Менавіта такі вывад напрошваецца, калі чытаеш новую кнігу Аляксея Бычкова “І не забудзь пра мяне” (“И не забудь про меня») (Мазыр, «Калор», 2020). Яе склалі дзве п’есы: “І не забудзь пра мяне” і “Букет для Папялушкі” (“Букет для Золушки»).

Аўтар – вядучы акцёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, рэжысёр, драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Піша на беларускай і рускай мовах, аўтар многіх кніг і п’ес, пастаўленых у  розных тэатрах нашай краіны.

У новую кнігу ўключаны дзве п’есы, якія дапаўняюць адна другую, прапагандуюць сямейныя каштоўнасці, вернасць сям’і і родным людзям, паказваюць імкненне герояў да дабра і актыўнае супрацьдзеянне злу.

У першым творы Аляксей Бычкоў праўдзіва адлюстроўвае сучаснае жыццё гарадской сям’і, у якой загінуў гаспадар: засталіся яго маці, жонка і дзве дачкі – жаночае царства. На першым часе ім цяжка ў новай сітуацыі, калі не стала надзейнага мужчынскага пляча, тым не менш яны змагаюцца з нягодамі, якія нечакана зваліліся на іх. Асноўным стрыжнем, які не толькі ўтрымаў  сям’ю, дзе пачаліся праблемы, але зрабіў яе яшчэ больш маналітнай,  выступае бабуля  Вера Фёдараўна Парошына. Яна нясе ў сям’ю пазітыў, клапоціцца і дапамагае ўсім словам і справай,  праяўляе шчодрасць, дэманструе аптымізм, веру ў людзей і справядлівась. Мяркую, нездарма аўтар даў ёй такое імя. Менавіта гэтая энергічная жанчына робіць усё магчымае для шчасця іншых. Таму хоць і не  ўсе героі п’есы жывуць пад адным дахам, іх сям’я ўяўляе сабой менавіта дом, свой агульны дом.

Другі твор паказвае жыццё дзіцячага дома, дзе выхаванцы таксама па-сутнасці ўяўляюць адну, толькі вялікую і складаную, сям’ю. І тут часта вельмі няпроста наладзіць добразычлівыя, шчырыя адносіны паміж “сямейнікамі”. Напрыклад, адна з гераінь, выхаванка Лера ў спрэчцы ў запале  дакарае дырэктара дзіцячага дома Святлану Мікалаеўну: “У вочы ж вы па-добраму ўсё казалі: “Ты мне, як дачка”, “Ты мой гонар”, а на справе вы ні на хвіліну не можаце дапусціць, каб ваш сын ажаніўся з дзетдомаўкай”. Але ж імкненне да дабра і справядлівасці, увага і павага да іншых даюць магчымасць і тут зрабіць сям’ю, нават такую, шчаслівай. Хаця, па словах дырэктара дзіцячага дома, дзіця павінна жыць у сям’і. А мацярынская любоў – вышэй усяго: самая моцная, надзейная, здольная тварыць цуд…

За гэтую кнігу Аляксею Бычкову прысуджана прэмія імя Кірылы Тураўскага за 2020 год. Трэба адзначыць, што драматург  быў ужо ўганараваны такой прэстыжнай прэміяй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта за іншую кнігу і ў 2015 годзе. А яшчэ ў 2001 годзе выйшла кніга гэтага пісьменніка “Цудоўная казка – прыгожая песня”, куды ўвайшлі чатыры п’есы-казкі для дзяцей. П’есы “Прыгоды маленькай Бабы Ягі” і “Цудоўная казка – прыгожая песня” былі пастаўлены на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра і на сцэне рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў Мінску. У 2013 годзе выдадзена п’еса “Не только оружием” пра лёс і дзейнасць графа М.П.  Румянцава. Сцэнічная версія  гэтай п’есы “Каханне на адлегласці зорак” была ажыццёўлена ў Гомелі на сцэне Палаца Румянцавых і Паскевічаў.

Што яшчэ цікава ў біяграфіі драматурга і рэжысёра Аляксея Бычкова: ён – куратар і непасрэдны ўдзельнік шведска-беларускага праекта “Тэатр у турме” (з 2004 года).

Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика