ЮБІЛЕЙ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ ІВАНА НАВУМЕНКІ АДЗНАЧЫЛІ Ў ГОРАДЗЕ НАД СОЖАМ

           16 лютага  народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, Заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, акадэміку Івану Якаўлевічу Навуменку споўнілася б толькі 95 гадоў. Да гэтай значнай падзеі ў творчай лабараторыі Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны  у абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна былі прымеркаваны чарговыя заняткі- творчая вечарына “Ён быў сынам сваёй эпохі”.

           Мерапрыемства адкрыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза  пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. Ён адзначыў значную ролю пісьменніка ў  станаўленні і развіцці беларускай літаратуры, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Іванам Якаўлевічам Навуменкам падчас студэнцкіх гадоў.

  • Запамінальнай для мяне асабіста стала літаратурная вечарына і сустрэча з пісьменнікам-земляком 11 снежня 1985 года: якраз выйшла з друку адной кнігай яго раманы “Летуценнік” і “Смутак белых начэй”, і на  адмысловую прэзентацыю сабралася не менш двух соцен прыхільнікаў творчасці Івана Навуменкі, – адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч. – Цікава было пачуць ад самога аўтара не толькі, як пісаліся гэтыя надзвычай цікавыя творы, але і як праходзіла яго дзяцінства ў Васілевічах, што ў Рэчыцкім раёне на Гомельшчыне, як у семнаццацігадовым узросце яму давялося ўключыцца ў падпольную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, працягваць гэту барацьбу ўжо як сувязны і баец партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі, а потым аказацца на перадавой, і многае іншае. Пісьменнік быў шчыры з аўдыторыяй, падрабязна адказваў на вусныя пытанні і запіскі з залы. А яшчэ, апасля, падпісаўшы мне сваю новую кнігу, Іван Якаўлевіч моцна паціснуў мне руку, сказаўшы:” Вельмі мала ў нас настаўнікаў-мужчын, спадзяюся, што Вы, Уладзімір, будзеце трымацца аднойчы выбранай прафесіі”. Так і адбылося, я працяглы час працаваў у школе настаўнікам і дырэктарам, і ўжо сваім вучням расказваў пра пісьменніка-земляка…”

На памятнай вечарыне ў гонар Івана Навуменкі размова ішла пра  творчыя вехі літаратара, падкрэслівалася, што памяць пра ваеннае ліхалецце ён пранёс праз усё жыццё. Падзеі вайны, гераічная барацьба супраць нямецкіх захопнікаў ляглі ў аснову многіх яго твораў, прычым адлюстраваны яны на высокім мастацкім узроўні. Напрыклад, зборнікі апавяданняў пісьменніка “Семнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, аповесць “Вайна каля Цітавай копанкі” сталі яскравай старонкай беларускай літаратуры. Яго раманы “Смутак белых начэй”, “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці” і іншыя і сёння могуць служыць высакароднай справе патрыятычнага выхавання.

Як вядома, самы вядомы афарызм Івана Навуменкі – “кніга адкрывае свет”. І яго ўласныя кнігі  такія. Усё, напісанае Іванам Навуменкам, нязменна пазначана адметнасцю яго пісьменніцкага таленту і самой асобы, якой па плячу былі  і дзяржаўныя справы.

Удзельнікі і эксперты творчай лабараторыі Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны, а імі былі вучні СШ № 56  г. Гомеля,  змаглі пабачыць на тэлеэкране ўрыўкі з інтэр’ю Івана Навуменкі, якое пісьменнік даваў пры жыцці, пачуць яго голас, даведаліся пра тое, што ён вельмі любіў свае Васілевічы і сваю Гомельшчыну, часта наведваўся на малую радзіму. А яшчэ школьнікі разам з дарослымі прынялі ўдзел ў літаратурна-музычнай кампазіцыі па творчасці Івана Навуменкі, адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны, атрымлівалі за правільныя адказы сувеніры. 

Дарэчы, у межах юбілейнай вечарыны класіка беларускай літаратуры адбылася і акцыя кнігадарэння: старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч перадаў чытачам абласной універсальнай бібліятэкі сваю новую кнігу прозы “Агледзіны” з аўтографам-пажаданнем: любіць свой родны край, як яго любілі сапраўдныя мастакі слова – гонар нашай сінявокай і незалежнай Беларусі.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

На здымках: у час мерапрыемства ў Літаратурным музеі пісьменнікаў Гомельшчыны.

Яндекс.Метрика