Літаратары Гомельшчыны пры падтрымцы Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна прынялі ўдзел у фармаце анлайн у круглым стале “Паэзія на ўсе часы: творы і творцы”, які праводзіўся 17 мая ў межах Рэспубліканскага фестывалю паэзіі “Масты сугучнасці” ў дзяржаўнай ўстанове культуры “Мастоўская раённая бібліятэка” Гродзенскай вобласці.

З паведамленнем-экспрэс-прэзентацыяй зборніка крытычных артыкулаў, рэцэнзій, водгукаў “Ветразь надзеі”, які выдадзены ў студзені 2024 года ў КПУП “Калор” г. Мазыра па выніках 10 семінараў паэзіі і прозы Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры абласной пісьменніцкай арганізацыі на форуме выступіў Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч,  старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Выступоўца закрануў шматлікія аспекты творчай работы абласной пісьменніцкай арганізацыі, накіраванай на павышэнне якаснага ўзроўню і стварэнне высокамастацкіх твораў, папулярызацыі выдадзеных  мастацкіх кніг ў грамадстве і максімальнага набліжэння іх да чытачоў праз сумесную працу з бібліятэчнай сістэмай рэгіёна.

У сваю чаргу Алег Валянцінавіч Ананьеў, паэт, перакладчык, член абласнога аддзялення ГА “СПБ”, кіраўнік творчых семінараў ГАА ГА “СПБ”,  пазнаёміў удзельнікаў круглага стала з паэтычным зборнікам “Родные родники” таленавітага рускага паэта Леаніда Юр’евіча Севера (кніга выдадзена ў 2022 годзе Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ у КПУП “Калор” г. Мазыр” з нагоды прысваення аўтару Міжнароднай літаратурнай прэміі “Вернасць Слову”). Пісьменнікам прадстаўлены глыбокі аналіз твораў паэта, грамадскага і культурнага дзеяча Расіі,  аднаго з заснавальнікаў Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы” (Л.Ю. Север лічыў Гомельшчыну сваёй малой Радзімай: у 11 год разам з бацькамі ён пераехаў у Гомель з Таганрога, дзе і адбылося фарміраванне яго асобы), які 8 кастрычніка 2023 года пайшоў з жыцця.

У тэлемосце ад Гомельшчыны прынялі ўдзел таксама паэты Тамара Кручэнка, Міхась Болсун, Мікола Ждановіч, Лідзія Долбікава, Ала Бялькова, драматург і рэжысёр Аляксей Бычкоў.

Ад абласнога аддзялення СПБ Мастоўскай цэнтральнай бібліятэцы з нагоды першага рэспубліканскага паэтычнага форуму будзе перададзены  спецыяльны падарунак – новыя кнігі з аўтографамі гомельскіх творцаў.

У працы круглага стала таксама прынялі ўдзел паэты – члены ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з іншых абласцей, паэты-аматары г. Масты і Мастоўскага раёна, даследчыкі, тэарэтыкі паэтычнага мастацтва, аматары літаратуры – прадстаўнікі грамадскасці, навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна.

Ад імя арганізатараў форуму (Грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт) кіраўнік Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Людміла Антонаўна Кебіч шчыра падзякававала літаратарам Гомельшчыны за падтрымку і актыўны ўдзел у новым рэспубліканскім паээтычным форуме.

Прэс-служба ГАА ГА “СПБ”

Яндекс.Метрика