Вы ведаеце, якія салодкія сны зімой бачыць мядзведзь? А ці ў правільным парадку запальвае святло святлафор на гарадскіх вуліцах? Чаму з ледзяка, што з даху звесіўся, раптам весела паляцелі кропелькі на зямлю? Пра што марыць пяцігадовая Насцечка, у якой хутка дзень нараджэння?

На ўсе гэтыя пытанні дашкольнікі, а таксама школьнікі пачатковых класаў даведаюцца, калі разгорнуць новую каляровую кніжку вершаў Анатоля Мохарава. Называецца яна  гэтак жа, як аднайменны верш паэта “Сон мядзведзя”.

Цікава, што дзіцячае выданне выйшла ў выдавецтве “Гомельская праўда” адразу на двух мовах – пераклад на беларускую мову твораў Анатоля Мохарава зрабіла яго жонка, Людміла Мохарава. Акрамя гэтага, зборнік вершаў для дзетак менавіта дзеці разам з аўтарам і хораша праілюстравалі. Перад тым, як рукапіс двухмоўнай кніжкі апынуўся ў выдаўцоў, яго ўважліва пачыталі навучэнцы мастацкага аддзялення дзяржаўнай установы адукацыі “Навагутская сярэдняя школа мастацтваў Гомельскага раёна”. Кацярына Чаравач, Яраслаў Булавін, Макар Якаўцаў, Кацярына Дземідзенка, Хрысціна Прачук намалявалі прыгожыя малюнкі па матывах вершаў, якія ім асабліва спадабаліся. Да асобных твораў і сам аўтар падрыхтаваў фотаілюстрацыі. Атрымалася  прыгожа і вельмі пазнавальна.

Дарэчы, у паэта Анатоля Мохарава (ён член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расійскага саюза пісьменнікаў) “Сон мядзведзя” гэта не першая кніга для дзяцей. Яго пяру належаць зборнікі “Настачкіны вершы”, “Хмарка па небе ляцела”, “Чароўны свет”, “Я малюю”, “У свеце загадак”, “На двары”, якія (як і зборнікі паэзіі для дарослых) дагэтуль выходзілі толькі на рускай мове. Бясспрэчна, новая кніга прыйдзецца даспаподы самаму дапытліваму чытачу.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

Фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика