У Гомельскім абласным аддзяленні СПБ, якое ўзначальвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, вядомы пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч, стала ўжо добрай традыцыяй ініцыіраваць усё новыя і новыя творчыя праекты. У 2023 годзе, да прыкладу, у Гомелі адбыўся Першы з’езд праваслаўных пісьменнікаў. Гэтае добрае пачынанне малітоўна блаславіў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Ён выказаў спадзяванне, што літаратура стане мастом, які аб’ядноўвае славянскія народы. І падкрэсліў, што вельмі важна, каб творы пісьменнікаў  больш расказвалі аб агульнай гісторыі славян, накіроўвалі нас, асабліва моладзь, на тое, што мы адзіныя і толькі ў адзінстве можам пераадолець усе цяжкасці.

На з’ездзе выступілі Уладзімір Гаўрыловіч, празаік, публіцыст, драматург (“Праваслаўныя матывы і сімвалы ў мастацкай творчасці ў кантэксце сучаснасці”), Вадзім Цярохін, генеральны каардынатар у Расіі, Азіі і Еўропе Міжнароднага паэтычнага рухк “Свет без сцен”, член праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня праўлення Калужскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі, паэт, перакладчык (“Аб творчасці, паэзіі і веры”), Дзмітрый Жукаў, член Саюза пісьменнікаў Расіі, прадстаўнік Курскай абласной пісьменніцкай арганізацыі, празаік (“Змякчэнне сэрцаў”), Наталля Шастакова, член СПБ, празаік, публіцыст, краязнаўца (“З Божай дапамогаю… Дзіцячая праваслаўная літаратура. Погляд знутры”), Тамара Кручэнка, член СПБ і Саюзнай дзяржавы, член савета абласнога аддзялення СПБ (“Пра Кірылу Тураўскага. І не толькі…”), Ірына Пенюкова, старшыня Бранскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі (“Хрысціянскія матывы і руская праваслаўная традыцыя ў творчасці сучасных бранскіх паэтаў”), протаіерэй Аляксандр Лапушанскі, член Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы, кандыдат багаслоўя (“Духоўныя пісьменнікі Гомельшчыны”). Усе гэтыя цікавыя і змястоўныя матэрыялы можна прачытаць у чарговым выпуску міжнароднага літаратурнага альманаха “Літара” (№ 11 – 12, Мазыр: Калор, 2024) у раздзеле пад назвай “Божая сцяжына”.

У альманаху, які з’яўляецца літаратурна-мастацкім і краязнаўча-асветніцкім праектам Уладзіміра Гаўрыловіча,  надрукаваны таксама празаічныя творы больш сарака пісьменнікаў Беларусі і Расіі, атрымалася сапраўдная анталогія сучаснай прозы.

У раздзеле перакладаў апублікаваны творы Ауеса Бетуганава, кіраўніка Кабардзіна-Балкарскага аддзялення “Культурнага фронта Расіі”, паэта, грамадскага і культурнага дзеяча,  у перакладах беларускіх і рускіх паэтаў.

У кнізе змешчаны і творы лаўрэатаў II Міжнароднага літаратурнага конкурсу паэтычных перакладаў «Беларусь – Расія. Сожскія берагі дружбы” Анастасіі Капнінавай (Гомель), Дзмітрыя Несцярэнкі (г. Новамаскоўск Тульскай вобасці, Расія), Настассі Нарэйкі (г. Камянец Брэсцкай вобласці), Наталлі Мішынай (г. Бранск, Расія).

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика