У Гомелі падвялі вынікі Адкрытага літаратурнага конкурсу, прысвечанага ХХIX Дню беларускага пісьменства “Наш Добруш – душы бясцэнны скарб”.

Як паведаміў старшыня яго аргкамітэту, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, у дзвюх намінацыях – паэзія і проза – прынялі актыўны ўдзел не толькі беларускія, але і расійскія аўтары. Гэта не выпадковасць, бо старажытны Добруш вякамі стаіць на беларуска-рускім памежжы і першым сустракае ў Беларусі нашых сяброў. А іх у нас сапраўды шмат. Так сталася, што пераможцамі ў арганізаваным абласным аддзяленнем СПБ літаратурным конкурсе “Наш Добруш – душы бясцэннай скарб” таксама сталі адразу двое пісьменнікаў: беларус Мікола Ждановіч (жыве ў горадзе над Сожам, за верш “Добрушскі вальс”) і рускі паэт Леанід Север (жыве ў Няклінаўскім раёне Растойскай вобласці Расіі, за верш “Добрушу”).

Згодна сумеснага рашэння арганізацыйнага камітэту, журы і Савета абласнога аддзялення спецыяльнымі дыпломамі ў Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы будуць адзначаны яшчэ некалькі творцаў. І не толькі з Гомельшчыны, але і з суседняй Магілёўчыны. Так, фіналістамі творчага спаборніцтва прызнаны паэты-гамяльчане Тамара Кручэнка, Ніна Шклярава, Ала Бялькова, Дар’я Дарошка, Людміла Яськова з Добруша, якія даслалі на конкурс вельмі цікавыя і высокамастацкія паэтычныя творы. У ліку фіналістаў і аўтары, якія не з’яўляюцца членамі пісьменніцкай арганізацыі, але плённа супрацоўнічаюць з ёю – паэтка Вера Стасенка з горада Слаўгарада Магілёўскай вобласці і маладая дабрушанка Аляксандра Капылова. А за лепшае эсэ ці кароткае апавяданне спецыяльны дыплом аргкамітэту конкурсу атрымаюць члены Саюза пісьменнікаў Беларусі празаікі Ганна Атрошчанка (апавяданне “Пераростаўцы”), Алег Ананнеў (апавяданне “Чаму п’едэсталы высокія”), а таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй”,  Ірына Чайкова (эсэ “Гэта ўсё маё!»).   

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Яндекс.Метрика