Творчую сустрэчу ў Светлагорску з работнікамі культуры Гомельшчыны правёў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

У палескім райцэнтры на працягу двух дзён праходзіў абласны семінар на тэму “Новыя формы – новы фармат. Крэатыўны падыход да арганізацыі досугу розных катэгорый насельніцтва ўстановамі культуры Гомельскай вобласці”, падрыхтаваны абласным цэнтрам народнай творчасці.  Перад прадстаўнікамі метадычных служб усіх раёнаў вобласці і членамі Савета кіраўнікоў раённых цэнтраў і арганізацыйна-метадычных падраздзяленняў выступіў кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч.  

Напачатку творчай сустрэчы вядомы беларускі празаік і публіцыст зрабіў грунтоўнае паведамленне аб супрацоўніцтве абласной творчай арганізацыі з сістэмай культуры Гомельшчыны па папулярызацыі кнігі і чытання, захаванню багатай духоўнай спадчыны, у тым ліку праз ажыццяўленне сумесных культурна-асветніцкіх, краязнаўчых праектаў, конкурсаў і фестываляў. Літаратар агучыў і праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пад час рэалізацыі мерапрыемстваў у межах Года класічнай літаратуры і чытання на Гомельшчыне, унёс канкрэтныя прапановы па ўдасканаленню сумеснай працы на карысць будучых пакаленняў краіны.

Другая частка сустрэчы  пісьменніка з культработнікамі вобласці прысвячалася тэме 80-годдзя ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны і творам антываеннай накіраванасці, створаных пісьменнікамі рэгіёна на працягу апошніх гадоў. Так, пісьменнік адзначыў, што ў сітуацыі, калі калектыўны Захад фальсіфікуе гістарычную праўду, прыніжае подзвіг савецкага народа ў гады вайны і сее ў душах новых пакаленняў сумненне пра мужнасць і гераізм нашых дзядоў і прадзедаў, мастакі слова Гомельшчыны імкнуцца адстойваць гістарычную праўду, кажуць  сваё слова пра тыя страшныя падзеі, якія не павінны паўтарыцца ніколі. У прыватнасці, У.Гаўрыловіч адзначыў з’яўленне ў друку высокамастацкіх паэтычных твораў С.Шах, М.Болсуна, Т.Кручэнкі, В.Вятошкіна, антываенных паэм і прозы І.Катлярова, аповесцей В.Ткачова, якія напоўнены трагізмам і верай у будучыню без вайны. Тэма вайны і подзвігу народа застаецца магістральнай ў творчасці  і У.Гаўрыловіча: літаратар падзяліўся гісторыяй стварэння кніг прозы, якія нядаўна выйшлі з друку — “Святая Параскева”, “Сэрца сваё не падманіш…”, а таксама прэзентаваў культработнікам для выкарыстання ў сваёй працы чарговыя нумары альманахаў “Літаратурная Гомельшчына” і “Літара”.

Цікавая і змястоўная, цёплая творчая сустрэча завяршыла прэзентацыяй адкрытага абласнога літаратурнага конкурса “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз” (дарэчы, штогадовае літспаборніцтва праводзіцца па ініцыятыве У.Гаўрыловіча – земляка М.Мароза) і праглядам дакументальнай стужкі “Шагнул первым” пра подзвіг 17-гадовага палешука ў мірны час.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика