22 кастрычніка ў гарадской бібліятэцы імя Герцэна адбылася літаратурна-музычная вечарына “ДУША НАША СКЛАДАЕЦЦА СА СЛОЎ…”.

Арганізатар падзеі – Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” пры падтрымцы працоўнага калектыву гарадской бібліятэчнай сістэмы, а ўдзел у мерапрыемстве прынялі пісьменнікі Гомельшчыны, якія прадстаўляюць Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, члены Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, маладыя аўтары і аматары мастацкай творчасці, удзельнікі літаратурных аб’яднанняў Гомельскай вобласці, прадстаўнікі асветы і культуры.

Пачалася літаратурная вечарына ( эпіграф якога – “СВЯТА ДОБРЫХ СЛОЎ”) прэзентацыяй і выступленнямі аўтараў новага міжнароднага літаратурнага альманаха “Літара.Литера.Ліцера.Littera”. У верасні выйшла два нумары гэтага выдання: першы прысвечаны Дзяцінству, другі – 75-годдзю вызвалення Беларусі і 75-годдзю Перамогі.

На 14-ым Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2019”, а падзея шырока сёлета адгрымела на Гомельшчыне ў верасні, упершыню было аб’яўлена аб нараджэння новага альмаха. І вось яго трымаюць у руках пісьменнікі і чытачы.

Прыемна, што новую справу высока  ацанілі  прафесіяналы ў беларускай сталіцы.

Так, Уладзімір Саламаха, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, вядомы празаік і грамадскі дзеяч краіны, які неаднаразова ўдзельнічаў у літаратурных фестывалях ў Гомелі, дарэчы, неаднаразова быў старшынёй конкурсных камісій маладых аўтараў і аматараў мастацкай творчасці, не проста хораша ацаніў альманах “Літара.Литера.Ліцера.Littera”, а нават падзяліўся сваім роздумам, які назваў “СПРАВА НЕ МЯСЦОВАГА МАСШТАБУ” ў выданні “Сельская газета” за 19 кастрычніка 2019 года.

У прыватнасці, у артыкуле ён адзначыў наступнае:

“…   Здавалася б, звычайная літаратурная з’ява: у Гомелі пачаў выходзіць альманах “Літара”. (Сёння такіх выданняў хапае). Гэты літаратурна-мастацкі і культурна асветніцкі праект узначальвае старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі вядомы празаік  Уладзімір Гаўрыловіч.

      Ужо выйшла 2 нумары.  Паўнавартасных:  амаль усе творы “Літары” на добрым мастацкім узроўні.  А інакш і быць не павінна: першы нумар альманаха адрасаваны юным чытачам, і тут адказнасць пісьменнікаў перад імі – найвышэйшая! Выданне, несумненна, можа быць рэкамендавана для дзетсадаўскага, школьнага і сямейнага чытання. Гомельскія літаратары розных пакаленняў у вершах, апавяданнях, казках захапляюча расказваюць юным пра іхнюю не толькі малую, але і вялікую радзіму, пра гісторыю месца, дзе нарадзіліся і жывуць, пра Беларусь наогул, яе гісторыю і  дзень сённяшні. Пры гэтым вучаць  юных шанаваць і берагчы напрацаванае нашчадкамі і ганарыцца сёняшнямі дасягненнямі бацькоў.

     Увогуле, трэба адзначыць, што гомельскія пісьменнікі надаюць вялікую ўвагу юным чытачам. 2019 год абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі аб’явіла Годам літаратуры для дзяцей і юнацтва. Ініцыятыва была падтрымана абласнымі і мясцовымі ўладамі, бібліятэчнай сістэмай, аддзеламі адукацыі, школамі і ВНУ, з якімі яно цесна супрацоўнічае.  І гэта дае плён: выхаванне праз літаратуру – справа наша агульная…  

    У  альманаху шырока прадстаўлена паэзія, проза і публіцыстыка для дзяцей Васіля Ткачова, Анатоля Караленкі, Алега Ананьева, Яўгенія Калашнікава, Ніны Шкляравай, Ганны Атрошчанка, Міхася Слівы, Галіны Рагавой  і іншых.  

   Своеасаблівы і 2-гі нумар “Літары”. Назва альманаха даецца на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах з адпаведным стараславянскім напісаннем.  Зразумела, што справа, задуманая  гомельскімі літаратарамі — далёка не “мясцовага масштаба”. І не толькі літаратурная. Мяркуйце самі.  У гэтым нумары альманаха  на іх родных мовах падаюцца творы беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-ці годдзю Перамогі. Заўважу, увогуле ж паэзія і проза многіх з іх добра вядома не толькі гомельскаму чытачу, але і чытачу ўсёй нашай рэспублікі. І  ў  многім дзякуючы шматгадовым сувязям пісьменнікаў-гамяльчан з калегамі многіх рэгіёнаў Расіі і Украіны. (Між іншым, некаторыя расійскія і ўкраінскія пісьменнікі з’яўляюцца членамі і нашага творчага Саюза.)

    Дарэчы,  гэтаму спрыяе выдавецкі праект абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Літаратурная Гомельшчына”, які існуе з 2007 года. Ажыццяўляюць яго разам пісьменнікі трох краін, з кожным годам задзейнічаючы ўсё больш сваіх рэгіёнаў для правядзення сумесных мерапрыемстваў. А яны, у прыватнасці, такія: абмен пісьменніцкімі дэлегацыямі, удзел расійскіх і украінскіх літаратараў ў “Гомельскіх літаратурных дажынках”, на якіх падводзяцца вынікі творчых дасягненняў пісьменнікаў вобласці за год, і на якіх выяўляюцца новыя літаратурныя імёны, сумеснае выданне кніг, перакладчыцкая дзейнасць, літаратурныя фестывалі, семінары і г.д…

       Ізноў “Літара”. Сярод аўтараў 2-га нумара – і пісьменнікі,  якіх мы называем дзецьмі вайны, і тыя, хто нарадзіўся адразу пасля яе, і зусім юныя аўтары – унукі і праўнукі пераможцаў і проста сведкаў тых часоў.  Чытаеш іхнюю паэзію, прозу і публіцыстыку і пераконваешся, што кожны аўтар, незалежна ад свайго ўзросту, ад месца дзе жыве,  непарыўна памяццю сваёй звязаны з тымі падзеямі, якія ў вайну перажыў шматнацыянальны савецкі народ. 

    А ўвогуле, калі кожны з нас звяртаецца да гісторыі сваёй краіны, дык несумненна, засяроджваецца на тым, што яна цесна звязана з нашай агульнай гісторыяй.  А таксама, а можа, найперш, што яго асабісты лёс, праз лёс продкаў звязаны з лёсам рускіх, украінцаў, а ўвогуле, прадстаўнікоў многіх народаў. І тут як бы хто не хацеў разарваць братнія сувязі, у даным выпадку,  трох брацкіх народаў, як бы хто не імкнуўся сцерці з памяць новых пакаленняў былое – гэта марная справа.  І ў Беларусі, і у Расіі, і ва Украіне людзі помняць усё, што было з імі. І як піша, напрыклад,  У.Гаўрыловіч, у гады вайны для кожнага вельмі многае значыла падтрымка іншага чалавека, знаёмага ці не знаёмага, сяброўскі ўдзел людзей розных нацыянальнасцей у чужым лёсе. Гэта аўтар, унук франтавікоў, дзіця бацькоў, якія малымі перажылі акупацыю ведае па іх успамінах, і зараз даносіць нам.

    Безумоўна, так  могуць сказаць усе аўтары альманаху – іх больш 20—ці.  З беларускага боку — нашы знакамітыя творцы  Мікола Мятліцкі, Ізяслаў Катляроў, Софья Шах, Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Валянціна Кадзетава-Арэстава і інш. З расійскага – Васіль Дварцоў, Уладзімір Сарочкін, Леанід Север, Мікалай Зіноўеў, Святлана Макарава, Людміла Ашэка… З украінскага – Анатоль Міроненка і Лілія Бандарэвіч – Чарненка. (Дарэчы, у 3-ім нумары “Літары”, які рыхтуецца да выхаду – плануецца вялікая падборка паэзіі іншых украінскіх літаратараў).

   Іпра маладзейшых творцаў, пакуль яшчэ не такіх знакамітых. Без перабольшання – годныя творы.  Напрыклад,   паэтэса з Бранска Наталля Мішына ад імя пакалення выказала свае адносіны  да подзвігу дзядоў. Яе вершы “Поиски героея,”  прысвечаны  дзядулю-лётчыку Міхаілу Арцюхову, “Встреча на Буйническом поле”, напісаны ад імя Канстанціна Сіманава (прыём дазволены ў літаратуры),“Умирая, не сдавались” – абаронцам Брэсцкай крэпасці, і “На  озере слёз” – гераічным абаронцам Магілёва  — сведчанне незгаснасці памяці нашчадкаў. А наша Дар’я Дарошка хвалюючае эсэ “Дарма сабе” прысвяціла сваёй бабулі Марыі Стэфанаўне Ліцвін, яе дабрыні і чалавечнасці, прысутным як маці, усім нашым бабулям, незалежна ад нацыянальнасцей…

   Самыя розныя старонкі былога ўзнаўляюць аўтары выдання. Паўтаруся, на сваіх родных мовах. А нашы мовы ў многім падобныя. Як і душы. Можна тут знаходзіць іншыя эпітэты нашага духоўнага адзінства, і ўсё гэта будзе правільна, усё гэта мы ведаем. І ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. 

     …А стваральнікі “Літары” мяркуюць зрабіць выданне перыядычным і  міжнародным.  Плёну ім!

Як падкрэслівалася на прэзентацыі новага выдання, гамяльчанам вельмі прыемна, што вядомы беларускі пісьменнік так годна ацаніў працу, ажыццёўленую на Гомельшчыне. Перад вялікай аўдыторыяй выступілі аўтары новага альманаха: вядомы беларускі паэт Міхась Болсун, вядомы беларускі празаік і драматург Васіль Ткачоў, паэтэса Галіна Рагавая, паэтэса і празаік Ганна Атрошчанка, паэт Валерый Ветошкін і паэтэса Вера Квяткоўская.

               І ў падарунак гэтыя аўтары атрымалі першыя экзэмпляры выдання, дзе надрукаваны іх творы і творы звыш 40 іншых беларускіх літаратараў, ад галоўнага рэдактара альманаха, кіраўніка літаратурна-мастацкага, краязнаўчага, культурна-асветніцкага праекта “Літара.Литера.Ліцера.Littera” Уладзіміра Гаўрыловіча.

              Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у сваю чаргу,  звяртаючыся да творцаў, адзначыў, што новы выдавецкі праект будзе працягваць добрыя традыцыі, якія закладваліся на працягу 14 гадоў выданнямі, што выходзілі ў серыях “Літаратурная Гомельшчына” і “Бібліятэка Гомельскага аддзялення ГА “СПБ”.  “Літара.Литера.Ліцера.Littera” цяпер значна пашырае межы літаратурнай прасторы для пісьменнікаў не толькі Гомельшчыны і Беларусі, але і Расіі, Украіны, іншых славянскіх краін, яго мэта – аб’яднанне творцаў, падтрымка маладых талентаў, прапаганда славянскіх аўтэнтычных традыцый і культуры.

Хораша падтрымалі выданне і другія выступоўцы, гледачам таксама былі прапанаваны музычныя нумары, прысвечаныя духоўнаму адзінству і сапраўднай дружбе паміж славянскімі народамі. А першы нумар альманаха “Літара.Литера.Ліцера.Littera” з аўтографамі яе аўтараў і выдаўца, галоўнага рэдактара ўрачыста перададзены  і цяпер будзе захоўвацца ў Музеі аўтографа гарадской бібліятэкі імя Герцэна.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика