Мастацкія асаблівасці новых твораў, пошук цікавага актуальнага зместу, незацёртых формаў у сучаснай беларускай паэзіі былі ў цэнтры ўвагі абласнога семінара паэзіі і паэтычных перакладаў, які арганізаваны абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і прайшоў у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна.
Праграма была досыць насычаная і актуальная. Найперш удзельнікі пастаянна дзеючага семінара, а ў ім бралі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, члены абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова”, аматарскіх літаратурных аб’яднанняў вобласці, аўтары-пачаткоўцы, работнікі бібліятэк г. Гомеля і студэнты філіяла МІТСО аддалі даніну павагі выдатнаму беларускаму паэту Міколе Мятліцкаму. Пранікнёным і хвалюючым, напоўненым радкамі высокай паэзіі, было паведамленне-аналіз творчасці “Наш гонар і наша памяць” да 70-годдзя са дня нараджэння пісьменніка-земляка, якое зрабіла яго аднакурсніца, паэтэса і перакладчык Тамара Кручэнка.
“Бягучы момант цікавы вялікай колькасцю міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў. І літаратарам-прафесіяналам, і пачаткоўцам варта актыўна ўдзельнічаць у іх. Перамагаюць, зразумела, не ўсе. Але ў выпадку перамогі перад стваральнікамі высокамастацкіх твораў, упэўнены, адкрываюцца новыя творчыя магчымасці”, – канстатаваў, абапіраючыся на шматлікія прыклады творчых перамог пісьменнікаў рэгіёна за апошні час і аналізуючы сёлетнія творчыя конкурсы, старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч.
“Радкі, правераныя часам” – менавіта так ахарактарызавала зборнік “З чыстай крыніцы” паэтэса, перакладчык і крытык Галіна Рагавая. Аўтарка – Галіна Гузянкова – піша пра роднае і блізкае, і гэта яе жыццёвы прыярытэт, канстатавала рэцэнзент. “Яна піша проста пра тое, што хвалюе кожнага чалавека: пра непаўторнасць родных мясцін, пра людзей, то жывуць побач, пра каханне і веру. Не выпадкова. У іх жыве душа народа. Вершы і балады кранаюць мяккай лірычнасцю і маюць набліжанасць да народных паэтычных традыцый…”
Паэзія, як і ўсякі від творчасці, знаходзіцца ў пошуку. Гэта і пошук цікавага актуальнага зместу, і цікавых, незацёртых формах падачы тэксту. У большай ступені пошукі новага уласцівы маладым творцам, паэты ж сталага ўзросту, не адмаўляючы навізны жанраў, перавагу аддаюць класічным формам, у межах якіх добры аўтар заўсёды знойдзе магчымасць сказаць цікавае і закрануць сэрца чытача. Пра гэта далей ішла зацікаўленая размова на семінары.
Да друку рыхтуецца 24 нумар абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына”, у якім, у асобным раздзеле, прадстаўлены паэтычныя спробы ўдзельнікаў Абласнога літаб’яднання “Слова”. Перад тым, як іх вынесці на чытацкі суд, вершы абмеркавалі на семінары. Грунтоўны аналіз падрыхтавала паэтэса, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Дар’я Дарошка. У цэнтры ўвагі крытыка і ўдзельнікаў семінара былі новыя вершы У.Чараўхіна, А.Асёнчык, Н.Нікіцінай, В.Кузняцова, В.Шпакавай, І.Краўцова, А.Скачкова, А.Крупадзёравай, С.Старыкава, А.Кавалёва, М.Петрыяшвілі, Г.Ласаевай, А.Капнінавай і іншых. Канстатаваліся пры гэтым як станоўчыя мастацкія асаблівасці вершаў асобных аўтараў, так і недахопы ў тэхніцы вершаскладання, якіх варта пазбягаць.
Завяршыўся творчы семінар аналізам зборніка перакладаў паэтаў свету «Зямля – наш агульны дом», выдадзенага абласным аддзяленнем СПБ (падрыхтаваў Міхась Сліва), а таксама творчым знаёмствам з маладымі аўтарамі, якія ўпершыню бралі ўдзел у мерапрыемстве.
Мікалай ІГНАТОВІЧ; прэс-служба ГАА ГА «СПБ»