Падзея

СЛОВУ БЫЛО ПРАСТОРНА

Кніжны верасень у Гомелі: горад над Сожам зрабіў сур’ёзную заяўку, каб стаць літаратурнай сталіцай славянскіх творцаў і майстроў пяра СНД

На працягу трох дзён  10-12 верасня ў Гомелі, Жыткавічах і Тураве працавалі славянскія пісьменнікі. Прадстаўнікі шэрагу творчых літаратурных саюзаў Беларусі, Расіі і Украіны сустракаліся з чытачамі, прэзентавалі мастацкае слова, а таксама знаёміліся з эканамічным патэнцыялам Гомельшчыны, здзіўляліся і здзіўлялі, а ўстановам культуры і адукацыі дарылі бібліятэчкі кніг.

Дзясяткі творчых мерапрыемстваў прайшлі ў межах  XV Міжнароднага фестываля-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», II адкрытага міжрэгіянальнага фэсту літаратуры, культуры, мастацтвы і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» і 15-годдзя Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Да 100-ГОДДЗЯ АНДРЭЯ МАКАЁНКА

Для кожнага жыхара Беларусі першы тыдзень верасня – асабліва святочны, таму что мы адзначаем вельмі значнае ў нашым духоўным жыцці свята – Дзень беларускага пісьменства. Гомельскія літаратары сёлета яго прыўрочылі да 100-годдзя свайго земляка, народнага пісьменніка Беларусі А.Я. Макаёнка. І правялі з 31 жніўня па 10 верасня Дэкаду сучаснай беларускай літаратуры. Яна стартавала творчымі справаздачамі 10 творцаў на чале са старшынёй аддзялення СПБ У.Гаўрыловічам у Ляскавіцкай сярэдняй школе (Петрыкаўскі раён), дзе літаратары правялі адразу дзве творчыя сустрэчы з чытачамі і выступілі з літаратурна-музычнай праграмай “Журавы на Палессе ляцяць”. На сваёй роднай зямлі (ураджэнец турава-жыткавіцкага краю) празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч правёў двухгадзінную прэзентацыю сваіх твораў “Палессе – мая малая Радзіма”.  З вельмі цікавай творчай справаздачай ужо другая група гомельскіх літаратараў – лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага – вельмі ярка і запамінальна выступіла ў Бялынічах, на Дні беларускага пісьменства.  Звыш трыццаці пісьменнікаў Гомельшчыны славілі імя свайго земляка Андрэя Макаёнка, прэзентавалі творы пісьменнікаў-землякоў і свае ўласныя ва ўстановах адукацыі, культуры вобласці.  Напрыклад, Валянціна Кадзетава  правяла творчую сустрэчу з вучнямі Новамаркавіцкай  школы Жлобінскага раёна,  а ў Цэнтры Інклюзіўнай культуры ў Гомелі творчы вечар правяла маладая паэтэса Дар’я Дарошка. З мэтай паглыблення ведаў вучняў пра гістарычны шлях пісьменства і друку на літаратуренае свята да будучых выратавальнікаў ў Ліцэй МНС завітаў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Гаўрыловіч…

 Усе творцы ў час Дэкады сучаснай літаратуры даносілі да юнага і дарослага чытача, што мы павінны ведаць сваю гісторыю, культуру, мастацтва, і, зразумела, чытаць творы класікаў і сучаснікаў, бо ў гэтым – аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, пра яе культуру, маральнасць і духоўнасць.

XV-ТЫ МІЖНАРОТНЫ. СТАРТ

Бадай што, сёлета быў адзін з самых яркіх і запамінальных фестываляў-свят “Славянскія літаратурныя дажынкі”, ініцыятарам і арганізатарам якіх з’яўляецца Уладзімір Гаўрыловіч. Звыш дзясятка творчых акцый адбыліся ў розных кропках горада над Сожам 10 верасня.

З самага ранку на галоўнай пляцоўцы свята – у грамадска-культурным цэнтры Гомеля – літаральна завіхурыла літаратурнае жыццё. У філіяле Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна “Славянская бібліятэка” адкрыўся 4 форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”. Фіналістаў міжнароднага літаратурнага конкурсу “Маё слова” (а іх сёлета больш сотні)  вітаў арганізатар падзеі празаік Уладзімір Гаўрыловіч, затым на чатырох творчых пляцоўках для іх правялі майстар-класы вядомыя гомельскія творцы Васіль Ткачоў і Міхась Болсун, Тамара Кручэнка і Іна Зарэцкая, іншыя пісьменнікі.

А ў гэты час на першым паверсе грамадска-культурнага цэнтра распачыналася свята Кнігі. Пісьменнікі і музыкі чыталі вершы і спявалі, а абласная бібліятэка і бібліятэкі Гомельскага, Мазырскага, Добрушскага, Рагачоўскага, Лоевского, Чачэрскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага раёнаў і горада Гомеля прэзентавалі свае інтэрактыўныя выстаўныя пляцоўкі, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў-землякоў. Так, для гасцей свята – усіх чытачоў Гомеля, а таксама ганаровых гасцей — літаратараў Беларусі, Расіі і Ўкраіны — былі прадстаўлены выставачныя праекты «З любоўю да Гомельшчыны» і «Літаратурны музей народных пісьменнікаў Беларусі, выхадцаў Гомельшчыны», выставы «Гомельшчына літаратурная», «Лаўрэаты прэміі імя Кірылы Тураўскага», «Берагі сяброўства». Тут можна было персанальна пазнаёміцца і з Іванам Шамякіным, і з Максімам Багдановічам, іншых класікаў беларускай літаратуры, за імправізаваным рабочым сталом, ролі якіх выконвалі супрацоўнікі бібліятэк Гомельскага раёна.

Адначасова ў канферэнц-зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны адбылася сустрэча-канферэнцыя ўдзельнікаў мерапрыемстваў – лідараў пісьменніцкіх арганізацый Беларусі, Расіі і Украіны – з кіраўніцтвам вядучай вышэйшай навучальнай установы Гомельшчыны,  студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта. З прывітальным словам выступіў рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Хахомаў. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, прадстаўнікі літаратурных арганізацый Расіі і Украіны дзяліліся з прысутнымі сваімі творчымі здабыткамі, чыталі вершы, абмяркоўвалі перспектывы развіцця літаратуры ў сучасным грамадстве. Удзелькі сустрэчы аднадушна падтрымалі ініцыятыву члена-карэспандэнта НАН Рэспублікі Беларусь доктара фізіка-матэматычных навук А.М. Сердзюкова і загадчыка кафедры беларускай літаратуры доктара філалагічных навук І.Ф. Штэйнера ўсталяваць каля корпуса ўніверсітэта ці ў зялёным скверы насупраць помнікі вядомаму беларускаму пісьменніку Янку Маўру і яго сыну Фёдару Іванавічу Фёдараву, заснавальніку беларускай школы тэарэтычнай фізікі, а таксама ўнеслі прапанову стварэння Літаратурнага скверу па вуліцы Ландышава, што насупраць філфака ўніверсітэта. За падтрымкай у рэалізацыі праекта “фізікі і лірыкі” мяркуюць разам звяртацца да органаў мясцовай улады – такая была прынята сумесная рэзалюцыя канферэнцыі.

А НА ГАЛОЎНАЙ ПЛЯЦОЎЦЫ…

Бурліла прэзентацыйнае жыццё. 40 кніг выдалі пісьменнікі-гамяльчане сёлета, і яны былі прадстаўлены на галоўнай фестывальнай сцэне. З прэзентацыямі выступілі, напрыклад, паэты Лідзія Долбікава і Лілія Вялічка, празаікі Васіль Ткачоў і Міхаіл Дзедавец, у выкананні спевака і кампазітара Віктара Задарожнага гучалі песні на словы гомельскіх творцаў. На сцэне, якая ні хвіліну не змаўкала цэлы дзень, выступалі і фіналісты 14 абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прэзентавалі новыя кнігі лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага.

А замежныя госці свята ў гэты час былі вельмі ўражаны ўбачаным на кандытарскай фабрыцы “Спартак” – перадавым прадпрыемствам нашай краіны. З караваем і песнямі іх сустракалі як самых дарагіх гасцей на ганку Грамадска-культурнага цэнтра, а затым усе разам – пісьменнікі трох краін і чытачы горада над Сожам адкрылі фестываль.

Адкрыццё было сімвалічным. На галоўнай пляцоўцы кіраўнік дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Расіі, сакратар, генаральны дырэктар Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоль Міроненка і старшыня Гомельсага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч запалілі свечкі – агонь дружбы, веры і дабрыні. Гэтай традыцыі таксама пятнаццаць гадоў, адзначылі яны і павіншавалі ўсіх прысутных са святамі, якія аб’ядноўваюць славян.

І вось чытачы, а таксама больш 200 прафесійных літаратараў, маладых творцаў і аматараў мастацтва слова акунуліся ў насычанае фэставае жыццё. У праграме — шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, выставы, аўтограф-сесіі, майстар-класы.

А на галоўнай пляцоўцы амаль гадзіну ішла прэзентацыя ганаровага госця “Славянскіх літаратурных дажынак” – Міжнароднага фестывалю маладзёжнай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы”, пуцёўку ў жыццё якому і далі гомельскія літдажынкі больш пяці гадоў таму. Генеральны дырэктар фестывалю “Берагі дружбы”Леанід Север і Прэзідэнт форуму Васіль Дварцоў уручылі дыплом аб прысуджэнні Гран-пры конкурсу гамяльчанцы Стасі Кацюргіной, а таксама дыпломы фіналістам, выдадзеныя кнігі і нават памятныя медалі па выніках фестывалю-пабраціма беларускага форуму з Растоўскай вобласці. Самым хвалюючым момантам стала ўручэнне кнігі “Незабыўнае” (пераклады з беларускай мовы на рускую твораў гомельскага паэта Алеся Дуброўскага, які пайшоў з жыцця ў 2014 годзе) яго сям’і, жонцы паэта Вользе Дуброўскай.

Папераменна на галоўнай пляцоўцы гучалі беларускае, рускае і ўкраінскае слова. Ад калег з Беларусі гамяльчан віталі госці фестывалю з Беларусі, Расіі і Украіны. Чыталі свае вершы і прэзентавалі новыя кнігі беларускія паэты Алесь Казека з Магілёва, Дзмітрый Радзівончык з Гродна, а таксама Васіль Дварцоў з Масквы,  Вадзім Цярохін з Калугі, Святлана Макарава-Грыцэнка з Краснадара, Людміла Ашэка, Аляксандр Дзівінскі, Алена Лявонава з Бранска, Анатоль Міроненка, Таццяна Данільчанка і Сяргей Канаваленка з Кіева, Сумской і Чарнігаўскай вобласці, Леанід Север, Вольга Звягіна з Растоўскай вобласці… 

Па блаславенню Высокапрыасвяшчэннага Стэфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага  адбылася прэзентацыя “Летапісу Гомельскай епархіі”, прысвечанай 95-годдзю стварэння і 30-годдзю аднаўлення Гомельскае епархіі.  Старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаірэй Арцемій Крывіцкі прэзентаваў гэтае выданне чытачам гэтае ўнікальнае выданне…

Сёлета ў Гомельскай вобласці прайшло сем літаратурных конкурсаў, у якіх удзельнічалі больш 2 тыс. пачынаючых аўтараў і аматараў мастацкай творчасці. «А гэта значыць, што на радзіме Кірылы Тураўскага і шматлікіх народных пісьменнікаў Беларусі ёсць добрыя магчымасці для рэалізацыі творчага патэнцыялу», — рэзюмаваў Уладзімір Гаўрыловіч. — “Трэба заўважыць, што ў ліку знойдзеных і адкрытых талентаў – і вучні, і настаўнікі, і медыцынскія работнікі, працаўнікі сельгасвытворчасці, і нават аператар кацельні. Галоўнае не  ў тым, што ўсе яны стануць сапраўднымі пісьменнікамі, а ў тым, што яны любяць слова і папулярызуюць кнігу. Гэта, бадай што, самае важнае,” — падкрэсліў арганізатар свята. Ён ўручыў па выніках форуму маладых літаратараў заслужаныя ўзнагароды лаўрэатам творчага спаборніцтва, а ў падарунак – кнігі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага.

У ГОНАР ПІСЬМЕННІКА І ЯГО ПРАЦЫ

Напрыканцы першага дня працы фестывалю адбылася яшчэ адна знакавая падзея – урачысты сход з нагоды 15-годдзя аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзел у якім прыняло кіраўніцтва вобласці і горада, духавенства, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый рэгіёна.

Цёпла вітаў удзельнікаў фэсту намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Ўладзімір Прывалаў. Ён павіншаваў літаратараў са святам, падзякаваў іх за адданасць творчай справе. «Гомельская зямля заўсёды славілася талентамі. Пісьменніцкая сям’я заўсёды ў пошуках свайго асаблівага, уносіць унёсак у захаванне традыцый і роднай мовы. Упэўнены, што межы і жанры конкурсаў і фэстаў будуць толькі пашырацца ў далейшым», — сказаў ён.

Аўтараў, чые творы прызнаны лепшымі ў розных жанрах у творчым конкурсе рукапісаў “Літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага”, ушаноўвалі ў канферэнц-зале грамадска-культурныга цэнтра. Так, у намінацыі «Драматургія» ўпэўненую перамогу атрымаў член СПБ, вядучы акцёр абласнога драматычнага тэатра, рэжысёр і драматург, аўтар шматлікіх складанак п’ес, якія былі пастаўлены ў тэатрах краіны, Аляксей Бычкоў. Ён прадставіў на конкурс новыя творы «І не забудзься пра мяне» і «Букет для Папялушкі». У ліку лепшых — малады аўтар, член СПБ Дар’я Дорошко. Дзяўчына скончыла гомельскае медвучылішча, філалагічны факультэт ГГУ імя Ф.Скарыны. Некаторы час працавала медсястрой у абласной дзіцячай бальніцы, была акторкай у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек, бібліятэкарам. Па адзнацы прафесіяналаў, яе вершы заўсёды былі моцнымі і кранальнымі. Яна страціла зрок, аднак працягнула развівацца ў паэзіі. І сёлета прызнана лепшай у намінацыі «Паэзія»за зборнік «Ні пры чым”. Лепшай у намінацыі «Дзіцячая літаратура» стала гомельская празаік і паэтка Іна Зарэцкая са сваёй «Планетай двоечнікаў». Гэта фантастычная аповесць для дзяцей і падлеткаў паднімае прэстыж прафесіі настаўніка, вучыць бескарыслівай дапамогі, сяброўству і ўзаемадапамозе. Прэмію ў намінацыі «Літаратурная публіцыстыка і крытыка» атрымала член СПБ Наталля Шемяткова, адзначаны рукапіс яе новай кнігі «Свет стане большым”. У намінацыі «Проза» перамога дасталася Ўладзіміру Гаўрылавічу. 75-годдзю Вялікай Перамогі ён прысвяціў аповесць «Святая Параскева», якая дала назву будучай кнізе. Літаратурным «Адкрыццём года» стала Майя Галіцкая. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Недойской сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна прадставіла на конкурс цыкл аповядаў «Вобразы». Майя Галіцкая не раз паднімалася на пастамент у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Зараз яна яшчэ і ўладальніца сваёй першай кнігі прозы. Усе пераможцы атрымалі выдадзеныя кнігі па выніку конкурсу рукапісаў.

Таксама на ўрачыстаці ўручаны Міжнародныя літаратурныя прэміі імя Кірылы Тураўскага з першымі медалямі “Кірыла Тураўскі. Асветнік”, заснаваныя Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў пісьменнікаў Беларусі. Гэтай высокаў узнагародай адзначаны г. Тураў і Жыткавіцкі раён, г. Гомель, Краснадарская краявая пісьменніцкая арганізацыя Саюза пісьменнікаў Расіі, згуртаванне аўтаноміі беларусаў Няклінаўскага Раёна Растоўскай вобласці, абласная бібліятэка імя У.І. Леніна і персанальна кіраўнік абласнога аддзялення Фонду Міру Цімафей Глушакоў.

Прыемныя сюрпрызы чакалі і літаратараў-гамяльчан. Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесем Казека былі ім ўручаны граматы, ад імя Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў уручыў аддзяленню СПБ медаль М.Шолахава, ад імя Саюза пісьменнікаў Украіны – медаль “За вернасць слову” абласной пісьменніцкай арганізацыі і яе лідару.

Ад імя Уладыкі Стэфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага  старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаірэй Арцемій Крывіцкі уручыў медалі святога праведнага Іаана Кармянскага і прыпадобнай Манефы Гомельскай, а таксама арзіерэйскія граматы за значны ўклад у папулярызацыю мастацкай і праваслаўнай кнігі і выхаванне падрастаючага пакалення ўсім, хто асабліва актыўна працаваў у гэтым накірунку. Таксама протаірэй Арцемій уручыў дыпломы і памятныя падарункі пераможцам абласнога конкурсу “Праваслаўе – мая надзея”, які арганізаваны Гомельскай епархіяй сумесна з Гомельскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Для ўдзельнікаў урачыстасці гучалі словы віншаванняў і падзякі за ўклад у развіццё літаратуры, былі выкананы музычныя нумары творчымі калектывамі Гомеля.

СВЯТА ДОЎЖЫЛАСЯ…

Шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, выставы, аўтограф-сесіі, майстар-класы адбыліся 11і 12 верасня верасня ў рамках новага форуму – II адкрытага міжрэгіянальнага фэсту літаратуры, культуры, мастацтвы і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» і свята горада Гомеля, у межах якіх адбыліся круглыя сталы аб падтрымцы творчай моладзі, а таксама падпісаны дагаворы аб творчым супрацоўніцтве Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Краснадарскай краявой пісьменніцкай арганізацыяй, Калужскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Расіі.

Удзельнічаючы ў форуме ў Гомелі, славянскія пісьменнікі заявілі, што будуць прыкладаць намаганні, каб повязь самых блізкіх культур і літаратур, які народаў, ніхто не мог разарваць, як бы гэтага каму не хацелася.

(будзе дапаўняцца).

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

IMG_20200910_114504_1
IMG_20200910_114724_1
IMG_20200910_114821
IMG_20200910_115100
IMG_20200910_115717_1
IMG_20200910_115835
IMG_20200910_115923
IMG_20200910_120135_1
IMG_20200910_120832_1
IMG_20200910_120951_1
IMG-0cafd8a6f50c05a71c9c1174b9d08b84-V
IMG-06064c887e424685b888695e39286190-V
IMG-6395ef74f734c1d2f55888be80309f54-V
IMG-41159e965e47892dc1e1c944ccc17555-V
IMG-53816cb41c0e695ad7af6fe3bc98be10-V
IMG-9104107d50700fcc62575e7307c9fde9-V
IMG-caa6f747dad02a2b78dd9adff0c65483-V
i
i-2
IMG_20200910_153255_HDR
В Гомель съезжаются творческие делегации из Беларуси, России и Украины

  • Улад ПРЫАЗЁРНЫ
  • Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
  • Будзе дапоўнена!
Яндекс.Метрика