У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбылася вечарына сямейнага чытання. Удзельнікі мерапрыемства прэзентавалі кнігу «Бацькоўскі дар», у якой змешчаны творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, выдадзенай у мінулым годзе да 140-годдзя беларускіх песняроў па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын.

На вечарыну былі запрошаны сем’і з прыёмнымі дзецьмі і дамоў сямейнага тыпу, бібліятэкары і прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Спікеры – намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, кіраўнік справамі аблвыканкама Алена Клічкоўская, а  таксама госці з Мінска — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Лілія Ананіч і дырэктар выдавецтва “Народная асвета” Вікторыя Калістратава  прачыталі ўрыўкі са сваіх любімых літаратурных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, рассказалі прысутным, чаму так важна чытаць кнігі ўсёй сям’ёй, а таксама падаравалі абласной бібліятэцы свае любімыя кнігі.

Так, старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч  падараваў галоўнай кніжніцы вобласці кнігу ўспамінаў Данііла Граніна, а таксама  пяці шматдзетным сем’ям з кожнага раёна горада Гомеля ўручыў па дзве свае аўтарскія кнігі прозы “Там, дзе цячэ Пуць-рака…” і “Анёлак мой, Анёлак…”, пажадаўшы дзецям і дарослым шчаслівай будучыні.

Як адзначалі ўсе спікеры, у наш час, калі падлеткаў ўцягвае ў свае сеткі інтэрнэт, дзе асабліва цяпер шмат скажонай інфармацыі, сямейнае чытанне сапраўды вартасных высокамастацкіх кніг павінна стаць добрай традыцыяй. Дзеля гэтага прыкладаюць свае намаганні і грамадскія арганізацыі Беларусі.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГАА ГА «СПБ».

Фота прадастаўлена прэс-службай Гомельскага аблвыканкама.

Яндекс.Метрика