ГЭТА ЎСЁ НА ЎЛОННІ РАДЗІМЫ
У роздуме “Твая заступніца, Радзіма” (“СГ” ад 9 лістапада 2021 года), расказваючы пра паэтычныя здабыткі Соф’і Шах, паведаміў, што паэтэса стварыла “Дыядэмную споведзь”— вянок вянкоў вянкоў санетаў (15 узаемазвязаных вянкоў вянкоў санетаў, або 224 вянкі, ці 3375 узаемапераймальных санетаў – са школы вядома). Некаторыя калегі здзіўляліся: неверагодна!.. Чакаем, калі так. І вось нарэшце гэтая незвычайная паэтычная кніга ў 640 старонак, над якой аўтар працавала не адзін год, выйшла ў выдавецкім доме “Беларуская навука”. І адразу ж вялікая ўвага да выдання незвычайная: факт такі пакуль адзіны не толькі ў нашай, але, мабыць, і ва ўсёй славянскай літаратуры.
Сапраўды здзіўляе: няма ні ў каго, а тут – у нас!.. А чаму б і не? Падумаў: але ёсць такое, што хтосьці лічыць нас, беларусаў, на многае няздатнымі. Маўляў, усё лепшае недзе… І адкрыцці таксама. І літаратура… Што да літаратуры, дык скажам так: а вы нашу пачытайце! Цнатлівую, сумленную, шчырую. Ды павучыцеся дабрыні і чалавечнасці, калі так… А пра ўсё астатняе, дык загляніце ў нашу гісторыю. Многа знойдзеце таго, што менавіта ў нас упершыню. Вось, напрыклад, і нядаўняя выстаўка “Беларусь інтэлектуальная” паказала: мы далёка не апошнія ў гэтым свеце. Так што – навука, тэхніка, вытворчасць…
Але зноў да літаратуры. Тут духоўнае. Канкрэтна – “Дыядэмная споведдзь” Соф’і Шах. І ў ёй усё наша, роднае. Праз яе, Соф’і Мікалаеўны, у многім асабістае. Праз яе – жанчыны, маці, каханай – спавядальнасць. Праз якую, па вызначэнні выдатнага паэта Ізяслава Катлярова, “стагоддзі збліжаюцца і аддаляюцца”. Калі асабістае перастае быць уласным і набывае мастацкае абагульненае ўвасабленне. Але “Жылі калісьці продкі на зямлі… // У гэтым дзіўнаганічога ўрэшце: // калі ёсць я, жыву на белым свеце, // то, значыць, і дзед з бабаю былі.”
Але амаль дзіцячае, пра што, мабыць, кожны з нас задумваўся ў маленстве, калі пачынаў усведамляць, які вялікі свет жыцця і які яго сэнс. Скажу так, паэтычны запеў да ўсяго твора: ёсць я, мы, наша сёння і будзе заўтра… З чаго іх пачатак? Ды з жыцця продкаў, помных і няпомных. З іх спраў, якія павінны знаходзіць працяг у нашых справах… І нядзіўна, што прадмовы да “Дыядэмнай споведзі” Соф’і Шах напісалі акадэмік Аляксандр Каваленя і паэт Ізяслаў Катляроў. Але як своеасаблівы сплаў глыбіні ведаў айчыннай гісторыі, рэальных яе фактаў і – літаратуры, яе тэорыі.
Чытачам ад навукоўца: “Народжаная сусветным слоўным мастацтвам форма санета вядома ў Беларусі з лёгкай рукі Мялеція Сматрыцкага (1577-1633 – У.С), а пазней – Адама Міцкевіча ( у перакладах і аўтарскіх творах выкарыстоўвалася лацінская і польская мовы). Як сведчаць гісторыкі літаратуры, беларускае гучанне санет набыў дзякуючы айчынным літаратарам – Максіму Багдановічу і Янку Купалу”. Далей гісторык пералічвае некаторых нашых творцаў, якія “эпізадычна” звярталіся да згаданай літаратурнай формы. Заўважае, што “санетарый” айчыннага прыгожага пісьменства на сучасным этапе папаўняецца і намаганнямі паэтэсы з Гомельшчыны – Соф’і Шах…”
На знакамітага паэта Катлярова, яго веды ўжо спасылаўся. Да месца будуць і яго словы пра зварот паэтэсы да памяці продкаў: “Адкуль такое прасторавае натхненне? Ну вядома ж, ад родных Азарыч, ад поля за імі, ад рачулкі Вішы, ад мілай вулачкі Піянерскай, ад незабыўнай хаткі… Ад маці. (Памяці ёй, сваёй маме – Лукер”і Адамаўне Шах дачка прысвяціла кнігу.— У.С.) І ад уласнага сумлення, якое адразу ж набывае адзіна магчымую даверлівую інтанацыю.” І далей падказвае надзвычай важнае: “Апорна-сэнсавыя словы: продкі, бацькі, маленства, школьныя гады, студэнцтва, выкладчыцкая праца ў вёсцы, нараджэнне дачушкі…” Словам, усё асабістае жыццёвае, у многім такое ж, як і ў кожнага з нас. А калі ўдумацца, дзе гэта адбывалася і адбываецца – і радаснае, і не вельмі (інакш у жыцці не бывае), – дык на ўлонні Радзімы. Там, “дзе і спяваць, і гараваць лягчэй”. Дзе кожнага з яе, Радзімы, дачок і сыноў “доўгу высілкі не прападуць…” На любой ніве. І творчай таксама. Але ў паэтэсы, надзвычай чуллівай да праяў жыцця, вельмі пяшчотна, так, як можа быць у адданай дачкі: усё на “ўлоннейку” Радзімы. І гэтае паэтычнае “улоннейка” успрымаеш як наогул сімвал мацярынства…
Безумоўна, у літаратуры – як і ў жыцці. У жыцці, рэальных справах – навука, вытворчасць ва ўсіх яе праявах, у сельскагаспадарчай таксама… І тое, што пакінулі нам папярэднікі. Яно – на “падмурках” здзяйсненняў нашчадкаў. І ў літаратуры, пабудаванай на духоўных памкненнях, – таксама зробленае папярэднікамі, – глеба для асновы новага. Не супастаўляючы “санетныя” здабыткі паэтэсы Соф’і Шах і яе папярэднікаў, канстатую: наша сучасніца здзейсніла тое, пра што многія з іх марылі. Марылі, не зважаючы на тое, што, паўтаруся, лічылася быццам практычна немагчымым. Але стварыць вянок вянкоў вянкоў санетаў…
Соф’я Шах ужо з першых крокаў у літаратуры, з юнацтва, зацікавілася санетам. І, дасканала вывучыўшы гэтую спадчыну класікаў, смела ўзялася за стварэнне вянка вянкоў вянкоў санетаў. А яна, наша гэтая спадчына, багатая. Да названых аўтараў дададзім найбольш значных. Тут, вядома ж, Якуб Колас, Паўлюк Трус, Максім Танк, Ніл Гілевіч, Янка Сіпакоў, Анатоль Сербантовіч і шэраг іншых. (Пра нашых сучаснікаў, якія працавалі і працуюць у жанры санета, гаварыў у папярэднім матэрыяле пра С. Шах). І хаця Катляроў у сваёй прадмове нагадвае прозвішчы нямала каго з тых, хто ў розныя часы ў розных літаратурах прысвячаў сябе санету, важным застаецца тое, што мы тут маем уласны беларускі літаратурны вопыт. І цяпер ён узбагаціўся “Дыядэмнай споведдзю” Соф’і Шах. Так што наша літаратура, якой бы маладой у параўнанні з іншымі ні была, годна развівалася і развіваецца сёння!..
Ствараючы санетную дыядэму, С. Шах, як разумеем, менш за ўсё думала пра яе як аб факце літаратуры. Уласны жыццёвы вопыт паэтэсы як творцы і проста грамадзянкі сваёй краіны, свет асабістых пачуццяў у розныя перыяды жыцця і погляды на рэчаіснасць далі ёй багаты літаратурны матэрыял аб жыцці наогул. Ён творча пераасэнсоўваўся, каб стаць нашым агульным. І высокая духоўнасць аўтара, помная духоўнасць яе родных і блізкіх, наогул духоўнасць людзей, скіраваная на стваральнасць, надзвычай уражвае ў гэтай незвычайнай споведзі нашай сучасніцы. І ўсё – праз сваю родную мову. І калі некаторыя названыя акадэмікам Каваленяй папярэднікі карысталіся рознымі мовамі ў сваёй “санетнай” творчасці, дык, падкрэслю, Соф’я Шах – сучаснай беларускай. Той мовай, адной з дзвюх нашых дзяржаўных, пра якую Аляксандр Лукашэнка на ўручэнні прэмій “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і “Беларускі спартыўны Алімп” сказаў так: “Следует помнить, что от того, как мы бережём чистоту родного языка, какие праздники и символы пускаем в свой дом, зависит будущее наших детей”.
Але ў творчасці С. Шах – і беражлівыя адносіны да мовы, і родныя святы з крынічнай чысцінёй, і светлыя сімвалы жыцця народа… Чытаеш і захапляешся мілагучнасцю і вобразнасцю роднай мовы, усім нашым добрым і светлым. І думаеш: і ў нашай мове неабмежаваныя магчымасці выяўлення чалавечага духу, адлюстравання гісторыі, сучаснасці, уяўлення будучыні…
Безумоўна, чытачы, калегі, моваведы, тэарэтыкі літаратуры яшчэ скажуць сваё слова пра “Дыядэмную споведзь” Соф’і Шах. Будуць спрачацца, згаджацца і не згаджацца, верыць і не верыць, што гэта наогул магчыма… Магчыма! Так сцвярджае паэтэса ўсёй сваёй творчасцю. Дадам, у нас, на нашай зямлі ўсё магчыма! На зямлі, дзе пануе шчырасць яе людзей, іх дабрыня, спагада, узаемаразуменне.
Р.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч паведаміў, што Савет абласнога аддзялення за стварэнне гэтага выдатнага твора вылучыў Соф’ю Шах на саісканне Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры.
Надрукавана ў “Сельской газете”, ад 28.01.2023 г., стар. 24.