асобнымі мясцовымі чыноўнікамі, бо гаспадар ён моцны, цвёрда стаіць за людзей і калгас, не хоча яго рэфармаваць дзеля незразумела чаго, гаспадарыць розумам, а не спадзеючыся на падказку зверху. Толькі ж час і яму на пенсію. Але на каго пакінуць справу ўсяго жыцця? Старшыня даўно марыў, каб яго адзіны сын стаў прадаўжальнікам аграрнай справы. Аднак той замест працы на зямлі выбраў навуку, яму ўсё ж бліжэй гарадское жыццё.  Івана Ігнатавіча  надта  хвалюе і здароўе дзевяностагадовай маці – вельмі паважаны яна людзьмі, чулы і спагадлівы чалавек. Былая лепшая ў раёне даярка Верка не хоча дадаваць клопату  сыну. Яна катэгарычна не пагаджаецца пакідаць сваёй вёскі, дзе засталася жыць пасля вайны, нават не дапускае думкі, каб пераехаць дажываць свой век у сынаў прасторны катэдж. Верка жыве так, як жыла заўсёды: у сваёй хаце, па сіле шчыруючы на агародзе, нават у такім узросце і парсючка трымае. А Каляды для яе, калі “брала парсючка ў рукі” і раздавала гасцінцы – самае цудоўнае свята: заўсёды ў яе збіралася невялікая сям’я, прыходзілі суседзі, а ў хаце гучала песня. Але заведзенаму не сулдана здарыцца сёлета…

У раёне усё ж вырашаюць за незгаворлівасць адправіць старэйшага старшыню калгаса на пенсію і знянацку прызначаюць, каб ён нават не ведаў,  справаздачна-выбарны сход. У той жа момант з далёкай Поўначы, калі Верка забіла кабанчыка і чакала ў госці сына з нявесткай і сям’ю ўнука,  на імя старшыні Бечынскага сельсавета па пошце прыходзіць незвычайная пасылка. У ёй… урна з прахам таго самага выгнанніка з роднай зямлі, яе каханага Рыгора Расевіча. Прыкладзены ліст яго сябра. Землякі прывезлі іх Верцы.

Аказваецца, Рыгор, пра якога нічога не было вядома столькі дзесяцігоддзяў, ваяваў, меў баявыя ўзнагароды, а пасля заканчэння вайны зноў несправядліва арыштаваны. Пасля смерці Сталіна рэабілітаваны.  На радзіму не вярнуўся. Застаўся жыць на Поўначы. Пісаў лісты ў родную вёску, шукаў Верку і Ігната, але нічога з гэтага не атрымалася. Адказ – былы старшыня калгаса загінуў, вёска была спалена, яго жонка пасля вайны туды не вярнулася. І кропка. Пражыў доўгае жыццё. Настаўнічаў. І завяшчаў, каб пахавалі яго ў Беларусі, каб, калі яшчэ жывая, зрабіла гэта яго каханая…  Развязка: заўтра ў маці пахаванне, а сын толькі цяпер ад яе даведваецца, хто ж яго сапраўдны бацька. І ў гэты ж момант яго не можа не турбаваць, хто пасля яго сыходу з пасады старшыні гаспадаркі будзе працягваць хлебаробскую справу…

Праз непаўторныя, у многім трагічныя лёсы палешукоў, якія насуперак усяму імкнуцца да шчасця, у творы ствараецца шырокая панарама народнага быцця.

У час прэзентацыі трылогіі пісьменнік адказаў на пытанні чытачоў, якія датычыліся як гісторыі стварэння твораў, так і рэальных прататыпаў герояў. Падагульняючы вынікі размовы з чытачамі, У.Гаўрыловіч падкрэсліў:

– Тры раманы ахопліваюць амаль цэлае стагоддзе жыцця нашага народа. Каханне і здрада, адданасць справе і абыякавасць да існага, імкненне да справядлівасці і пераадоленне ўсяго бесчалавечнага выяўляюць самыя розныя рысы характараў маіх герояў, падкрэсліваючы: ніхто і нішто не можа скарыць беларускі народ, які жыве па адвечных законах дабра і справядлівасці. Спадзяюся, працаваў над творамі я не дарэмна, і творы знойдуць водгук у сэрцы і душы дапытлівага чытача.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Фота: у час прэзентацыі новай кнігі “Сэрца сваё не падманеш…”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика