Напярэдадні 9 МАЯ ў грамадскай Школе міру, мужнасці і патрыятызму прайшоў творчы ўрок на тэму “ Свята Перамогі – святое для кожнага з нас!”, які для вучняў розных мікрараёнаў горада Гомеля правялі літаратары абласной пісьменніцкай арганізацыі.

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі, сакратар міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва па Беларусі, празаік, публіцыст і драматург, дырэктар грамадскай Школы міру, мужнасці і патрыятызму Уладзімір Гаўрыловіч, пачынаючы ўрок, падкрэсліў:


Мы, беларусы, не маем права забыць, якой цаной быў усталяваны мір у нашай краіне і ва ўсёй Еўропе. Гэта адбылося толькі дзякуючы подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. Памятаючы гераізм усяго савецкага народа, нам, людзям ХХІ стагоддзя, кожнаму на сваім месцы, звычайны ты працаўнік на заводзе альбо вучаць школы, студэнт ці кіраўнік, трэба быць вартымі гэтага подзвігу нашых папярэднікаў, не забываць і пра шматмільённыя ахвяры, пакладзеныя на алтар Перамогі. Нам як ніколі сёння найперш трэба захоўваць гістарычную праўду, шырока папулярызаваць у грамадстве знакавыя падзеі вайны, што зламалі хрыбет фашызму, не баючыся асуджаць  памкненні недружалюбных нам краін і спробы асобных тутэйшых “заклапочаных хціўцаў” перапісаць асобныя старонкі Вялікай Перамогі на свой капыл. На жаль, мы бачым па падзеях ва Ўкраіне, што на Захадзе нямала жадаючых гэта зрабіць. Нам трэба разумець: гэта  ўнукі і праўнукі гітлераўцаў і паліцаяў, чые родзічы некалі знішчалі нашу зямлю і яе людзей,  якія цяпер вельмі хочуць рэваншу. Але дарэмныя будуць усе іх патугі…

Уладзімір Гаўрыловіч прадставіў юным чытачам і іх настаўнікам як свае новыя творы, у якіх пісьменнік вядзе шчырую размову пра Беларусь і нашу незалежнасць, пра стваральную працу і пра тое, што перашкаджае нашаму мірнаму жыццю (раманы “Па веры вашай…”, “Любі бліжняга твайго…”, “Святая Параскева” і інш.), так і распавёў пра патрыятычныя творы пісьменнікаў-землякоў Івана Сяркова, Анатоля Грачанікава, Васіля Ткачова, Ізяслава Катлярова, Соф’і Шах, Міхася Болсуна і іншых. Ён заклікаў юных чытачоў сябраваць з мастацкай кнігай, імкнуцца ажыццявіць свае мары і любіць сваю малую і вялікую Радзіму.

Шмат цікавых фактаў, жыццёвых перапляценняў пра сваіх родных-франтавікоў, пра клапатлівыя адносіны да роднага дома, збудаванага яшчэ рукамі бацькоў, пра чалавечнасць і дабрыню адзін да аднаго, увогуле пра гуманізм, інтэрнацыяналізм і захаванне міру ў свеце прагучала з вуснаў настаўніка Школы міру, мужнасці і патрыятызму, літаратара Наталлі Шэмятковай. Пісьменніца піша  кранальныя вершы і празаічныя творы, якія не могуць не хваляваць сэрцы чытачоў. Наталля Генадзьеўна з задавальненнем прачытала некалькі з іх, падзялілася публікацыямі ў СМІ рэгіёна, якія могуць значна пашырыць кругагляд падлеткаў і моладзі.

Напрыканцы ўроку вучні даведаліся пра подзвіг нашага земляка Міхаіла Мароза (паглядзелі  і абмеркавалі дакументальны фільм “Шагнул первым”), які ў мірны час здзейсніў подзвіг, вынес з бульбянога поля снарад, выратаваўшы ад бяды сваіх аднагрупнікаў Аршанскага педвучылішча і атрымалі запрашэнне да ўдзелу ў абласным конкурсе на лепшы верш.

Традыцыйна перад урокам міру, мужнасці і патрыятызму старшакласнікі даведаліся пра подзвігі класікаў беларускай літаратуры, нашых землякоў І.Мележа, І.Шамякіна, І. Навуменкі і А.Макаёнка (у Музеі літаратуры Гомельшчыны для іх была праведзена цікавая  і пазнавальная экскурсія.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час урокаў, праведзеных пісьменнікамі.  

Яндекс.Метрика