Літаратурна-музычную праграму-прэзентацыю “Свята добрых слоў” арганізавала на фестывалі кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, прымеркаваўшы яе да Года гістарычнай памяці. Удзельнікамі творчай акцыі сталі не толькі вядомыя пісьменнікі, але і аўтары-пачаткоўцы, акцёры і юныя ўдзельнікі творчых конкурсаў.

У цэнтры падзеі – прэзентацыя адразу чатырох нумароў абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына” і міжнароднага альманаха “Літара”, што выйшлі з друку ў няпросты перыяд пандэміі каронавіруснай інфекцыі ў 2020-2021 гадах. Як адзначыў іх складальнік і галоўны рэдактар, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч, за мінулае дзесяцігоддзе выдадзена 20 нумароў “Літаратурнай Гомельшчыны”. Прыемна, што мастацкія выданні знайшлі годнае месца ў бібліятэках вобласці і краіны, пры чым яны незаоежваюцца на паліцах, а згодна статыстыцы кнігавыдач, запатрабаваны чытачом.

Гэтаксама, па сведчанні супрацоўнікаў бібліятэк і водгуках чытачоў,  цёпла сустрэты і новы міжнародны альманах “Літара”, які стаў друкаваным культурна-асветніцкім праектам лідара абласнога аддзялення СПБ і друкаваным органам Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”. Сёлета ж зацікаўлены чытач зможа пачытаць вельмі цікавы і аб’ёмны, звыш паўтысячы старонак, восьмы нумар выдання.

Сярод аўтараў гэтых абодвух альманахаў – знакавыя творцы. Так, пад адной вокладкай “Літары” сустрэліся літаратары з Беларусі, Расіі і Украіны. Гэта – Мікола Мятліцкі, Ізяслаў Катляроў, Соф’я Шах, Уладзімір Саламаха, Міхась Болсун, Міхась Сліва, Ніна Шклярава, Валянціна Кадзетава-Арэстава і многія іншыя. З расійскага боку – Мікалай Іваноў, Святлана Савіцкая, Васіль Дварцоў, Уладзімір Сарочкін, Вадзім Цярохін, Леанід Север, Мікалай Зіноўеў, Святлана Макарава, Людміла Ашэка… З украінскага – Анатоль Міроненка, Лілія Бандарэвіч – Чарненка і многія іншыя.

         Амаль два дзясяткі беларускіх творцаў у межах праграмы з удзячнасцю выступілі са сваімі творамі на галоўнай фестывальнай сцэне. Некаторыя з іх нават былі і адзначаны за сваю творчую працу і асабісты ўнёсак у папулярызацыю кнігі і чытання. Так, граматамі абласной пісьменніцкай суполкі ўганараваны паэт і перакладчык Міхась Болсун, празаік і паэтэса Надзея Дзімітрыева (нядаўна яны адзначылі юбілеі). Добрае слова было сказана і ў адрас лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага, драматурга, рэжысёра, вядучага майстра гомельскай сцэны Аляксея Бычкова.  Творца адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Беларусі. Ён пастаянны аўтар альманахаў і яркі прапагандыст твораў славянскіх літаратараў, стварыў шмат песен на вершы многіх з іх. Як падарунак прысутным, А.Бычкоў выканаў сваю песню на словы паэта  Леаніда Севера – шчырага прапагандыста славянскай еднасці, якому днямі прысуджана міжнародная прэмія “Вернасць слову”. Таксама ўручаны білет члена Саюза пісьменнікаў Беларусі вядомаму навукоўцу, прафесару і яркаму публіцысту-аналітыку Юрыю Плескачэўскаму.

На “Свяце добрых слоў” выступіў з канцэртнымі нумарамі на матывах твораў гомельскіх паэтаў кампазітар і аўтар-выканаўца Віктар Задарожны; з новымі паэтычнымі радкамі падзяліліся з чытачом, напоўніўшы іх душы словамі разумнымі, светлымі, добрымі, сардэчнымі. лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Тамара Кручэнка, Вольга Раўчанка, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Валерый Ветошкін, Дар’я Дарошка, Наталля Шастакова, пісьменнікі Святаслаў Крупенька, Галіна Рагавая, Ганна Атрошчанка, а таксама маладыя аўтары Уладзімір Чараухін, Аліна Рыцік і юныя лаўрэаты абласных літаратурных конкурсаў. У многіх гамяльчан, нягледзячы на не вельмі прыветны на надвор’е дзень,  іх добрыя словы і добрыя песні знайшлі самы шчыры водгук.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час правядзення “Свята добрых слоў”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика