Кніжная серыя “Бібліятэка Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” (галоўны рэдактар Уладзімір Гаўрыловіч) папоўнілася  новым выданнем. Гэта кніга знакамітага нашага казачніка з Рэчыцы Анатоля Караленкі “Чародей” (Мазыр, КПУП “Калор”, 2019).

У яе ўвайшлі аднайменная аповесць, апавяданні і казкі, творы напісаны на беларускай і рускай мовах. Як заўсёды, пісьменнік расказвае пра тое, што яму добра вядома, аб тым, як трэба і можна выйсці пераможцам са складанага становішча ў нашым няпростым жыцці, у паўсядзённай дзейнасці звычайнага чалавека.

Вельмі цікавы аповед Анатоля Караленкі пра яго сустрэчы і размовы са славутымі беларускімі пісьменнікамі Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным, Максімам Танкам, Міколам Чарняўскім, Яраславам Пархутай і іншымі майстрамі роднага слова. З цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць аўтар і пра пісьменнікаў-землякоў Уладзіміра Ліпскага, Васіля Ткачова, Уладзіміра Верамейчыка і іншых.

Анатоль Караленка – аўтар 160 казак пра нафту, 20 кніг для дарослых і дзяцей. Ён – адзіны ў свеце пісьменнік, які стварае казкі пра нафту. І гэта не дзіўна, бо ўсё сваё жыццё прысвяціў працы ў нафтавай прамысловасці. Пасля заканчэння нафтавага тэхнікума паўтара дзясятка гадоў працаваў на промыслах у Азербайджане, а затым на працягу трыццаці гадоў быў майстрам у вытворчым аб’яднанні “Рэчыцанафта”.

Выдатнік нафтавай прамысловасці і прысвяціў сваю творчасць любімай тэме. Яго казкі і апавяданні змешчаны ў  школьных падручніках і дапаможніках для пазакласнага чытання. Пісьменнік удастоены многіх літаратурных прэмій, у тым ліку і прэстыжнай абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага.

Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика