(Надрукавана  ў “Сельской газете” №15921302, субота, 8 лютага 2020 г.)   

     Чытаў кнігі паэзіі аднаго са старэйшых беларускіх паэтаў Міхася Болсуна, перачытваў многія вершы, і спыніўся на гэтых… “З іх пісаць бы абразы…”, “Гімнасцёрка”, “Мая  любоў…” і “Не дай сабе права…” Яны найбольш адпавядаюць майму светаўспрыйманню. І найбольш кранаюць аўтарскай  шчырасцю.  Яны выяўляюць яго грамадзянскую  пазіцыю: заўсёды — з людзьмі. Яны пазначаны народнай мудрасцю: нясі іншым дабро, і помні які твой радавод. А мудрасць — набытак жыццёвы. У кожнага свой. І ў паэтаў – таксама. Як і лёс. І ўспамінаецца, што чуў пра гэта ў юнацтве, у сталасці, ды і цяпер: “паэт – гэта лёс”. У юнацтве  —  ад выдатнага паэта Аляксея Пысіна, франтавіка. Тады, у  60-я,  ён працаваў у абласной газеце “Магілёўская праўда” і апекаваў пачынаючых літаратараў. Неяк, разглядаючы надуманыя рыфмаванкі аднаго аўтара, сказаў: “Паэт – гэта лёс. Будзьце з людьмі. І ўсё  атрымаецца, бо да ўсяго — здольнасці ў вас ёсць”. І было зразумела, што трэба ведаць жыццё, удзельнічаць у ім, каб пісаць вартае чытача.

      Пазней гэта чуў ад выдатнага рускага паэта Ягора Ісаева ў Ялце на сустрэчы пісьменнікаў Украіны, Расіі і Беларусі (2000).  Ён сябраваў з нашымі паэтамі старэйшага пакалення, і там часта быў  з намі, беларусамі. Помніцца: лёс  паэта, і яго лёс як проста чалавека не радзяляў. (Хаця кожны гэта можа трактаваць па-свойму). А нядаўна адзін наш слынны паэт, гаворачы пра вершы некаторых пачынаючых, калі пішуць “ні пра што”,  таксама адзначыў гэта. Ды: “А як пра “нешта” без біяграфіі, як складніка лёсу? Творца павінен быць разам з людзьмі, з іх справамі.”

    Гэта і пра М.Болсуна: ён з людзьмі, з іх справамі… Нарадзіўся Міхаіл Міхайлавіч 23 лютага 1942 года ў  вёсцы Болсуны Чачэрскага раёна. (Мяжа нашых Магілёўскай і Гомельскай абласцей, і  Бранскай расійскай. Тут шмат што пераплялося ў лёсах людзей. Тут радніліся і родняцца беларусы і рускія. Тут узаемаўзбагачаюцца мовы).  Вайны  ён не помніць, але яна  ўвайшла ў яго душу, вядома ж,  на ўзроўні генетычнай памяці. І ўсё жыццё  яе водгалас  ў сэрцы як знак  лёсу. Свайго і аднавяскоўцаў, і нашага  народа… Пахавальныя, слёзы ўдоў і сірот, і твары тых, хто вярнуўся… І помніць  сваё — маці і суседкі аруць на сабе, сеяць, каб выратаваць ад голаду найперш дзяцей  — працяг радаводу  жывых, і тых, хто загінуў. І таму праз столькі гадоў — верш-лёс “З іх пісаць бы абразы…” За што? “За справы іхнія святыя…” І піша праўдзівым дакладным, хвалюючым словам,  як  многія нашы паэты сваім.  

   Так, паэт – гэта лёс. Але толькі тады, калі  яго асабісты лёс знітаваны з лёсам людзей, народа, Айчыны.  І лёс М.Болсуна менавіта такі. Паэт прайшоў разам з усімі тыя шляхі, якія прайшлі людзі яго пакалення, і не толькі яго… Верш “Гімнасцёрка”. Напачатку вайсковай службы ён прымяраў яе, параўноўваючы з бацькавай франтавой гімнасцёркай. А тая – прастрэлена на рукаве.  З людзьмі М.Болсун быў і тады, калі  юнаком працаваў рабочым у саўгасе на Украіне. І калі ўжо дома  — карэспандэнтам, а затым намеснікам галоўнага рэдактара раённай газеты ў Чачэрску і галоўным рэдактарам у Буда-Кашалёве, на абласным тэлебачанні. Бачыў, як і чым паўсюль жывуць людзі, і калі трэба было, дапамагаў,  як мог…  Пісаў пра іх нарысы. Помніць усіх. І нават гэтыя  яго вершы, на якіх я засяродзіўся – штрыхі лёса тых людзей. А праз іх —  народа, і яго, паэта,  уласнага лёсу.

   Быццам простае: паэт заўсёды з людзьмі. Але  жыццё складанае.  І тут не схібіць бы. І як чалавеку, і як творцы. Інакш слова тваё будзе пустое, не патрэбнае людзям…

    Увогуле ўся паэтычная творчасць паэта Міхася Болсуна напоўнена жыццём. З усімі яго адценямі, дзе мяжуюцца  трывога і радасць,  але заўсёды — памкненнямі да дабрыні… Трывога за свет жыцця, за лёс сёняшняга і будучых пакаленняў,  радасць за тое, што мы сёння маем. А там дзе радасць, там любоў. Да людзей, да сваёй зямлі.  Як у вершы “Мая любоў…”  Шчырая  сыноўняя ўдзячнасць  паэта ёй, землякам, за ўсё, што яна і яны далі яму. І — за тое, што там, сярод іх, чэрпае сваё натхненне. А таксама —“За мужнасць ратную і працу, // За хлебасольства ад душы”.  І, зрэшты,   “За поціск шчырае рукі, // За слова цёплае ў дарогу…”

    Да  сталай паэтычнай працы Міхась Болсун звярнуўся ў даволі шаноўным ўзросце. Першая кніга вершаў “Яблыня ў фаце” – 2004, калі яму было 62 гады. (“Фата” замест вэлюм? Памятаеце – узаемасувязь моў у яго роднай вёсцы? Апраўдана. Іншыя кнігі: “Там, дзе задумлівы Сож”, “Спатканне з поўняй”, “Пад сузор”ем дабрыні, “Роднае — блізкае”). Чаму так позна? Тлумачыцца проста: каб нешта вартае сказаць людзям ў літаратуры, трэба глыбокае ведаць  жыццё. І гэта апраўдана ўсёй паэтычнай творчасцю Міхася Болсуна. А верш “Не дай сабе права…” яскравае падцвярджэнне гэтаму. Тут найперш — зварот паэта да сябе: трэба помніць усё. Канешне, можаш і забыць, каб не абцяжарваць сябе, маўляў, маю права, маё ўласнае…Так, шмат “праў” мы маем.  І здараецца, зыходзячы з гэтага, вызначаем, як і што рабіць, каб менш мець клопату: адна з чалавечых слабасцей. Але ж ёсць і права сумлення, якое і “падштурхоўвае” сапраўдных творцаў пісаць пра тое, што хвалюе усіх: наша, пра нас. І гэты верш найперш помніцца мне з гэтай прычыны. І сапраўды,  “Не дай сабе права забыць той куток, // Дзе зведаў пяшчоту матулі, // Дзе першы зрабіў у жыцці сваім крок, // І голас твой людзі пачулі”.  

   Голас паэта Міхася Болсуна сёння чуюць людзі не толькі на Гомельшчыне, паэт жыве ў Гомелі, не толькі на малой радзіме, дзе яго паважаюць і шануюць, а і ва Украіне, Расіі: там яго перакладаюць. Яго кнігі выстаўляліся на Мінскіх міжнародных выстаўках-ярмарках. Дарэчы, ён Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі Баяна (Расія), некалькіх літаратурных прэмій Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі. І – Ганаровы грамадзянін роднага Чачэрскага раёна. Для паэта такая адзнака землякоў – вельмі дарагая. Яна  сведчыць, што землякі не аддзяляюць яго ад сваіх спраў, ад свайго лёсу. А ён — свой ад іхніх. Яны шануюць стваральнае слова паэта. У такім слове ў грамадства  асаблівая патрэба: ствараем.  І слова такіх пісьменнікаў, як М. Болсун, і многія іншыя – падцвяржэнне гэтаму. А лёс творцы, калі ён сапраўдны  — неад’емны ад лёсу людзей, народа, Айчыны. А ўсё іншае  наноснае, нам не патрэбна. Прымаем тое,  што з дабром да людзей. Так заўсёды было ў нас і будзе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика