У межах ХIII Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” ў абласным Доме прафсаюзаў прайшоў ІІ Форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”.

Яго ўдзельнікамі сталі 46 фіналістаў  5 абласных творчых конкурсаў, якія ініцыяваны і праведзены абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання  “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Сярод пераможцаў конкурсаў “Мая Перамога. Моя Победа”, “Да Году малой Радзімы”, “Да 80-годдзя паэта, празаіка, перакладчыка Анатоля Грачанікава”, “Да 100-годдзя паэта-франтавіка Леаніда Гаўрылава”, “Захаваем мір разам!” (дарэчы, у іх прымалі ўдзел больш за 1300 аматараў мастацкай творчасці Гомельшчыны)  былі не толькі школьнікі, навучэнцы з розных устаноў адукацыі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, але  і педагогі, работнікі культуры, сельскай гаспадаркі,  прадстаўнікі іншых сфер.

 

 

 

У зале пасяджэнняў Гомельскага аб’яднання прафсаюзаў фіналістам уручылі заслужаныя ўзнагароды за творчасць – спецыяльныя дыпломы і падарункі як абласной пісьменніцкай арганізацыі, так і абласных прафсаюзных арганізацый работнікаў адукацыі і навукі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Так, спецыяльны дыплом за падрыхтоўку вучня 10 класа, уладальніка Гран-пры конкурсу “Захаваем свет разам!” Святаслава Макарэвіча, які лепей за ўсіх канкурсантаў у трох турах па-майстэрску прачытаў урывак з твора Анатоля Грачанікава “Крывавая балада”, атрымала  настаўніца Чырвоненскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Валянціна Мікалаеўна Купрацэвіч.

У прыватнасці,  яна адзначыла:

– Я шчыра ўдзячна ўсім арганізатарам за такі цудоўны форум, за вялікую ўвагу з боку як гомельскіх літаратараў да пачынаючых аўтараў, выканаўцаў, чытальнікаў. Тое, што і майго вучня заўважылі, ацанілі (мы ж жывем  у палескай глыбінцы, гэтак далёка да абласнога цэнтра) вельмі важна і значна, стымулюе і надалей займацца творчасцю.

Цёпла павіншаваў з творчымі дасягненнямі  маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці рэгіёна старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі праінфармаваў удзельнікаў Форуму (усе дарослыя лаўрэаты з’яўляюцца членамі прафсаюза той ці іншай галіны) аб аб’яўленым Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі конкурсу на саісканне прэмій ФПБ у галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі  і аматарскай творчасці.

Удзельнікі форуму “Слова” таксама паўдзельнічалі ў майстар-класах, якія для іх правялі мясцовыя літаратары, члены Саюза пісьсменнікаў Беларусі Міхась Болсун і Тамара Кручэнка, а таксама прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі на доме, дзе ў 1964-1969-х гадах жыў вядомы беларускі паэт, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, уражэнец в. Шарпілаўка Гомельскага раёна Анатоль Грачанікаў, наведалі Музей літаратуры Гомельшчыны ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна і сталі сведкамі адкрыцця ХIII Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі-2018”.

Прэс-служба Гомельскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Фота У.Гаўрыловіча, Д.Іванова

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика