Пісьменнікі Гомельшчыны актыўна праводзяць творчыя сустрэчы ў межах Года класічнай літаратуры і чытання, прысвечанага 100-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Івану Шамякіну і Івану Мележу.

Цікавую творчую сустрэчу  са старшакласнікамі ДУА “Сярэдняя школа №5 г.Гомеля” правёў вядомы гомельскі паэт, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун. Якраз у школе праходзіла традыцыйная Дэкада беларускай мовы і літаратуры і пісьменніку было прыемна сустрэцца з юнымі чытачамі. Міхаіл Міхайлавіч з гумарам расказаў аб сваім жыцці, сваёй любові да літаратуры, зачытаў свае вершы.

Вучням вельмі спадабалася сустрэча, бо яна была душэўнай і шчырай.  А напярэдадні творца прыняў удзел у Святе беларускай паэзii «З вытокаý роднай мовы» пад слоганам «Пачувайся беларусам», якое адбылося ў гомельскім ýнiверсiтэце імя П. Сухога. Мiхась Болсун і студэнты чыталі вершы, прысвечаны радзіме, вясне і каханню. Напрыканцы была праведзена вiктарына «Сакрэты роднага краю», у час якой студэнты актыўна адказвалi на няпростыя пытаннi.  Паэт уручыў пераможцам віктарыны кнігі са сваiм аўтографам.

Абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ўжо некалькі гадоў запар плённа супрацоўнічае з Гомельскай пагранічнай групай: перад афіцэрскім і радавым саставам за гэты перыяд выступілі каля дзвюх дзесяткаў пісьменнікаў. Чарговая сустрэча з прадстаўніком прыгожага пісьменства адбылася надоечы. Яе з пагранічнікамі — салдатамі тэрміновай  службы -правяла ўладальнік ганаровага звання “Пісьменнік года Гомельскага абласнога аддзялення СПБ”, перакладчыца і публіцыст Вольга Раўчанка. У час сустрэчы адбылося невялікае падарожжа ў адлегласці і часе, аўдыторыя была вельмі добразычлівая і дапытлівая: пагранічнікі цікавіліся і ўласнай творчасцю перакладычыка, і творчасцю пісьменнікаў-гамяльчан, актыўна задавалі пытанні па стане сучаснай беларускай літаратуры.  

А вось дзіцячы паэт і празаік Іна Зарэцкая зацікавіла  чытаннем дзяўчынак і хлапчукоў з гомельскай сярэдняй школы №24 – яна прадставіла дзецям свае новыя творы і нават зачытала ўрыўкі з  новай кнігі “Пра мядзвядзяня Цішку і кругасветнае падарожжа на плоце”. Разам з пісьменніцай дзеці адправіліся ў цікавае падарожжа, дзякуючы якому даведамілся шмат новага і пазнавальнага. А пасля усе жадаючыя прынялі ўдзел у літаратурным марафоне “Чытайце самі, чытайце з намі!” І лепшыя  з юных чытальнікаў атрымалі з рук Іны Іванаўны дыпломы і нават яе кнігі з аўтографамі.

Творчыя сустрэчы  пісьменнікаў аддзялення ў межах Года класічнай літаратуры і чытання праводзяцца гэтымі вясеннімі днямі ў розных аўдыторыях, асабліва сярод моладзі. Ды і маладыя аўтары самі звяртаюцца за творчымі кансультацыямі як ў Савет аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і непасрэдна да кожнага з членаў савета па месцы жыхарства. Варта адзначыць плённую працу празаіка Міхася Слівы, які праводзіць індывідуальныя сустрэчы і заняткі-кансультацыі з пачаткоўцамі ў старажытным Рагачове.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика