“У кожнага чалавека ёсць месца на зямлі, якое яму асабліва дорага. У мяне гэта – вёска Гута, што на любай сэрцу Рагачоўшчыне. Там і сёння стаіць хата, у якой я нарадзіўся, а на вясковых могілках спяць мае продкі. Сустрэча з землякамі, з роднымі мясцінамі – заўсёды свята. Свята душы” – такімі словамі пачынаецца новая кніга Васіля Ткачова.

Знаёміць чытача з гэтым выдатным мастаком слова – празаікам, драматургам, перакладчыкам, публіцыстам – асаблівай патрэбы няма. Бо творы лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій ведаюць і любяць многія, аб чым можна меркаваць па выніках апытання, якое праводзілася па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі па ўсёй краіне сярод чытачоў публічных бібліятэк: пісьменнік увайшоў у дзясятку самых чытаемых.

Новая кніга пад назвай “Сцежкі-дарожкі” (Мазыр, “Калор”, 2018) засведчыла, што Васіль Ткачоў здатны творца і ў літаратуразнаўстве, і ў крытыцы. Аб гэтым гаворыць хоць бы  той факт, што  Гомельскі абласны выканаўчы  камітэт узнагародзіў яе аўтара літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага.

У зборніку змешчаны артыкулы, рэцэнзіі, інтэрв’ю, з якімі Васіль Юр’евіч выступаў у часопісах і газетах на працягу сваёй больш чым саракагадовай творчай дзейнасці. Героямі яго публікацый былі народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны Уладзімір Ліпскі, народная артыстка Беларусі Людміла Корхава, пісьменнікі Уладзімір Гаўрыловіч, Іван Сяркоў, Міхась Даніленка, Мікола Чарняўскі, Міхась Пазнякоў, Ізяслаў Катляроў, Соф’я Шах, Міхась Болсун, Мікола Янчанка, Уладзімір Верамейчык, Алесь Пісьмянкоў, Мікола Леўчанка, Іван Кірэйчык, Алесь Бардоўскі, Мікола Калінковіч, Мікола Елянеўскі і многія іншыя літаратары і тэатральныя дзеячы Беларусі, якія пакінулі свой прыкметны след на літаратурнай ніве ўсёй нашай краіны.

Многіх герояў адметнай кнігі ўжо няма на гэтым свеце, яны пайшлі ў вечнасць. І Васіль Ткачоў палічыў сваім пісьменніцкім абавязкам зберагчы, захаваць памяць пра іх – адлюстраваў сцежкі-дарожкі, па якіх яму пашанцавала  хадзіць з гэтымі творцамі, гутарыць з імі, даведацца шмат важнага і цікавага.

Пад кожным матэрыялам аўтар пазначыў дату і назву часопіса або газеты, дзе ён быў апублікаваны ўпершыню, што мае вялікае значэнне для чытача. Бо, як адзначае пісьменнік, “гэтая кніга стваралася на працягу ўсяго майго творчага жыцця, яна як бы зафіксавала асобныя моманты з яго…”

Зразумела,  не ўсё, што напісаў у гэтым жанры сам Васіль Ткачоў і што пісалі пра яго, увайшло ў кнігу, бо інакш атрымаўся б  тоўсты том. Аўтар адабраў толькі тыя артыкулы, рэцэнзіі, інтэрв’ю, якія ствараюць яскравае ўяўленне пра літаратурны працэс не толькі на Гомельшчыне, але і ва ўсёй краіне.

Без сумнення, кніга “Сцежкі-дарожкі”будзе цікавай і вельмі карыснай бібліятэкарам, выкладчыкам роднай мовы і літаратуры, студэнтам і ўсім, хто любіць добрую літаратуру. І той, хто прачытае гэтую кнігу Васіля Ткачова, адчуе сапраўднае свята. Свята душы.

                                                             Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика