ПАЛАЖЭННЕ

аб правядзенні адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Сям’я – аснова кахання і шчасця”, прысвечанага 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

         Адкрыты абласны літаратурны конкурс эсэ і замалёвак “Сям’я – аснова кахання і шчасця”, прысвечаны 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна праводзіцца з  20 кастрычніка  2020 года па 15 студзеня 2021 года.

Заснавальнікам і арганізатарам конкурсу з’яўляецца Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

Як вядома, Іван Шамякін быў моцным сем’янінам. З будучай жонкай пазнаёміўся ў 5 класе, у 19 гадоў пажаніліся. У шчаслівым шлюбе пражылі 58 гадоў. Ні вайна, ні жыццёвыя выпрабаванні не змаглі разлучыць закаханых. Гэта прыклад сапраўднай беларускай сям’і, якая і павінна заставацца самай галоўнай каштоўнасцю ў дзяржаве.

Літаратурны конкурс праводзіцца з мэтай стварэння і папулярызацыі таленавітых твораў, прысвечаных сям’і і сямейным каштоўнасцям, сямейным традыцыям, пошук твораў, якія адлюстроўваюць сучасную рэчаіснасць, з мэтай выяўлення  і падтрымкі таленавітых аўтараў. 

Аўтары ўдзельнічаюць у конкурсе самастойна і добраахвотна. Да ўдзелу ў ім дапускаюцца  творы, якія раней  не былі апублікаваныя. Пры гэтым аўтары гарантуюць, што ўсе аўтарскія правы на гэтыя творы належаць менавіта гэтым аўтарам і выключнае права на іх публікацыю не перададзена трэцім асобам.

Удзел у конкурсе могуць прыняць усе жадаючыя аўтары з 14 гадоў.

Аўтары падаюць наступны пакет дакументаў:

– тэкст твора – эсэ ці замалёўкі (да 4000 знакаў з прабеламі) на беларускай мове.

 – заяўку на ўдзел у конкурсе (у ёй абавязкова  павінна быць змешчана анатацыя твора, паведамляецца  прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, месца працы альбо занятак, сацыяльны стан,  хатні адрас, кантактны тэлефон).

Творы і заяўкі накіроўваюцца ў электронным фармаце (камп’ютарны набор, шрыфт Times New Roman 14 пт, міжрадкоўны інтэрвал “адзінарны”) з паметкай “На конкурс “Сям’я – аснова кахання і шчасця” на электронны адрас: konkurslitgspb@yandex.by.

Калі аўтар не прадстаўляе поўны пакет дакументаў, аргкамітэт мае права адхіліць твор ад удзелу ў конкурсе. Факт падачы заяўкі сведчыць аб згодзе аўтара, у выпадку перамогі ў конкурсе, на размяшчэнне дадзенага твора ў друкаваных і электронных СМІ, у тым ліку і на наступную магчымую публікацыю гэтага твора на безганарарнай аснове ў альманаху «Літаратурная Гомельшчына» ці ў міжнародным альманаху “Літара”, іншай друкаванай прадукцыі, якая можа быць выпушчана па выніках конкурсу. Пры гэтым за аўтарам захоўваюцца выключныя аўтарскія правы на апублікаваныя творы, як падчас дзеяння дадзенага конкурсу, так і пасля яго.

Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца творы, якія культывуюць гвалт, наркаманію, крымінальнныя праяўленні, індывідуальныя псіхічныя адхіленні, агрэсіўнае непрыманне грамадства. Не разглядаюцца творы, якія ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку, а таксама якія спрыяюць  нацыянальнай, расавай або рэлігійнай варожасці.

Творы, прадстаўленыя на конкурс, не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца. Перапіску з аўтарамі аргкамітэт конкурсу не вядзе. Члены журы не могуць удзельнічаць у конкурсе.

Вынікі конкурсу аб’яўляюцца не пазней 8 лютага 2021 года на сайце арганізатара конкурсу і яго партнёраў, паведамляюцца ў СМІ рэспублікі.

Вынікі конкурсу падводзяцца журы, склад якога зацвярджае Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Журы  калегіяльна вызначае лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу.

Крытэрыі ацэнак журы: валоданне літаратурнай беларускай мовай; пісьменнасць; мастацкая выразнасць і арыгінальнасць твора; творчая самастойнасць.

Вынікі працы журы афармляюцца пратаколам. Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і перагляду не падлягае.

Па  выніках   конкурсу  праводзіцца  ўзнагароджанне  пераможцаў ( адно першае месца, два другіх месцы, тры трэціх месцы)  з уручэннем памятных  дыпламаў  заснавальніка і арганізатара конкурсу. Прадугледжваюцца таксама ўзнагароджванне і заахвочвальнымі дыпломамі.  Пераможцам прысвойваецца ганаровае званне «Лаўрэат адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Сям’я – аснова кахання і шчасця”, прысвечанага 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна”.

Аргкамітэтам, фундатарамі, асобнымі ўстановамі і арганізацыямі могуць быць заснаваны спецыяльныя прызы для пераможцаў конкурсу.

Узнагароджанне пераможцаў праводзіцца ва ўрачыстым мерапрыемстве з удзелам заснавальнікаў конкурсу, прадстаўнікоў  пісьменніцкай грамадскасці, дзеячаў культуры.

Палажэнне зацверджана рашэннем Савета Гомельскога абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ( пратакол № 11 ад 14.10.2020 года).

    Аргкамітэт.                                                      

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика