Прайшло ўжо больш двух гадоў, як няма з намі пісьменніка Васіля Ткачова. Выдатны драматург, празаік, публіцыст, крытык, ён заўсёды застанецца ў сэрцах усіх, тых жыў, працаваў разам з ім, сябраваў, проста сустракаўся і ведаў яго.

…Упершыню пра Васіля Ткачова я даведаўся, калі ў 1985 годзе пераехаў на жыхарства і працу ў горад Рагачоў Гомельскай вобласці. Многія ўжо бачылі і ведалі гэтага свайго земляка – ураджэнца вёскі Гута Рагачоўскага раёна. Ён жыў у Гомелі, працаваў у сродках масавай інфармацыі, а затым узначаліў абласное аддзяленне пісьменніцкага саюза. Часта прыязджаў на сваю малую радзіму, сустракаўся з чытачамі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і ўстаноў, у бібліятэках горада і раёна. Памятаю, якія шчырыя і добрыя былі водгукі ад сустрэч з пісьменнікам, ад яго твораў, якія ён па-майстэрску, артыстычна чытаў. І што характэрна – заўсёды заканчваў свае выступленні на гумарыстычнай ноце.

Васіль Юр’евіч ахвотна падстаўляў плячо пачынаючым аўтарам, актыўна збіраў маладыя таленты, творы літаратараў друкаваў у многіх арганізаваных ім выданнях – часопісе “Славяне”, зборніку “Настрой” і іншых. Пашанцавала і мне, тады яшчэ пачынаючаму аўтару гумарыстычных твораў: пісьменнік прапанаваў змясціць у тых выданнях і некалькі маіх гумарэсак. Дапамогу і падтрымку Васіля Ткачова адчувалі многія літаратары Гомельшчыны.

Праз некаторы час Васіль Юр’евіч запрасіў мяне выступіць разам з ім у санаторыі “Прыдняпроўскі”, які знаходзіцца каля Рагачова. У той час у мяне было выдадзена ўсяго два невялікія зборнікі гумарэсак і мініяцюр, а ў яго – каля дзясятка кніг, прытым якіх! Чытачы ўжо ведалі цікавыя і запамінальныя творы гэтага таленавітага аўтара, таму пасля нашага выступлення многія падышлі, каб набыць яго кнігі. І вось тут Васіль Юр’евіч зрабіў свайго роду джэнтльменскі жэст – запрасіў жадаючых набыць менавіта мае кніжачкі, сказаўшы цёплыя словы ў мой адрас. Падтрымаў, як бачым, маладога, пачынаючага літаратара.Дарэчы, тая сустрэча з чытачамі на такім узроўні была першая ў маім жыцці. Таму забыць яе і ініцыятара таго мерапрыемства – Васіля Ткачова немагчыма.

Потым мы прыехалі да мяне дамоў, селі за гасцінны стол, узялі па чарцы і спявалі песні – як сучасныя папулярныя, так і народныя. Трэба сказаць, што Васіль Юр’евіч хораша і многа спяваў. Любіў жыццё і людзей.

Праз некалькі гадоў Васіль Юр’евіч прапанаваў мне напісаць заяву на ўступленне ў тагачасны Саюз пісьменнікаў. Правёў пасяджэнне савета аддзялення і падрыхтаваў неабходныя дакументы для прыёму ў пісьменніцкую арганізацыю. Мне заставалася толькі ўзяць дзве рэкамендацыі ў вядомых пісьменнікаў-гумарыстаў. Але я нечакана захварэў і трапіў у бальніцу, а калі паправіўся – сітуацыя змянілася: утварыўся сучасны Саюз пісьменнікаў Беларусі, у які я з радасцю ўступіў у 2006 годзе.

З таго часу мы рэгулярна сустракаліся і ўдзельнічалі ў ў розных цікавых і карысных літаратурных мерапрыемствах у абласным цэнтры, у многіх гарадах і раёнах Гомельшчыны, а іх праводзілася і праводзіцца вельмі многа. З асаблівым задавальненнем пісьменнік прыязджаў у родныя мясціны, тут – у сельскіх Дамах культуры з удзелам сталічных літаратараў – мы адзначалі яго юбілеі – 60-годдзе і 65-годдзе з дня нараджэння. Тут, сярод землякоў, пісьменнік набіраўся сілы і моцы, з кожным годам пісаў і выдаваў усё больш вельмі цікавых твораў. Дарэчы, аб гэтым сведчыць і праведзенае бібліятэкарамі краіны апытанне чытачоў – кнігі Васіля Ткачова былі на адным з першых месц па папулярнасці.

Я ўдзячны пісьменніку яшчэ і за тое, што ён пасля выхаду ў свет маёй чарговай кнігі пісаў рэцэнзіі або кароткія анатацыі, якія змяшчаў у перыядычных выданнях, прапагандаваў маю творчасць, пісаў прадмовы да зборнікаў. Ён часта тэлефанаваў мне, дзяліўся літаратурнымі навінамі, уражаннямі ад прачытаных кніг і публікацый. Запрасіў мяне на сваю перадачу “На прызбе з Васілём”, якую ён вёў на Гомельскім абласным тэлебачанні.

Што яшчэ цікава: Васіль Юр’евіч у сваіх творах часта выкарыстоўваў імёны і прозвішчы сваіх землякоў, узнаўляў асобныя важныя падзеі, якія адбываліся на яго малой радзіме. Пісьменнік за ўласныя сродкі зрабіў і ўстанавіў помнік аднавяскоўцам – жыхарам яго роднай вёскі Гута, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сваю любоў і пашану да выдатнага пісьменніка, які сваёй творчасцю праславіў родны край, землякі выказалі тым, што прысвоілі яму званне “Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна”, запрашалі яго на мерапрыемствы, якія мелі важнае грамадскае значэнне. І цяпер прысвячаюць яму шматлікія літаратурныя падзеі, самадзейныя артысты ставяць спектаклі па яго творах. А Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі штогод праводзіць літаратурныя конкурсы сатырычнай і іранічнай паэзіі і прозы імя Васіля Юр’евіча Ткачова. Памяць аб пісьменніку ўшанавана і такім чынам: на доме, дзе ён жыў і пісаў свае творы, па ініцыятыве савета абласнога аддзялення СПБ устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар знакамітага чалавека.

На здымку: Васіль ТКАЧОЎ (у цэнтры) з літаратарамі Гомельшчыны.

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика