У ельскім аграгарадку Зашыр’е адбыліся ХIII   «Славянскія літаратурныя дажынкі-2018»

ЦІШЫНЯ пануе на прыбраных хлебных нівах. З пералётнымі птушкамі адлятае ў вырай жнівеньскае цяпло. Асенняга дажджу чакаюць засеяныя азімымі збожжавымі прасторныя палі ельскага КСУП “Саўгас “Камуніст”. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі, аграгарадок Зашыр’е, у чарговы раз на пачатку восені прымала ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі-2018” і II Форуму маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”. На залітай сонечнымі промнямі плошчы аграгарадка гасцей з творчых саюзаў пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны хлебам-соллю сустракалі намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Аксана Захарчанка, кіраўнік КСУП “Саўгас “Камуніст”, член саюза пісьменнікаў Беларусі Рыгор Бабчанок, дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Яўгенія Шадрына і хлебаробы.
 
 

Напярэдадні ўдзельнікі форуму, літаратары з Беларусі, Расіі і Украіны, прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці ў Гомелі мемарыяльнай дошкі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоля Грачанікава, пазнаёміліся з жамчужынай абласнога цэнтра — палаца-паркавым комплексам Паскевічаў, у гарадскім Цэнтры культуры Гомеля ўдзельнічалі ў прэзентацыі зборнікаў паэзіі “Берагі дружбы” і “Дзясна”. Па дарозе да зашырскіх хлебаробаў наведалі Палескі дзяржаўны аграрны каледж імя В.Ф. Міцкевіча. На папярэдніх фестывалях гасцей прымалі старажытныя Тураў, Петрыкаў, Мазыр, Жыткавічы.

Адкрываючы творчы вечар ў прасторнай зале Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў хлебаробаў за цёплы прыём і ўручыў граматы прадстаўнікам гаспадаркі за плённую творчую дзейнасць на ніве культуры, актыўную падтрымку праектаў літаратараў Гомельшчыны, падрыхтоўку і правядзенне 13 Міжнароднага форуму творчых саюзаў трох славянскіх народаў. Ён стаў літаратурным брэндам рэгіёна і сабраў сёлета каля сотні ўдзельнікаў з Масквы, Мінска, Кіева, Краснадара, Курска, Бранска, Таганрога, Сумаў, Гомеля.

Намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Аксана Захарчанка адзначыла, што ў творчасці няма мяжы, і запэўніла гасцей: палешукі заўсёды рады вітаць іх на сваёй зямлі.
Намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Аксана ЗАХАРЧАНКА (першая злева) з удзельнікамі літаратурнага свята.

Пасля мінулагодніх літаратурных “Дажынак” убачылі свет новыя кнігі паэзіі, прозы, пераклады на мовы суседніх краін. Падведзены вынікі і названы пераможцы творчых конкурсаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, конкурсу маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”. Сярод лаўрэатаў і прадстаўнікі Ельскага раёна.

Сярод фіналістаў конкурсу “Мая Перамога — мая Пабеда” педагог Дабрынскай сярэдняй школы Дыяна Неўмержыцкая. Настаўніца сярэдняй школы № 2 горада Ельска Алена Шыкун — дымпламант конкурсу імя Леаніда Гаўрылава. Яе літаратурнае эсэ “Вясёлка — усмешка свету”, прысвечанае 80-годдзю беларускага пісьменніка Анатоля Грачанікава, прызнана лепшым. Пераможцам літаратурнага конкурсу “Табе пяю, мая малая радзіма” стаў выхаванец ельскай сярэдняй школы № 1 Аляксей Кольчанка.

Летась свет убачыла цікавае выданне дырэктара Ельскай школы-інтэрната Якава Ліпскага — педагагічны роздум “Права на жыццё”, у якім распавядаецца пра людзей, што выхоўваюць дзяцей у школе-інтернаце. Педагагічная кніга зацікавіла ўдзельнікаў форуму, педагогаў па адукацыі.

Сярод навінак — сумесны зборнік твораў беларускіх і ўкраінскіх аўтараў “Дзясна”, а таксама зборнікі гомельскіх літаратараў і іх калег з Растоўскай, Бранскай, Курскай абласцей і Краснадарскага краю Расіі. Творчы ўраджай дапоўніў і альманах ”Літаратурная Гомельшчына-2018”, прысвечаны Году малой радзімы.
Старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ уручае грамату кіраўніку гаспадаркі Рыгору БАБЧАНКУ.

Госці чыталі палескім хлебаробам свае вершы на трох славянскіх мовах, гучалі найбольш яркія ўрыўкі з празаічных твораў.

Трохмоўе цудоўна пераплялося ў вершаваным прывітанні ўкраінкі Вольгі Сафронавай, якая жыве і працуе ў расійскім Таганрогу. Мілагучна прагучаў беларускамоўны радок “І шчырага сэрца жар я вам, сябры, прынесла!”.

Растоўскі літаратар Леанід Север узгадаў пра свайго дзеда, які пасля вызвалення паўднёвых рускіх гарадоў на беларускай зямлі прымаў удзел у аперацыі “Багратыён”.

Старшыню Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоля Міроненку, як і іншых гасцей, крануў прыгажосцю і парадкам палескі аграгарадок. Прыемна было прайсціся па патанаючых у зеляніне і буйстве кветак вуліцах Зашыр’я. Завіталі творцы ў дзіцячы сад і сярэднюю школу, дзе падаравалі бібліятэцы свае новыя кнігі.

Асабліва здзіўлены былі ўдзельнікі форуму цудоўна створаным музеем палескай культуры пад адкрытым небам.

Пакідаючы Зашыр’е, літаратары шчыра дзякавалі за сардэчнае цяпло і выказалі пажаданне і надалей ладзіць такія сустрэчы на гасцепрыімнай беларускай зямлі, багатай на гісторыю, ветлівых і працавітых людзей.

Уладзімір СУБАТ, «СГ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика