Так называлася творчая сустрэча вядомага беларускага празаіка і публіцыста, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча з жыхарамі аграгарадка Ляскавічы, што на Петрыкаўшчыне. Ладзілася яна на базе ДУА “Ляскавіцкая сярэдняя школа” у межах VI Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.

У час сустрэчы

Тое, што творчая сустрэча прайшла ў вельмі цёплай атмасферы, – не выпадковасць. Пісьменнік тут свой чалавек. Практычна ўсё, што створана літаратарам за 35 гадоў творчай дзейнасці (а гэта даволі немалы набытак – 24 кнігі прозы і 4 публіцыстыкі), прысвечана Палессю, роднаму краю. Уладзімір Гаўрыловіч нарадзіўся недалёка ад Ляскавічаў, у вёсцы Вятчын, на Жыткаўшчыне, настаўнічаў у вёсках Бялёў і ў Жыткавічах, там працаваў і журналістам амаль два дзясяткі год, неаднаразова наведваў і ранейшую вёску Ляскавічы, якая  цяпер з’яўляецца цэнтрам Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”.  Не дзіўна, што жыццё на роднай зямлі адбілася на творчасці пісьменніка: амаль  яго літаратурныя героі – палешукі, звычайныя простыя людзі. Літаратар заўсёды пільна ўглядаецца ў з’явы рэчаіснасці, даследуе паводзіны чалавекаў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, і такім чынам “падказвае” чытачу, як пры няпростым жыцці заставацца чалавекам.

Перад самай сустрэчай чытачы змаглі “прайсціся” па родных сцежках пісьменніка – праглядзелі дакументальны фільм пра жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Гаўрыловіча, створаны тэлекампаніяй “Гомель” некалькі гадоў таму. А затым пісьменнік распавёў землякам, як ствараліся асобныя яго творы як буйных жанраў (“трылогія “Палешукі”, раман “Цяпло маладзіка” і інш), так і некаторых апавяданняў, падзяліўся ўспамінамі пра сваё дзяцінства, творчую працу ў Жыткавічах і абласным цэнтры, дзе цяпер жыве, распавёў пра цікавыя творчыя сустрэчы, пра рэдактарскую дзейнасць (больш 15 год рэдагуе і выдае літаратурныя альманахі). І, зразумела, пра тое, што хвалюе яго сёння, у няпросты ва ўсіх адносінах час. Так, майстар вострасюжэтнай прозы, у якой  сутыкаюцца два прынцыпы да жыцця – чалавечнасць і бездухоўнасць, перакананы: працалюбівым палешукам  ды і ўсім беларусам ніколі лёгка не жылося, аднак у любой жыццёвай сітуацыі нам трэба захаваць тыя лепшыя якасці, якія дазваляюць чалавеку заставацца чалавекам. Літаратар адказаў на пытанні сваіх землякоў, падзяліўся  творчымі планамі на будучыню, прэзентаваў сваю новую аповесць “Святая Параскева” (толькі што выйшла асобнай кніжкай у КПУП “Калор”). На памяць пра цікавую і карысную творчую сустрэчу, якая ў Ляскавіцкай школе прайшла ўпершыню і вельмі спадабалася чытачам, Уладзімір Гаўрыловіч падарыў школе некалькі сваіх кніг з пажаданнямі берагчы сваю зямлю, сваё Палессе і сваю краіну – Беларусь.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика