Чытаючы цэнтральныя і рэгіянальныя газеты, заўсёды звяртаю ўвагу на тое, што многія журналісты – а сярод іх нямала сапраўдных публіцыстаў, ёсць празаікі і паэты – у сваіх матэрыялах пастаянна звяртаюцца да тэмы гераічнага подзвігу нашага народа, народаў былога СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны, апісваючы незабыўныя падзеі, удзел у іх воінаў і партызанаў, апавядаючы пра дапамогу ім мірнага насельніцтва, з пазіцый мінулага і нашага сёння асэнсоўваюць вытокі гераізму людзей розных нацыянальнасцей і ўзросту.  Пры гэтым асаблівую ўвагу надаюць юным змагарам з ворагам.  А іх налічваліся тысячы і тысячы. І што адметна: літаральна ўсе аўтары не толькі расказваюць пра тых, хто загінуў у барацьбе з ворагам, і пра тых, каму было наканавана застацца ў жывых, але імкнуцца зразумець унутраны стан героя і ў момант здзяйснення подзвігу, і наогул у жыцці. Гэтыя аўтары таксама імкнуцца паказаць тую непарушную сувязь пакаленняў, якая яднае ўсіх, хто па-сапраўднаму любіць Радзіму, хто заўсёды адданы ёй, хто свята беражэ заваёвы мінулага, для каго дзень сёняшні, яго здабыткі – таксама святое. І чытаючы матэрыялы такіх журналістаў, думаеш пра тое, што іх прафесіянальная і  ўвогуле грамадзянская дзейнасць павінна ўвайсці ў кнігі. Бо такія кнігі вельмі патрэбныя. Асабліва ў наш час, калі, прабачце, іншы раз пад кніжным абліччам шмат бездухонага, таго, што навязваецца нам здалёк,  што скажае  і нашу гісторыю, і дзень сёняшні, і вобраз чалавека як патрыёта і стваральніка.

     Але вось яркі прыклад адваротнага. Прыклад таго, што журналісцкі матэрыял пра падзеі вайны і чалавека на ёй, пра прыроду яго  подзвігу у імя Айчыны як складальніка агульнанароднага подзвігу,  – кніга нарысаў  Тамары Кручэнкі “Лёсаў зорныя імгненні”. Аўтар – слынная гомельская журналістка, паэт і празаік. Дачка франтавіка. Прадстаўніца нашых сучаснікаў пасляваеннага пакалення. (Тамара Віктараўна Кручэнка нарадзілася ў 1955 годзе ў Мядзелі.) Гэтая  тэма – адна з галоўных у яе журналісцкай і пісьменніцкай дзейнасці. Паццвярджэнне таму кніга, у якую яна ўключыла толькі невялікую частку сваіх матэрыялаў розных гадоў.

   Перабольшыць грамадскую і выхаваўчую значнасць кнігі Тамары Кручэнка “Лёсаў зорныя імгненні” нельга. Гомельскім аблавыканкамам  яна адзначана прэміяй імя Кірылы Тураўскага ў намінацыі літаратурная публіцыстыка і крытыка і выдадзена заснавальнікам літаратурнага конкурсу.  (Дарэчы, гэта   сведчыць пра плён цеснага супрацоўніцтва гомельскіх журналістаў і пісьменнікаў з мясцовымі ўладамі). Выданне чытаюць у бібліятэках.  Яно, ведаю, увайшло ў многія школы рэгіёна: Тамара Віктараўна не толькі часта сустракаецца са сваімі юнымі чытачамі, але і шмат працуе з творчай моладдзю ў абласной пісьменніцкай арганізацыі…

     Але хто яны, героі яе кнігі?.. Гэта людзі з розным асабістым жыццёвым і баявым лёсам.  Прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, ураджэнцы нашай зямлі, а таксама іншых рэспублік былога СССР.  Сярод іх, напрыклад,  украінец Георгій Кірылавіч Дзенісенка, Герой Савецкага Саюза. Пасля вайны жыў у гомелі, таму Беларусь лічыў сваёй другой  радзімай, а людзей усіх нацыянальнасцей, якія жывуць у нас, – сваімі братамі і сёстрамі. (Дарэчы, Георгій Кірылавіч у свой час працаваў у Саратаўскім аэраклубе і быў адным з тых, хто тады вучыў Юрыя Гагарына лятаць). А яго словы  пажадання маладым (сказаныя пісьменніцы ў 2005 годзе), каб яны пастаянна ўглядваліся ў лёсы сваіх родных і блізкіх, асведамлялі веліч Перамогі, каб жылі без вайны “с достойными делами” і сёння вельмі актуальныя для ўсіх нас, дзяцей, унукаў і праўнукаў тых, хто здабыў Перамогу. ..

    Гэта  і блізкі нам, журналістам і літаратарам па мірнай прафесіі, былы работнік друкарні, Віктар Дзмітрыевіч Вятошкін, фотацынкограф, поўны кавалер Ордэна Славы, і многія іншыя, у тым ліку і сціплыя героі вайны.

На жаль, сёння жывых іх, як і наогул былых воінаў і партызана, усё менш. Але сярод тых, хто ёсць, хто можа як удзельнік і сведка тых падзей змагання за Радзіму расказаць усім пра былое і хто таксама з’яўляецца героем кнігі,  – і мінчанін Генадзь Уладзіміравіч Юшкевіч. Імя гэтага чалавека як грамадскага дзеяча і, несумненна, як аднаго з нашых юных змагароў за Айчыну, вядома многім. У 1944-м  ва ўзросце 15 гадоў ён з групай разведчыкаў апынуўся каля логава Гітлера ў Германіі і разам з дарослымі воінамі змагаўся з ворагам. Дарэчы, у групе была  разведчыца-радыстка Ганна Марозава, якой, нагадаю, прысвечана кніга Авідзія Гарчакова “Выклікаем агонь на сябе” і па якой зняты аднаіменны фільм.

      Але далей пра юнага  разведчыка Генадзя Юшкевіча… Маці-падпольшчыца загінула… Бацька – галоўурач санчасці партызанскай брыгады… Пасля вайны на яго быў данос, затым абвінавачванне, што нібыта прыслужваў ворагу. Разабраліся: пасля 40 гадоў – галоўурач Хойніцкай райбальніцы… Усё яго жыццё, як і сына, нягледзячы ні на што, – асабістае служэнне Айчыне.

    Пісьменніца Тамара Кручэнка заўважае: маўляў, калі зыходзіць з перэпетый уласнага лёсу, у хлопца Генадзя  Юшкевіча быццам  былі прычыны пайсці па іншай дарозе. На гэтага адказ чалавека-легенды такі: “Почему я не пошел в плохую сторону? Да потому, что имел закваску соответствующую”. І гэта: “Я с малолетства усвоил, что жить надо честно”. Гэтыя якасці і дазволілі Генадзю Уладзіміравічу  жыць між людзей годна, заставацца  патрэбным ім, краіне. І сёння  таксама: ён адзіны жывы з групы “Джэк”. Г.У. Юшкевіч на заслужаным адпачынку,  піша кнігі пра былое — каб помнілі…

     Так, мы памятаем імёны тысяч і тысяч юных герояў вайны. І калі чытаеш кнігу Т.Кручэнкі “Лёсаў зорныя імгненні”,  думаеш і пра тое, што нямала юных герояў было і ёсць і ў мірны час. Пра адных ведаем, пра іншых трэба яшчэ расказаць.  Адзін з іх – Міхаіл Мароз, навучэнец  Аршанскага педвучылішча, цяпер педкаледж… Нагадаю, восенню 1977 года ён разам з аднагрупнікамі ўбіраў бульбу ў калгасе “Прагрэс” Дубровенскага раёна. І здарылася так, што па транспарцёры трактара папоўз снарад часоў вайны. Імгненне – і загінулі б усе, з трактарыстам шасцёра чалавек. Міша моўчкі ўзяў снарад, панёс з некалі поля бою, якое ўжо лічылася мірным, але… Затое выратаваў усіх…

    Што звязвала юных герояў вайны, такіх як Генадзь  Юшкевіч, і юнага героя ўжо нашага мірнага часу  Міхаіла Мароза, якому не было і  17-ці, калі здзейсніў подзвіг, – вызначаць кожнаму, каму не абыякава наша былое і сёняшняе. І калі, здараецца чуеш, што ў грамадстве цікавасць да гераічнага мінулага сваіх папярэднікаў нібыта знікае, то  разумееш, што гэта адно з жаданняў тых, хто хоча сцерці нашу гістарычную памяць. Але ж у нас ёсць ветэраны. Ёсць сведкі былога. Ёсць дакументы. Ёсць журналісты і пісьменнікі, для якіх тэма памяці святая і палымянае слова якіх пра яе патрэбнае грамадству сёння як ніколі раней. Патрэбнае і іх слова пра сувязь пакаленняў, пра прыроду подзвігу і грамадзянскай пазіцыі тады і цяпер – у імя Айчыны. Пра гэта – у наступным маім роздуме.

“Сельская газета” № 140. 5 снежня 2020г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика