На гэтым аспекце акцэнтаваў увагу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч удзельнікаў абласнога творчага семінара, прысвечанага Году якасці. І гэта не выпадкова.
На жаль, часам сёння з друку выходзяць зборнікі лірыкі і прозы, якія недастаткова прапрацаваныя аўтарамі. Як правіла, гэта найперш адносіцца да аматараў. Выдавецтвы, асабліва прыватныя, нягледзячы на гэта, бяруць заказ на выданне з-за жадання атрымаць хуткі прыбытак. І – атрымліваюць.
А што атрымлівае ў выніку чытач?
У выдавецтвах добра калі выправяць памылкі. Якасць зместу застаецца прэрыгатывай малавопытнага аўтара. Такім чынам, кніга выходзіць без належнай рэдактуры. У аўтарскай рэдакцыі. Такое быць не павінна, бо падрываецца сама духоўная аснова кнігі, павага да яе, губляецца адукацыйная і выхаваўчая функцыі. Якраз на гэты важны аспект і звярталі ўвагу творцы на семінары. І размова, прама скажам, была прынцыповая. Праз практычны разбор не рукапісаў, а ўжо выдадзеных на тэрыторыі рэгіёна кніг.
Глыбокі аналіз кнігі “Вся жизнь – подвиг” Фёдара Казака і зборнікаў Аляксандра Масальскага зрабіла на семінары Тамара Кручэнка, член савета абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, кіраўнік творчых семінараў. Адзначаны і станоўчыя бакі першага зборніка публіцысткі, але і шмат названа агрэхаў, якія варта было б выправіць да выхаду кнігі.
“Уважлівы погляд на кнігу “Шоколадная просьба, или Чудеса случаются» Наталлі Шэметковай прадставіла празаік Яніна Бераснёва, член абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Кніга, на яе думку, удалая, высокамастацкая. Але і парады аўтару ад калегі, каб было яшчэ лепей, не перашкодзяць.
Сур’ёзны аналіз дастаткова моцнай у мастацкім плане празаічнай кнігі “Ничто не случайно” Галіны Радзіёнавай прадставіла Наталля Шастакова, член абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Малады творца Юрый Ціцюра пакуль робіць толькі першыя крокі ў паэзіі. Яго рукапіс вершаў быў таксама прааналізаваны вельмі ўважліва. І аўтар быў удзячны члену Савета абласнога аддзялення Саюз пісьменнікаў Беларусі Міхасю Болсуну за парады, крытыку і рэкамендацыі, у якім накірунку працаваць далей.
Семінары, прысвечаныя якасці, гэта, вядома, і добрая вучоба. Напрыклад, на гэты, пятнаццаты па ліку, прыехалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання з Мазыра. У значнай ступені, семінары дапамагаюць шмат каму, хто бярэцца за пяро. Арганізатары не выпадкова запрашаюць штомесячна на іх аўтараў-пачаткоўцаў і прафесіяналаў, каб пазнаёміцца з лепшым, што стварылі мясцовыя творцы, адначасова імкнуцца заўважыць творчы рост і падтрымаць маладыя парасткі, прааналізаваць, даць ацэнку ўсёй выдавецкай прадукцыі, якая прэтэндуе на званне мастацкай Кнігі. Бо кніга не можа быць другога гатунку, а толькі вышэйшага.
М.ІГНАТОВІЧ
Прэс-служба ГАА ГА «СПБ».