Год малой радзімы

Жыві, мая вёска!

Сёлета палеская вёска Пагост будзе адзначаць сваё 500-годдзе. Гэтае старадаўняе сяло знаходзіцца на Тураўшчыне, у міжрэччы Прыпяці і Сцвігі, у адным з самых прыгожых і маляўнічых месц Беларусі.

У вёскі ўнікальнае месцазнаходжанне, надзвычай цікавы лёс. Бо не кожнаму паселішчу выпала гістарычна знаходзіцца ў акружэнні лясных угоддзяў і водных прастораў, а цяпер быць тэрытарыяльна ў складзе Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, створанага  ў 1996 годзе на базе аднайменнага запаведніка і Прыпяцкага прагібу. А гэта – велізарная прастора паміж Старобінам, Жыткавічамі, Туравам і Петрыкавам, дзе ёсць багацейшыя залежы гаручага сланцу, бурага вугалю, торфу, гліны, пяску, сапрапелі і іншай мінеральнай сыравіны.

Што яшчэ адметна: жыхары Пагоста збераглі духоўную спадчыну і ўвайшлі ў дваццаць першае стагоддзе з сабранай і сістэматызаванай разнастайнай песеннасцю, традыцыямі і абрадамі, прычым у не кранутым часам выглядзе. Такое наўрад ці знойдзеш у іншых рэгіёнах нашай краіны! У вёсцы і цяпер  жывуць самабытныя паданні і легенды, якія перайшлі з мінулых вякоў, вядомы дзівосныя прадметы быту, шматлікія рэліквіі і сімвалы – сапраўдныя культурныя каштоўнасці народа.

Выдатны падарунак сваім землякам з нагоды юбілею малой радзімы зрабіў ураджэнец Пагоста Міхась Кузьміч. Пісьменнік, публіцыст, кандыдат філасофскіх навук, аўтар многіх кніг, лаўрэат літаратурных прэмій і носьбіт заслужаных ганаровых званняў і ўзнагарод, ён падрыхтаваў і выдаў кнігу “Мой Пагост” (летапіс вёскі з адступленнямі) (Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2020 год).  Гэта выданне на беларускай  мове – другое па ліку (першае выйшла ў свет у 2018 годзе на рускай мове), творча перапрацаванае і дапоўненае. Дарэчы, такая ўнікальная кніга ў нашай краіне была напісана і выдадзена аўтарам  упершыню, што адзначалася многімі даследчыкамі. Праца аб’ёмам больш чым дваццаць улікова-выдавецкіх лістоў з ілюстрацыямі прысвечана адной вёсцы! Аўтар сродкамі роднай мовы перадаў гучанне і прыгажосць, напоўненыя паэзіяй і сэнсам, назваў пагосцкіх сенажацяў, маленькіх азёр, ручаін, палёў і гаёў. Прывёў мноства мясцовых тапонімаў, расшыфраваў іх значэнне. Паказаў пакаленне самабытных людзей, якія пакінулі на роднай зямлі незабыўны след. Пісьменнік з любоўю і замілаваннем адзначае: “…не бачыў нідзе вёскі, якая б нагадвала нашу. Пагост належыць да аднаго з самых маляўнічых паселішчаў краіны і сярод іх шматлікасці вылучаецца сваімі непаўторнымі рэальнымі жыццёвымі асаблівасцямі”.

У сваёй  гісторыка-дакументальнай хроніцы, дзе выкарыстаны шматлікія архіўныя даныя і матэрыялы друку,  Міхась Кузьміч прасочвае гісторыю сваёй вёскі ад самых яе вытокаў, з часу  яе “нараджэння”. Ён піша: “У некаторых крыніцах існуе спасылка на тое, што ўпершыню вёска ўпамінаецца ў летапісе Тураўскага краю ў пачатку  ХVI стагоддзя (…). У 1520 годзе князь Канстанцін Астрожскі, якому яна належала, перадаў яе ў валоданне Тураўскаму Свята-Успенскаму сабору. Гэтая дата лічыцца яе нараджэннем, вобразна кажучы, годам “нараджальнага крыку”. Сам акт перадачы, або дарэння, пацвярджае згадку пра тое, што Пагост існаваў раней. Для мяне значнасць упамінання ўяўляе сабой тую гістарычную першааснову, на якую можна нанізваць услед, як пацеркі на нітку, факты, падзеі, лічбы, справы, лёсы землякоў не аднаго пакалення. А гэта значыць – усё тое, што завецца сялянскім жыццём”.

І трэба аддаць належнае аўтару – кніга атрымалася грунтоўная: з дакументальнай дакладнасцю выкладзены важнейшыя факты з гісторыі Пагоста ад даўніны да нашых дзён, дадзена аб’ектыўная характарыстыка сацыяльна-эканамічнага развіцця паселішча ў кантэксце са становішчам у раёне, вобласці, краіне,  праўдзіва паказана жыццё палешукоў у самыя пераломныя перыяды.  Пісьменнік стварыў яркія, запамінальныя вобразы сваіх землякоў, якія ў любых умовах знаходзілі шчасце ў добрасумленнай працы на  зямлі, мужна змагаліся з нягодамі, якія прыносілі ім прыродныя і грамадскія катаклізмы.  З гонарам расказвае ён пра дасягненні жыхароў Пагоста ў шматлікіх галінах дзейнасці, асабліва ў савецкія часы, калі пагастчане па выніках сваёй працы неаднаразова былі ўдзельнікамі прэстыжных  выставак і форумаў, атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды і пашану. А выдатных людзей у гэтай вёсцы заўсёды было вельмі многа! І амаль пра кожнага аўтар расказаў, прасачыў за іх лёсамі, часта складанымі і трагічнымі. Цікава, што самі жыхары вёскі, якія паспелі ўжа азнаёміцца са зместам кнігі, адзначаюць гэты характэрны момант: іх зямляк, які на славу папрацаваў над выданнем,  стварыў цудоўны пісьмовы помнік лепшым людзям Палесся!

Не абмінуў аўтар кнігі і трагічныя моманты ў жыцці роднай вёскі, яскрава адлюстраваў падзеі, якія адбываліся тут у час  Першай сусветнай вайны, Грамадзянскай вайны, у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Паказаў мужнасць і гераізм нашых людзей, а таксама гора і пакуты, якія давялося перанесці мірным жыхарам падчас войнаў і іншых катаклізмаў.  Паклапаціўся і пра спісы тых, хто загінуў ад рук гітлераўцаў і іх паслугачоў, хто пабываў у нямецкім рабстве.

Міхась Кузьміч шчыра прызнаецца: “Кожны новы дзень наш пачынаецца з раніцы. А ў мяне яшчэ з вяртання ў думках у вёску, да бацькоўскага дому, магілы бацькоў, да Тура, Прыпяці і Сцвігі, да тых сцежак і бальшакоў, якія памятаюць нашае басаногае дзяцінства. Туды, дзе заўсёды проста ад глыбокага ўсведамлення, што нічога ў жыцці не паўтараецца і не вяртаецца. Дзеянне з рознымі адценнямі западае ў душу, як рытуал і як малітва для верніка”.

Хвалюе яго і далейшы лёс роднай вёскі. І ён выказвае свае патаемныя і галоўныя пачуцці: “Жыві, родная вёсачка, жыві доўга, наш непаўторны прыстанак, абуджай у кожным лепшыя пачуцці і высакародныя намеры! Няхай для цябе заўсёды, пры любых абставінах знойдзецца месца на гэтай прыгожай, Богам блаславёнай міжрэчанскай зямлі!” На яго думку, як бы, што і колькі ні гаварылі філосафы новай сучаснай свабоды і касмапаліты, няма чалавека без Радзімы – вялікай духоўнай каштоўнасці. І мы  шчаслівыя, што ў нас ёсць яна, маленькая кропка на агромністай карце планеты!

Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика