8 верасня будзе адзначацца 80-годдзе вядомага беларускага паэта лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі Анатоля Грачанікава. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання Саюз пісьменнікаў Беларусі ў сувязі з гэтай датай аб’явіла 2018 год на тэрыторыі Гомельшчыны Годам ушанавання памяці нашага таленавітага земляка.

На працягу 9 месяцаў праведзена шэраг літаратурных сустрэч пісьменікаў аддзялення з чытачамі, на якіх вялася размова аб творчай спадчыне паэта. Аддзяленнем СПБ быў аб’яўлены абласны літаратурны конкурс, прысвечаны 80-годдзю А.С. Грачанікава. У ім прынялі ўдзел звыш 80 канкурсантаў – настаўнікі, вучні, навучэнцы, студэнты, спецыялісты розных сфер народнай гаспадаркі. У Дзень памяці паэта лаўрэатам і фіналістам конкурса будуць уручаны памятныя дыпломы. Плануецца таксама, што ўладальніку Гран-пры абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, таксама прысвечанага 80-годдзю А.Грачанікава,  на Міжнародным фестывалі-свяце  “Славянскія літаратурныя дажынкі-2018” сімвалічныя падарункі ўручаць  і члены сям’і паэта.

Нагадаем, што Гомельскае аддзяленне СПБ раз на пяць гадоў прысуджае самым актыўным аўтарам абласную літаратурную прэмію ў гонар нашага таленавітага земляка, які так рана і трагічна пайшоў з жыцця. Усяго ёю адзначана 4 гомельскія літаратары – прадаўжальнікі творчай справы паэта.

Увогуле, за апошнія 10 гадоў на Гомельшчыне па ініцыятыве пісьменніцкай грамады прайшло 4 абласныя літаратурныя конкурсы, прысвечаныя А.С. Грачанікаву. А ў 2013 годзе абласная пісьменніцкая арганізацыя арганізавала юбілейныя ўрачыстасці на малой Радзіме пісьменніка – у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна з удзелам пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны.

Разам з тым, Савет аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі   студзені 2018 года ініцыяваў правядзенне дабрачыннай акцыі сярод членаў абласной пісьменніцкай арганізацыі і ўсіх жадаючых па зборы сродкаў на выраб мемарыяльнай дошкі на доме па перавулку Пушкіна, 2а, дзе з 1964 па 1969 гады жыў выбітны паэт. І 32 літаратары аддзялення ахвяравалі ўласныя сродкі на стварэнне  мемарыяльнага знаку. Паэт і мастак Генадзь Говар, па просьбе кіраўніцтва аддзялення СПБ, распрацаваў макет дошкі, які быў вынесены на зацвярджэнне ў гарвыканкам і аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі. І  годная справа, дзякуючы агульным старанням, завяршылася паспяхова.

Савет Гомельскага абласнога аддзялення СПБ выказвае падзяку Гомельскаму гарвыканкаму, КЖРЭУП «Цэнтральнае» за падтрымку нашай ініцыятывы.

7 верасня ў 11.30  на доме, дзе жыў беларускі паэт Анатоль Грачанікаў (перавулак Пушкіна, 2а) будзе ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў яго гонар. Ва ўрачыстасці прымуць удзел: сям’я паэта, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніцтва Гомеля і вобласці, калегі і сябры слыннага літаратара, пераможцы абласных літаратурных конкурсаў, якія арганізавала Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Запрашаем усіх гамяльчан і гасцей абласнога цэнтра аддаць даніну павагі выдатнай асобе, яркаму прадстаўніку беларускай літаратуры, нашаму земляку А.С. Грачанікаву.

Прэс-служба Гомельскага аддзялення СПБ

 

Наша даведка.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

А.Грачанікаў нарадзіўся 08.09.1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і служачага.

Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960-1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962-1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965-1967). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969-1971 гг. — загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», а ў 1971-1976 гг. — намеснік старшыні праўлення СП БССР. З 1976 г. — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 г. — часопіса «Бярозка», з 1982 г. — часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1965 г. Памёр 07.03.1991 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1957 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты…» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (вершы і паэмы, 1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю» (1986), «Жнівень-45» (1990). Выданы на рускай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Усесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага (1978). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае».

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э.Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан — значыць Радзіма» (1987), М.Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы расійскіх, украінскіх, малдаўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика