12 лістапада спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка

Ён надзвычай сучасны аўтар, Андрэй Ягоравіч Макаёнак, наш зямляк, ураджэнец вёскі Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельшчыны. Тэмы, якія драматург адлюстроўваў у сваіх творах у 20-м стагоддзі, надзвычай актуальныя і сёння, у веку 21-м. Па-ранейшаму актуальна тэма гаспадарання ў вёсцы, кроўная сувязь з роднай зямлёй, карэннямі роду. Народу нашаму ва ўсе часы ненавісна здрадніцтва, прыстасаванства, падхалімства.

Нездарма ў 70-я гады мінулага стагоддзя спектаклі па п’есах А. Макаёнка ішлі ў 200 тэатрах СССР і далёка за межамі. 700 разоў ігралі для гледачоў у Маскоўскім тэатры сатыры “Зацюканага апостала”. Знакамітыя расійскія акцёры Андрэй Міронаў, Анатоль Папанаў, Вера Васільева, Спартак Мішулін, Аляксандр Шырвінт і многія іншыя былі задзейнічаны ў макаёнкаўскай драматургіі. А з “Лявоніхай на арбіце” акцёры нацыянальнага Купалаўскага тэатра пабывалі, лічы, у кожнай беларускай вёсцы, дзе меўся клуб са сцэнай з шырмай. У самім тэатры на гэты спектакль  былі задзейнічаны 4 акцёрскія саставы…

У мемарыяльнай зале А.Я.Макаёнка

…У пасляваенным 1946-м ва ўласнаручнай аўтабіяграфіі Андрэй Ягоравіч пісаў: “…у 1938 годзе скончыў 10 класаў Журавіцкай сярэдняй школы. У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, дзе праслужыў да 1942 года ў якасці нам. палітрука, палітрука роты. У 1942 годзе ўдзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў  у Крыму, дзе быў паранены. Пасля ранення і лячэння дэмабілізаваны з РККА…”

Так, паранены пад Феадосіяй у 1942-м,  Андрэй Ягоравіч лячыўся ў шпіталях Краснадара і Баку, але з асколкамі ў нагах, з гэтымі горкімі пазнакамі вайны , папрацаваўшы год ваенруком у адной са школ Грузіі, ён вярнуўся  на родную Рагачоўшчыну… Пісьменнік спяшаўся жыць, спяшаўся сказаць усяму свету сваю праўду жыцця. Ім створаны сапраўды неўміручыя шэдэўры. У 1974 годзе за п’есы “Трыбунал” і “Таблетку пад язык” А. Макаёнак адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР  імя Якуба Коласа.

У час заняткаў Школы міру і патрыятызму, 2024 год

Шчырае шматгадовае сяброўства звязвала Андрэя Макаёнка з земляком Іванам Шамякіным. Пра прыезды сябра на дачу ў Церуху Іван Пятровіч дзяліўся: “Сапраўдным святам было, калі прыязджаў Андрэй, з маладой прыгожай Ленай, з малымі Алай  і Сяргеем. Андрэй захапляўся спінінгам. Мы ехалі да Сожа і цэлы дзень сцёбалі блёснамі па вадзе, як правіла, без улову. А дзеці купаліся, гулялі на лузе…”

На Гомельшчыне годна ўшаноўваецца памяць пра народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка. У 1986 годзе ў Журавічах адкрыты літаратурны музей пісьменніка. Да 80-годдзя з дня нараджэння драматурга ў 2000-м годзе ў цэнтры аграгарадка ўстаноўлены бюст. Імя А.Макаёнка носяць вуліцы ў Гомелі і Мінску. У зале ўрачыстых паседжанняў у Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў увекавечаны знакавыя гістарычныя асобы нашага краю, сярод іх і А. Макаёнак.

Мемарыяльная зала, прысвечаная жыццю і творчасці  народнага пісьменніка Беларусі, драматурга, сцэнарыста Андрэя Макаёнка створана ў Гомельскай абласной бібліятэцы ў 2016 годзе. Любоў Іванаўна Макаёнак, другая жонка пісьменніка, пагадзілася тады перадаць ў дар бібліятэцы практычна ўвесь архіў класіка з іх мінскай кватэры.. Цяпер у адметнай скарбонцы  гомельскай  “ленінкі” ў прадстаўнікоў розных пакаленняў  ёсць мажлівасць пабываць і далучыцца сэрцам да лёсу земляка.

Тамара Кручэнка

Яндекс.Метрика