Выйшаў з друку чарговы выпуск альманаха “Літаратурная Гомельшчына” (№ 23 – 24; Мазыр: Калор, 2024). Ён асабліва цікавы тым, што адкрываецца хронікай шматлікіх літаратурных мерапрыемстваў, праведзеных на Гомельшчыне ў мінулым годзе ў рамках міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя Дажынкі”.
Пад агульным загалоўкам “Сіла слова аб’яднала пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы” надрукаваны матэрыялы, у якіх расказваецца пра Форум маладых літаратараў Беларусі і Расіі, творчыя сустрэчы і разнастайныя імпрэзы расійскіх пісьменнікаў (прадстаўнікоў Масквы, Калугі, Бранска, Курска, Растова, Таганрога, Краснадара) з чытачамі розных узростаў у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.Леніна, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.Герцэна, у бібліятэках-філіялах і навучальных установах горада.
У альманаху асвятляецца і міжнародная сустрэча пісьменнікаў-міратворцаў (“Нам запаведана слова…”), і ўрачыстае адкрыццё ХХVIII Міжнароднага фестываля-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, і V рэгіянальнага фестываля літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”.
Як адзначыў заснавальнік і арганізатар славянскіх форумаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, сімвалічна, што на адкрыцці свята разам сабраліся і ўжо знакамітыя пісьменнікі, і дзеці – наша будучыня. Менавіта ў падтрымку ідэі славянскага адзінства абласным аддзяленнем СПБ у чарговы раз быў праведзены і міжнародны конкурс паэтычных перакладаў “Беларусь – Расія. Сожскія берагі дружбы”. Свае сілы паспрабавалі паэты і перакладчыкі ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў. Расіяне перакладалі з беларускай мовы творы Анатоля Грачанікава, а беларусы – Расула Гамзатава і Алі Шагенцукава. Пераможцы – уладальнікі другіх і трэціх месц – былі ўзнагароджаны раней у Растоўскай вобласці, а лаўрэаты (уладальнікі першых месц у чатырох намінацыях) сталі гасцямі Беларускага Палесся і ўдзельнікамі ўсіх фестывальных мерапрыемстваў. Цікавыя матэрыялы прадстаўлены пра першы з’езд праваслаўных пісьменнікаў “Божая сцяжына”, а таксама аб правядзенні рэгіянальнага фестываля на Тураўшчыне.
У альманаху апублікаваны творы лаўрэатаў XI абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага (2023 г.) празаікаў Наталлі Шамятковай, Іны Зарэцкай, драматурга Сяргея Зянькова, паэтэсы Соф’і Шах; абласной прэміі імя Івана Сяркова (2024 г.) – празаіка Мікалая Дзямчыхіна.
“Радзіма ў сэрцы маім” – так называецца раздзел, у якім змешчаны патрыятычныя творы паэтаў Міхася Болсуна, Ніны Шкляравай, Тамары Кручэнкі, празаіка Уладзіміра Гаўрыловіча.
Самы вялікі раздзел альманаха – “Словам і думкам прасторна”. Тут можна прачытаць новыя паэтычныя творы Галіны Рагавой, Лідзіі Долбікавай, Дар’і Дарошка, Веры Квяткоўскай, Алены Матвіенка, Ганны Атрошчанка, Людмілы Яськовай, Аляксандра Беліка, Аляксандра Каляды, Рыгора Бабчанка, Валерыя Вятошкіна, Ліліі Вялічка, Вікторыі Смірновай, Іны Спасібінай, празаічныя творы Алега Ананнева, Вольгі Раўчанка, Максіма Шастакова, Аляксандра Джада, Валянціны Кадзетавай, Міхася Слівы, Раісы Дзейкун, Аляксандра Алейніка.
І пра юных чытачоў не забыў укладальнік альманаха кіраўнік абласнога аддзялення СПБ, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Змешчаны цікавыя дзіцячыя творы Яўгена Калашнікава, Наталлі Шастаковай і Алы Бяльковай.
Па традыцыі ў альманаху раздзел “Чалавек і прырода” годна прадстаўляюць творы Андрэя Мацвеенкі і Таццяны Маісеевай.
Паэт, перакладчык і публіцыст Станіслаў Крупенька парадаваў сваімі літаратурнымі пародыямі ў раздзеле “З гумарам па жыцці”.
Упершыню ўвазе чытачоў “Літаратурнай Гомельшчыны” прапануюцца выдатныя творы члена СПБ, Саюза пісьменнікаў Азербайджана і Расійскага саюза пісьменнікаў Ляман Багіравай (апаавяданне) і члена СПБ Яніны Берасневай (урывак з дэтэктыўнага рамана).
Ёсць у зборніку і літаратурная публіцыстыка, і творы ўдзельнікаў абласнога літаб’яднання “Слова”, і конкурсныя работы школьнікаў – пераможцаў абласных літаратурных конкурсаў: першага конкурса казкі “Чарадзейная вясёлка” імя Анатоля Караленкі, конкурсаў “Міша Мароз. Незабыўны подзвіг” і “Табе пяю, малая радзіма”, прысвечанага памяці пісьменніка Міколы Гамолкі.
“Пайсці. Каб вярнуцца” – такую назву атрымаў раздзел, прысвечаны творчасці літаратараў, якія заўчасна пайшлі з жыцця. Гэта член СПБ і Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня каардынацыйнага савета Міжнароднага маладзёжнага фестываля-конкурса паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”, паэт і перакладчык Леанід Север, які жыў і працаваў у Растоўскай вобласці, і член СПБ, паэт Уладзімір Шпадарук, які жыў у Рагачове. Нізкі іх твораў яшчэ раз засведчылі, якія таленавітыя былі гэтыя майстры слова, як моцна любілі яны сваю Айчыну.
Міхась СЛІВА